Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Сёньня Ўладзімер Пуцін прынёс прысягу і ў трэці раз стаў прэзыдэнтам Расеі. Карэспандэнт нашага радыё ў Маскве Томас Балмфорт паспрабаваў апісаць інаўгурацыю Пуціна ў лічбах.

3 – колькасьць заляў Вялікага Крамлёўскага палаца, у якіх адбылася цырымонія. Інаўгурацыя праходзіла ў Георгіеўскай, Аляксандраўскай і Андрэеўскай залях Крамля, як і тады, калі Пуцін упершыню ўступіў на пасаду прэзыдэнта 7 траўня 2000 году. Да гэтага інаўгурацыі Барыса Ельцына ў 1991 і 1996 гадах праходзілі больш сьціпла ў Крамлёўскім палацы зьездаў.

6 – колькасьць гадоў новага тэрміну Пуціна ў Крамлі. Прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў, які сыходзіць з Крамля праз чатыры гады, падоўжыў прэзыдэнцкія тэрміны ад чатырох да шасьці гадоў, а гэта азначае, што яго настаўнік Пуцін можа кіраваць да 2018 году, і, магчыма, да 2024 году.

10 – вытрымка каньяку расейскай вытворчасьці, які падаецца на банкеце з нагоды інаўгурацыі. Стол будзе сэрвіраваны выключна расейскімі прадуктамі. Сярод він – Піно Алігатэ «Вялікі Ўсход» і шампанскае «Абраў-Дзюрсо». Мэню ўключае ў сябе мясную закуску з гароднінай у грыбным соўсе, вэнджанага палтуса з салатам, смажаную качку і салат з морапрадуктаў з авакада. Сярод закусак – смажаны камчацкі краб пад капучына з какосавага малака. Галоўная страва – стэйк з асятра, фаршаваны гароднінай пад соўсам з шампанскага.

63,6 – адсотак галасоў, зь якімі Пуцін перамог на прэзыдэнцкіх выбарах 4 сакавіка 2012 году. У 2000 годзе ён выйграў з 53% галасоў, а ў 2004 годзе атрымаў 72%. Мядзьведзеў атрымаў 70% у 2008 годзе.

71 – узрост Пуціна ў 2024 годзе. Калі ён застаецца ў Крамлі яшчэ на два тэрміны, выйграўшы выбары ў 2018 годзе, напрыканцы тэрміну кіраваньня яму будзе 70 гадоў.

1996 – апошні год, калі замежныя лідэры былі афіцыйна запрошаныя на інаўгурацыю. Гэтым разам казахскі друк упэўнена пісаў, што прэзыдэнт Назарбаеў будзе запрошаны на цырымонію за яго нязьменную падтрымку мытнага саюзу. У той жа час украінскі друк сьцьвярджаў, што прэзыдэнт Януковіч адхіліць запрашэньне, паколькі паміж Кіевам і Масквой застаюцца супярэчнасьці з нагоды газавых кантрактаў. Але на інаўгурацыю не былі запрошаныя ні Назарбаеў, ні Януковіч. Сярод вядомых замежных гасьцей на цырымоніі прысутнічалі былы канцлер Нямеччыны Герхард Шродэр і былы прэм'ер-міністар Італіі Сільвіа Бэрлюсконі – абодва ў якасьці асабістых сяброў Пуціна. Адным зь першых візытаў Пуціна на пасадзе прэзыдэнта будзе візыт у Кітай. Ён чакаецца ўжо ў чэрвені. Пра гэта паведаміў прадстаўнік міністэрства замежных спраў Расеі.

3000 – колькасьць гасьцей, якія запаўнялі тры залі Крамля. Сярод іх чальцы Савету Фэдэрацыі, дэпутаты Дзяржаўнай Думы, судзьдзі Канстытуцыйнага суду, кіраўнікі дыпляматычных місій, прадстаўнікі ўраду і фэдэральных органаў улады, «сыстэмнай» апазыцыі, у тым ліку мільярдэр, а цяпер апазыцыйны палітык Міхаіл Прохараў, а таксама прадстаўнікі праваслаўнай царквы. Апошні прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў таксама ў сьпісе гасьцей.

5000 – кошт у рублях ($ 170) памятных мэдалёў, якія былі ўручаныя гасьцям, што абышлося расейскім падаткаплатнікам у 10 млн. Рублёў ($ 340,000).

25-30 тысяч – колькасьць людзей за кратамі, якіх лідэр ЛДПР Уладзімер Жырыноўскі абяцаў вызваліць у выпадку сваёй перамогі. Сярод іх – удзельніцы панк-гурту Pussy Riot і Таісія Осіпава, апазыцыянэрка, якая патрапіла ў турму з абвінавачаньнем у захоўваньні наркотыкаў, якія, паводле яе, былі ёй падкінутыя паліцыяй.

1 мільён – колькасьць пратэстоўцаў, якіх апазыцыя зьбіралася вывесьці на вуліцы ў нядзелю (6 траўня), за дзень да інаўгурацыі, каб прадэманстраваць, што яны не прызнаюць легітымнасьць прэзыдэнцтва Пуціна. Насамрэч акцыя «Марш мільёнаў» сабрала некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

15 мільёнаў – меркаваны кошт у рублях ($ 510,000), які трэба было заплаціць, каб атрымаць месца побач з высокапастаўленымі чыноўнікамі на банкеце пасьля цырымоніі. Гэтыя зьвесткі падаў рэпартэр часопіса «Forbes», які ўзяў інтэрвію ў кіраўніка прыватнай кампаніі, якая сьцьвярджае, што займалася арганізацыяй інаўгурацыі разам з прэзыдэнцкай адміністрацыяй. Былі і больш танныя квіткі за 6 мільёнаў рублёў, але яны не давалі ўладальніку права выбіраць, дзе сесьці. «Forbes» адзначае, што бізнэсоўцы хацелі мець магчымасьць сядзець побач з асабліва уплывовымі чыноўнікамі, каб вырашыць свае канкрэтныя праблемы. Крамлёўская адміністрацыя назвала гэта махлярствам, яна адмаўляе, што нейкая прыватная кампанія рыхтавала інаўгурацыю разам зь ёй. http://www.forbes.ru/sobytiya/vlast/80971-kak-zarabotat-na-putine

26 мільёнаў – кошт у рублях ($ 890,000) усёй цырымоніі, паводле запісу ў каштарысе дзяржаўных выдаткаў.

260 мільярдаў – валавы ўнутраны прадукт Расеі (ВУП) у далярах у 2000 годзе, калі Пуцін стаў прэзыдэнтам (паводле зьвестак Сусьветнага банку).

1 трыльён 791 мільярдаў – ВУП Расеі ў далярах цяпер, калі Пуцін вяртаецца ў Крэмль (згодна са зьвесткамі ЦРУ ЗША).
XS
SM
MD
LG