Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 траўня Аляксандар Лукашэнка зьвернецца са штогадовым пасланьнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу.

Выступ кіраўніка краіны будзе перадавацца ў жывым эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» і па Першым канале радыё. Трансьляцыя з Авальнай залі Дома ўраду пачнецца аб 11-й гадзіне.

Прамова была заплянаваная яшчэ на сярэдзіну красавіка, аднак Лукашэнка накіраваў тэкст на дапрацоўку — паводле крыніцаў, найперш яго не задаволіла прапісаная ў дакумэнце афіцыйная пазыцыя адносна санкцыяў Эўразьвязу.

Якую лінію абярэ Лукашэнка падчас заўтрашняга выступу? Ці будзе шукаць унутраных ворагаў, якія нібыта хочуць падарваць стабільнасьць у краіне?

Меркаваньне экс-дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі, былога генэральнага дырэктара заводу спэцыяльнай тэхнікі «Амкадор» Васіля Шлындзікава:

«Унутраных ворагаў, як мне падаецца, настолькі складана яму знайсьці і прыплесьці да нашых бедаў, што, здавалася б, такі варыянт выключаны. Але, з улікам усіх апошніх заяваў Лукашэнкі, зусім ня выключана, што ён будзе казаць — маўляў, ёсьць тыя, хто радуецца нашым часовым праблемам, якія мы, тым ня меней, пасьпяхова пераадольваем. Зноў жа ўшчыкне „пятую калёну“, увогуле апазыцыю. Так што ў такім духу, мне здаецца, будзе размова.

Зь іншага боку, цяпер у Беларусі створаныя такія ўмовы, што практычна ўсе — і людзі бізнэсу, і ўвогуле неляяльныя да ўлады грамадзяне — абстаўленыя вялізнай колькасьцю сьцяжкоў. Гэта падобна да таго, як паляўнічыя расстаўляюць сьцяжкі на ваўкоў, а потым іх адстрэльваюць. Дык нешта такое і ў нас. Так, ніхто не хацеў бы быць такім загнаным ваўком, але ўладу мала цікавіць — жадаеш ты ім быць ці не? І што б Лукашэнка ні гаварыў, каго б ні абвінавачваў, зразумела адно: нас чакаюць вельмі цяжкія часы».

Паслухаць Лукашэнку запрошаныя вышэйшыя чыноўнікі, чальцы ўраду, кіраўнікі буйных прадпрыемстваў і органаў дзяржаўнага кіраваньня, прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG