Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомае вызначэньне дэмакратыі, якое даў Уінстан Чэрчыль — самы кепскі спосаб кіраваньня, але іншыя яшчэ горш. Мог бы проста сказаць, што самы лепшы, але наўрад ці выбраў такую дыялектычную форму толькі з любові да парадоксаў.

Проста недахопы, скандальнасьць, бясьсільле, пэўная нават несправядлівасьць дэмакратыі навідавоку.

Апошняе Чэрчыль спазнаў на сябе, калі ў 1945 годзе ангельцы забалятавалі яго, пераможцу ў вялікай вайне, а аддалі перавагу блякламу Этлі, якога сам Чэрчыль называў «авечкай у аўчынай скуры». Але менавіта гэтая відавочнасьць парокаў дэмакратыі робіць магчымымі іх пераадоленьне і лячэньне. Пры іншых спосабах кіраваньня бруд, памылкі, карупцыя — пад дываном, усе здаецца правільным і непахісным, пакуль аднойчы не абрынаецца дашчэнту. Пры дэмакратыі прыходзяць і сыходзяць урады, але захоўваецца дзяржаўны лад.

Выбары, якія адбыліся ў мінулую нядзелю ў Эўропе, пацьвердзілі абедзьве часткі чэрчылевага вызначэньня.

Францыя: Плата за рэформы


На погляд вонкавага назіральніка вынікі францускіх выбараў былі нечаканымі і не зусім справядлівымі. Сарказі атрымаў перамогу ў лібійскай вайне, якой Францыя змыла ганьбу суэцкай экспэдыцыі 1956 году, яго жорсткія рэформы зрабілі францускую эканоміку больш канкурэнтаздольнай, ды і паводле асабістай харызмы ён даваў сто ачкоў наперад свайму канкурэнту-сацыялісту. Лідэры іншых эўрапейскіх дзяржаваў, у прыватнасьці, Нямеччыны і Вялікабрытаніі, настолькі перасьцерагаліся, што пры прэзыдэнце Аляндзе ўсе пляны ўратаваньня Эўропы ад крызісу пойдуць прахам, што амаль у адкрытую раілі французам пакінуць Сарказі ў Елісейскім палацы. Але... французы вырашылі інакш.



Тыя ж рэформы дорага каштавалі Сарказі — дастаткова прыгадаць сацыяльную буру, якую выклікала рашэньне аб падвышэньні пэнсійнага ўзросту, вайна таксама выклікала неадназначную рэакцыю ў грамадзтве, экстравагантны стыль паводзінаў прэзыдэнта таксама, відаць, крыху ўстыў. Ня ўсім, зразумела, але тых, хто супраць, аказалася больш, чым тых, хто за.

І зьмена гаспадара Елісейскага палацу стала справядлівай у нейкім вышэйшым сэнсе. Ну не па душы французам англасаксонская сацыяльна-эканамічная мадэль — дык яны гэта і выказалі праз выбарчыя скрыні.
Праўда, вынікі выбараў — гэта папярэджаньне і Алянду, ўсё ж амаль палова краіны прагаласавала за ягонага апанэнта. Гэта значыць, што ў яго няма мандату на зусім ужо круты паварот дзяржаўнага руля.

Да таго ж наперадзе — выбары ў парлямэнт, які кіраўнік дзяржавы ня можа ігнараваць.

У другім туры прэзыдэнцкіх выбараў Франсуа Алянд атрымаў 51.62% галасоў,
Нікаля Сарказі — 48.38%.
Яўка на выбары — 81.03%


Сэрбія: крайнасьці сходзяцца на сярэдзіне


Назіральнікі адзначалі, што канкурэнты Тадзіч і Нікаліч падчас кампаніі нібыта мяняліся ролямі: лібэрал і адэпт эўрапейскага шляху краіны Тадзіч рабіў націск на сэрбскі нацыяналізм, нацыяналіст Нікаліч тлумачыў, што ён таксама за Эўропу. Ідэі гэтыя, здаецца, ня надта спалучаюцца. Але пакліканьне палітыкаў ў тым і палягае, каб фармуляваць, спалучаць часам супярэчлівыя памкненьні свайго народу. У каго атрымалася лепш, той узнагароджваецца ўладай. А спосаб параўнаньня, ў каго атрымалася лепш — той самы, «самы кепскі».

Томіслаў Нікаліч

Дарэчы, імкненьне сэрбаў да памяркоўнасьці праявілася і ў тым, што на парлямэнцкіх выбарах, якія праходзілі ў адзін дзень з прэзыдэнцкімі, яны аддалі вельмі мала галасоў апанэнтам эўраінтэграцыі — Радыкальнай партыі, лідэр якой Ваіслаў Шэшаль ужо 9 гадоў знаходзіцца ў турме Гааскага трыбуналу. Партыя наагул не патрапіць у парлямэнт, хаця на мінулых выбарах яна апярэдзіла ўсіх канкурэнтаў.

Борыс Тадзіч

Борыс Тадзіч

У першым туры прэзыдэнцкіх выбараў Борыс Тадзіч атрымаў 26.8%, Таміслаў Нікаліч 25.6%. Яўка на выбары — 58.7%.




Грэцыя: далоў абавязкі перад ЭЗ і МВФ


А ў Грэцыі па выніках выбараў ўрадавая кааліцыя страціла большасьць, партыі, якія ўваходзяць у яе — правая «Новая дэмакратыя» і сацыялістычная ПАСОК — атрымалі адпаведна 19% і 13% галасоў, а на другое месца з 17% галасоў выйшла левая партыя «Сірыза», якая выступае за адмову ад фінансавых абавязацельстваў Грэцыі перад Эўразьвязам і МВФ. Дарэчы, пераможцы — «Новая дэмакратыя» — таксама лічаць неабходным перагляд гэтых абавязацельстваў.

Палітычныя вынікі вельмі розныя. Сэрбы прагаласавалі ў прынцыпе за эўраінтэграцыю, хаця і зь вялікімі агаворкамі, французы і грэкі — хутчэй за агаворкі да эўрапейскага праекту, якія пагражаюць яго далейшаму існаваньню.

Біржы ўжо адрэагавалі на вынікі францускіх і грэцкіх выбараў падзеньнем каціровак. Іншымі словамі, бізнэс станоўчых наступстваў ад гэтага народнага волевыяўленьня не чакае.

Гэта ўсё да таго, што меў рацыю вялікі ангелец — самы кепскі спосаб.

Ну а чаму іншыя яшчэ горш? Таму што шмат было сказана пра тое, што эўрапейскаму праекту бракуе народнай легітымнасьці, што гэта ў значнай ступені праект эліт і бюракратый. Вынікі выбараў у Францыі і Грэцыі — сыгнал аб гэтай ненармальнай сытуацыі, нагадваньне тым самым элітам, што народ і яго меркаваньне маюць значэньне. Калі сыстэма аказваецца штучнай і нежыцьцяздольнай, то лепш зьмяніць яе зараз, атрымаўшы такі сыгнал, чым чакаць яе абрынаньня, што магло б адбыцца, калі б сыстэма ня мела зваротнай сувязі, імя якой — дэмакратыя. І ня выключана, што выбары ў Францыі і ў Грэцыі — пачатак пераходу да зусім іншага Эўразьвязу, вельмі істотна адрознага ад цяперашняга.




Шкада крыху цяперашняга. Але, як казаў суайчыньнік Чэрчыля Бэрнард Шоў, дэмакратыя — гэта гарантыя таго, што намі кіруюць ня лепш, чым мы таго заслугоўваем. І суцяшэньне — што без дэмакратыі народы часам трапляюць пад кіраваньне значна горшае, чым тое, якога яны заслугоўваюць.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG