Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзідра Сьмільцена: «Ня ўсе разумеюць пагрозы ад таталітарызму»


Дзідра Сьмільцена з ксяндзом касьцёла Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Станіслава Раманам Факсінскім падчас прэзэнтацыі фільму "Малітва і крыж"

Дзідра Сьмільцена з ксяндзом касьцёла Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Станіслава Раманам Факсінскім падчас прэзэнтацыі фільму "Малітва і крыж"

5 траўня ў магілёўскім касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Станіслава быў прэзэнтаваны дакумэнтальны фільм латыскай рэжысэркі Дзідры Сьмільцены «Малітва і крыж».

Дэманстрацыя стужкі адбылася ў рамках Дзён памяці пакутніка за веру, біскупа Баляслава Слосканса. Аўтарка фільму, спадарыня Смільценя, адказала на некалькі пытаньняў Беларускай службы Радыё Свабода.

Карэспандэнт: «Спадарыня Дзідра, фільм „Малітва і крыж“ — пра што ён, што вы ім хацелі сказаць?»

Дзідра Сьмільцена: «Калі проста казаць, то пра нашага латыскага біскупа Баляслава Слосканса. Але ня толькі пра яго. Мы празь ягоны жыцьцёвы шлях хацелі паказаць сытуацыю, якая была ў Расеі, Беларусі ды Латвіі. У Савецкім Саюзе ў пасьлярэвалюцыйны час руйнавалі цэрквы, была забароненая рэлігія, арыштоўвалі сьвятароў і забівалі іх. Жыцьцёвы шлях біскупа быў зьвязаны з тымі падзеямі».

Карэспандэнт: «Чаму, на вашую думку, савецкі таталітарны рэжым гэтак зацята зьнішчаў сьвятароў ды руйнаваў цэрквы?»

Дзідра Сьмільцена:
«Таталітарныя рэжымы наагул зьнішчаюць ня толькі сьвятароў ды цэрквы. Яны вынішчаюць інтэлігенцыю. Калі чалавек неадукаваны і не адухатвораны, то ім лягчэй маніпуляваць. І сёньня ёсьць дзяржавы, якія хочуць мець паслухмяных людзей, якія не супраціўляюцца — згодныя з тым, што ім даюць. Разумнымі ж людзьмі дужа цяжка кіраваць. Яны ведаюць, чаго яны ад жыцьця хочуць. У іх патрабаваньні ў духоўным пляне вышэйшыя, чым у матэрыяльным».

Карэспандэнт: «Як цяпер у Латвіі ўспрымаюцца падзеі савецкага мінулага? Як рэагуе моладзь, пачуўшы пра іх?»

Дзідра Сьмільцена:
«Адэкватна ўспрымаюць. Моладзь разумее, што такое таталітарны рэжым. У нас шмат паказваюць перадач з гістарычнымі тлумачэньнямі. Акрамя таго, у нас, у латышоў, дужа моцны патрыятычны дух. Моладзь разумее, што адбудзецца, калі ня будзе свабоды для чалавека. Ёсьць, на жаль, іншыя краіны, напрыклад, Расея, дзе гэта пакуль ня ўсе разумеюць. У нас ёсьць таксама такія людзі. Яны вырасьлі ў таталітарнай дзяржаве, альбо прыехалі ў Латвію жыць, альбо нарадзіліся ў Латвіі, але ў сям’ях, дзе іначай тлумачылі гісторыю. Такія людзі ўспрымаюць падзеі таталітарнага мінулага ня так, як было. Каб пераадолець гэта, трэба прайсьці дужа цяжкі шлях тлумачэньняў. На жаль, патлумачыць можна таму чалавеку, які хоча тлумачэньні пачуць. Калі ня хоча, то ён іх ня ўспрыме, як ні старайся».

Карэспандэнт: «Моўны рэфэрэндум у Латвіі. Якія ў яго былі прычыны і якія высновы зрабілі латышы пасьля яго?»

Дзідра Сьмільцена: «Я лічу, што гэта ўсё зьвязана з палітыкай Расеі, якая выдаткоўвае вялікія сродкі, каб раскалоць нашае грамадзтва — на расейцаў і латышоў. Ёсьць такія арганізацыі, якія створаныя для гэтага. Іх настройваюць такім чынам. У нас ёсьць у Латвіі праграмы інтэграцыі, паводле якіх латыскую мову прапануюць вучыць зь дзіцячых садкоў. І праблемаў тут няма. У мяне сусед расеец. Зь ім няма ніякіх праблемаў. Ён гаворыць па-латыску, а я ведаю расейскую мову. Мы маленькі народ. Любая другая дзяржаўная мова, ня толькі расейская, для нас як для нацыі — сьмерць. Гэты рэфэрэндум дапамог нам зноў стаць на ногі. Мы разам сказалі, што ў нас будзе адна мова — латыская».



Латыш Баляслаў Слосканс у жніўні 1926 году быў прызначаны апостальскім адміністратарам Магілёўскай і Менскай дыяцэзіі. Пасьля году біскупскага служэньня ў верасьні 1927 году Слосканса арыштавалі і выраклі да прымусовых прац на Салаўках. За шэсьць гадоў няволі сьвятар прайшоў праз 17 вязьніц Гулагу. Латыскі касьцёл выступае за кананізацыю сьвятара.

Фільм «Малітва і крыж» пачалі здымаць у 1993 годзе — на стагодзьдзе Баляслава Слосканса. У 2008 годзе праца над стужкай была завершана. У фільме шмат хронікі. Здымачная група за час працы над стужкай наведала Салавецкі манастыр, Беларусь, а таксама краіны Эўропы, дзе прапаведаваў Слосканс. Сьвятар да апошніх хвілінаў жыцьця прагнуў вярнуцца ў Беларусь. Памёр у Бэльгіі 18 красавіка 1981 году. 10 кастрычніка 1993 году прах Баляслава Слосканса перапахавалі ў Латвіі, у крыпце Англонскай базылікі.
XS
SM
MD
LG