Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Так, адзін за адным, супраць уласнай волі, трапляюць людзі ў «чорны сьпіс» Эўрапейскага Зьвязу.

Хоць — чаму «людзі»? Мільёны людзей штогод спакойна перасякаюць мяжу гэтага найбуйнейшага міждзяржаўнага аб’яднаньня, наўпрост гледзячы ў вочы памежнікам і ведаючы, што атрыманая віза гарантуе рэалізацыю іх права на свабоднае перасоўваньне ўнутры ЭЗ. Значыць, гаворка ня можа ісьці пра якія-небудзь чалавеканенавісьніцкія ўстаноўкі эўрапейскіх чыноўнікаў і заканадаўцаў.

Можа быць, справа ў тым, што тыя, каго закранулі санкцыі — грамадзяне Беларусі?

Леанід Козік

Леанід Козік

Не. У Беларусі пражывае сёньня звыш дзевяці з паловай мільёнаў грамадзян. Колькасьць нашых суграмадзян, якія рэгулярна атрымліваюць шэнгенскія і нацыянальныя візы ў пасольствах дзяржаў-чальцоў ЭЗ, штогод расьце — нягледзячы на візавыя санкцыі супраць тых беларусаў, хто атрымаў «чорную метку». Расьце і таваразварот паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам. Значыць, не зьбіраецца ЭЗ адгароджвацца ад Беларусі сьцяной забаронаў і прапускаць па калючым дроце, які ўсё яшчэ «ўпрыгожвае» нашу мяжу, электрычны ток? Тады адкуль гэты самы «чорны сьпіс»?

Павал Якубовіч

Павал Якубовіч

Можа быць, ня варта паўтараць бясконца пра «падвойныя стандарты»? Бо не трапляюць у гэтыя самыя «чорныя сьпісы», пэрлінамі якіх зьяўляюцца дзейны кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік і рэдактар "Советской Белоруссии" Павел Якубовіч, ні прафсаюзная актывістка Марыя Цыбліенка, ні журналісты Ніна Каралева і Ігар Кольчанка. Ды і санкцыі супраць Уладзімера Пефціева і Юрыя Чыжа ніяк не адбіліся на «уязной» здольнасьці іх намесьнікаў — мэнэджэраў фірм, якія ім належаць. Гэта значыць, не па фармальнай прыкмеце, а выключна па асабістых заслугах, на падставе нейкай інфармацыйнай базы аб канкрэтных дзеяньнях канкрэтных асобаў, фармуецца гэты самы злашчасны сьпіс.

Былі б у сапраўды гэтыя самыя «падвойныя стандарты», «чорную метку» разам з Козікам атрымалі б ўсе члены ФПБ. Ці, ва ўсякім выпадку, усе журналісты «Советской Белоруссии» — разам з Паўлам Ізотавічам.

Але — не атрымліваюць. Чатыры мільёны членаў ФПБ, якімі прызвычаіліся казыраць прафсаюзныя функцыянэры, спакойна перасякаюць межы ЭЗ — у выпадку ўзьнікненьня адпаведнага жаданьня. А Козік вымушаны праводзіць час за межамі аб’яднанай Эўропы.

Лідзія Ярмошына

Лідзія Ярмошына

Ды і падначаленыя Лідзіі Ярмошынай, кіраўнікі ўчастковых і раённых выбарчых камісій пакуль усё яшчэ не пазбаўлены права на ўезд ні ў Польшчу, ні ў Літву, а таму спакойна бяруць у аблогу гандлёвыя цэнтры ў Вільні і Беластоку, забываючы аб «перавазе» таго ладу, якому яны гэтак добрасумленна служаць, удзельнічаючы ў «электаральным працэсе з нечалавечым тварам». І няма ў анкетах графы: «Ці быў у выбарчых камісіях на выбарах і рэфэрэндумах 2004 і 2006 гг.?» І, хутчэй за ўсё, не будзе.

Справа, на наш погляд, не ў наяўнасьці падвойных стандартаў, а проста ў наяўнасьці стандартаў. Існуюць стандарты дэмакратыі. Існуе разуменьне таго, што прынята, а што не прынята ў прыстойным грамадзтве. Скажам, не прынята саджаць у турмы ў масавым парадку кандыдатаў у прэзыдэнты і чальцоў іх перадвыбарных штабоў. Прычым, як высьвятляецца, не прынята гэта ня толькі ў Эўропе, але і ў саюзнай Аляксандру Лукашэнку Расеі: успомнім насьцярожана зьдзіўленую рэакцыяй на падзеі 20 сьнежня 2010 г. тагачаснага яе прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева. Ды і дзеяньні расейскіх уладаў у адносінах да ўласнай апазыцыі ў электаральны сэзон 2011-12 гг. сапраўды пакліканыя былі паслаць мэсыдж той жа самай Эўропе і Амэрыцы: «Не-е-е, хлопцы, мы — не Беларусь! Не такія мы! »

І вось сапраўды. Чураў — ужо на што «чараўнік» па частцы электаральных маніпуляцый, а на адну дошку з Лідзіяй Ярмошынай яго ўсё-такі не паставілі, як ён там ні гарэзіў.

Уладзімер Пефціеў

Уладзімер Пефціеў

Скажаце: што не дазволена быку, дазваляецца Захадам Юпітэру. І ўжо будзь у Беларусі ядзерная зброя, яе кіраўніцтву і не такое б сышло з рук. Але вось ёсьць, скажам, так званы «сьпіс Магніцкага», са сваімі «чорнымі меткамі» — і ніякая «атамная дубінка» яго існаваньне не перакрэсьлівае. Расейскі бізнэсмэн Сяргей Магніцкі быў пазбаўлены волі па несправядлівым рашэньні расейскага суду і памёр у расейскай турме ў выніку неаказаньня яму своечасовай дапамогі. І зьявіўся «чорны сьпіс» з шасьцідзесяці прозьвішчаў асобаў, і ня толькі тых, хто выносіў рашэньні, але і тых, хто ўзбагаціўся ў шэрагу выпадкаў непасрэдна ў выніку вынясеньня гэтых рашэньняў — у тым ліку і пацягнуўшых за сабой сьмерць Магніцкага.

МЗС і Дума Расейскай Фэдэрацыі грымелі заявамі аб умяшаньні ва ўнутраныя справы Расеі і ціску на судовыя органы. Не дапамагло. Працэдура наданьня «чорнага сьпісу» заканадаўчай сілы ў Эўрапейскім парлямэнце пачалася. Парлямэнты Вялікабрытаніі, Канады, Кангрэс Злучаных Штатаў Амэрыкі вядуць яе. Шэсьцьдзесят прозьвішчаў — за адзін труп. І ўсё пагрозы Дзьмітрыя Мядзьведзева скласьці аналягічны сьпіс «неўязных» зь дзяржаваў, якія прымуць адпаведнае рашэньне, на самай справе не азначаюць, што Расея адмаўляе факт таго, што здарылася з Магніцкім. Проста крымінальная справа распачатая супраць «стрэлачнікаў» — супраць лекара, які лячыў вязьня, і начальніка мэдчасткі турмы. Але — распачатая. І відавочна, што ісьці яна будзе пад пільным наглядам сусьветнай супольнасьці.

Стала быць, справа не ў «атамнай дубінцы».

Акрамя таго, Расея — чалец Рады Эўропы, і рашэньня Страсбурскага суду па правах чалавека абавязковыя для выкананьня яе ўрадам. І рашэньні гэтыя, як вядома, далёка не заўсёды прыемныя расейскаму кіраўніцтву. Але Расея з Рады Эўропы не выходзіць. І — як сустрэчная ветлівасьць — зьяўляюцца рашэньня таго ж Страсбурскага суду, якія цалкам задавальняюць Расею, але выклікаюць грымасы некаторых дзяржаваў — чальцоў ЭЗ і НАТА, скажам, Латвіі.

Гэта значыць, што справа і ня ў тым, наколькі тая ці іншая дзяржава інтэграваная ў эўрапейскія структуры, наколькі верным саюзьнікам ЗША па Эўраатлянтычнаму блёку яна зьяўляецца.

Але, запярэчыць мне кампэтэнтны чытач, Беларусь жа не прымаюць у Раду Эўропы! Вось ён — падвойны стандарт! Прыміце нас у Раду Эўропы — і мы адразу навучымся дэмакратыі і будзем ёй адпавядаць!

Вось тут — дудкі! Таму што гэта як раз і будзе сьведчыць аб падвойных стандартах Эўропы. Бо нават Расея, уступаючы ў Раду Эўропы, не абяцала вучыцца дэмакратыі і дасягаць нейкіх там стандартаў, а гэтыя стандарты прыняла безумоўна. Напрыклад, узяла на сябе абавязацельства не ўжываць сьмяротнае пакараньне. І — не ўжывае.

Я не кажу, што норавы ў Расеі ад гэтага моцна палепшыліся і сталі зусім ужо вэгетарыянскія. Зелімхан Яндарбіеў і Аляксандар Літвіненка сьведкі таму: не, не сталі. Але, скажам, Салман Радуеў, за асуджэньне якога па артыкуле «злачынствы супраць чалавечнасьці» я б прагаласаваў на судзе прысяжных з чыстым сумленьнем, памёр у расійскай турме сваёй сьмерцю. Памёр — а ня быў расстраляны.

А Беларусь — яна патрабуе для сябе выключэньня з правілаў? Каб прынялі нас у Раду Эўропы — бязь зьменаў у заканадаўстве? Без павышэньня ўзроўню празрыстасьці судовай сыстэмы, без рэальнай барацьбы з чынавенскай прыхамацьцю і карупцыяй, без перадачы турмаў хоць бы пад адносны кантроль грамадзянскай супольнасьці і свабоднай прэсы? Не будзе гэтага! Навучыцеся паводзіць сябе, прадэманструйце адпаведнасьць стандартам — тады і прымуць.

Юры Чыж

Юры Чыж

Шанец, дарэчы, быў. І справа тут ня толькі ў падзеях апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх першапачаткова ішоў такі, прашу прабачэньня, «разгул дэмакратыі», што нават масьцярыца гатаваньня баршчоў Лідзія Ярмошына сур’ёзна разьлічвала на спакойную пэнсію. Справа ў тым, што беларускае кіраўніцтва сур’ёзна пераконвала Эўропу ў гатоўнасьць калі не адмяніць сьмяротнае пакараньне на заканадаўчым узроўні, то, па меншай меры, увесьці мараторый на прывядзеньне ў выкананьне сьмяротных прысудаў. А заадно ўжо — раз пайшла такая п’янка! — увесьці пасаду ўпаўнаважанага па правах чалавека: каб і зусім усё было, як у прыстойных людзей.

Не пабітае шкло цэнтральнага ўваходу ў Дом урада адкінула нас ад Эўропы. І нават не дубінкі генэрала Куляшова — па вялікім рахунку. Дакладней, ня толькі яны. Ключавую ролю адыгралі санкцыі Генэральнай пракуратуры пад майстэрскім кіраваньнем Рыгора Васілевіча, ўтрыманьне ў СІЗА і сьледзтва пад кантролем Вадзіма Зайцава і суды, у ходзе якіх, як высьвятляецца зь інтэрвію таго ж прафэсара Васілевіча, Валянцін Сукала хаваўся за мантыі судзьдзяў, якія атрымлівалі (і якія атрымалі) сваю долю «чорных метак».

Паласаты памежны слуп разрастаецца і ператвараецца ў цагляную сьцяну

Ня лютая прапаганда сайтаў Хартыі і Белпартызана, не газэтныя старонкі «Народнай Волі» і «Нашай Нiвы», не эфір «Свабоды» і «Эўрарадыё» з «Рацыяй» ачмурылі эўрапарлямэнтароў і эўраміністраў: маўляў, дрэнна усё ў сінявокай нашай і азёрнай Беларусі. Не. А вось раздрукоўкі артыкулаў з «Советской Белоруссии» і запісы эфіраў Белтэлерадыёкампаніі цалкам маглі пераканаць у гэтым. У тым, што ў мэдыі, існуючых на грошы падаткаплацельшчыкаў, частка гэтых самых падаткаплацельшчыкаў — прычым не такая ўжо і нязначная частка, як можа здацца, — сыстэматычна абражаецца і дыскрымінуецца па ідэалягічнай прыкмеце.

І што б не паўтаралі спадары Зіссер, Сацук et cetera, ніхто ў Эўропе не паверыць, што беларуская апазыцыя і грамадзянская супольнасьць вымусілі Аляксандра Лукашэнку падпісаць сьмяротны прысуд у дачыненьні да Уладзіслава Кавалёва. Не стаялі Саньнікаў зь Някляевым ў прэзыдэнцкім кабінэце з «берэттамі» у руках, не пагражалі расстраляць яго і яго сям’ю, калі не падпіша ён гэты самы сьмяротны прысуд і не дасьць сыгнал амаль неадкладна прывесьці яго ў дзеяньне.

І, нарэшце, ніхто не скажа ў Эўропе, што гэта Мілінкевіч з Шушкевічам казалі ў Эўропе адно, а ў Менску іншае: што, маўляў, трэба пачакаць, што рэжым вось-вось лібэралізуецца і зьмякчыцца, а потым, прыехаўшы на радзіму, пазыцыю сваю мянялі на дыямэтральна процілеглую. Ніхто. Пазыцыя і гэтых шаноўных дзеячаў, і іншых заяўлялася галосна. Выступаў Мілінкевіч супраць санкцый — дык ён і выступае. Патрабаваў Шушкевіч іх ўзмацненьня — дык вось і сёньня патрабуе. А вось спадароў Мартынава з Макеем эўрапейцы цалкам могуць абвінаваціць у крывадушнасьці. Дастаткова параўнаць тое, што яны казалі ў Эўропе, і тое, што заяўлялі ў беларускіх дзяржаўных мэдыях. Думаецца, пратаколы сустрэч нашых беларускіх мудрацоў з эўрачыноўнікамі таксама калі-небудзь будуць апублікаваныя — не ўсё ж публікаваць насуперак закону матэрыялы справаў, якія яшчэ не паступілі ў суды.

Не пабітае шкло цэнтральнага ўваходу ў Дом урада адкінула нас ад Эўропы

Значыць, хлопцы, — усяго вы самі дамагліся. Самі сфармавалі ўмовы, пры якіх Эўропа пачала адгароджвацца ад беларускіх уладаў. Самі стварылі сьпіс асобаў, датычных да фальсыфікацый і рэпрэсій, — як спачатку самі ж сфармавалі і сьпіс асобаў, якія падазраюцца ў датычнасьці да зьнікненьняў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага — гэтакі прадвесьнік цяперашняга «сьпісу Магніцкага». І, нарэшце, масавымі прысудамі, наўпрост зьвязанымі з падзеямі 19 сьнежня, пераканалі ўсю Эўропу: справа не ў асобных нават пэрсонах, а ў машыне падаўленьня — падаўленьня пратэстаў, падаўленьня іншадумства, падаўленьня любы выразнай альтэрнатывы.

А кропку паставіла подпіс прэзыдэнта пад адмовай памілаваць двух хлапчукоў, абвінавачаных у тэрарызме і пазбаўленых магчымасьці да канца выкарыстаць прадугледжанае людзкімі і боскімі законамі права на абарону.

Паласаты памежны слуп разрастаецца і ператвараецца ў цагляную сьцяну.
Няхай яна нетрывалая. Але яна ўсё роўна адымае сёньня ў людзей сьвятло і стварае для вас ілюзію беспакаранасьці і абароненасьці. Хай, як казаў, згодна з легендай, правадыр сусьветнага пралетарыяту, «сьцяна гнілая: ткні — і разваліцца»! Але вы так упарта падпірае і ўмацоўваеце яе, што не застаецца амаль ніякіх сумневаў: калі, рана ці позна, яна абрынецца, цэгла ўпадуць на галаву не толькі ўсяму народу. Але і вам. У першую чаргу.

І чым больш ўмацоўваеце, тым больш цаглін давядзецца вытрымаць.

І мне вас шчыра шкада.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG