Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З «Граніту» звальняюцца сотні рабочых, каб ехаць у Расею


Здымак pinsk.tv

Здымак pinsk.tv

На прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах рабочыя спрабуюць масава звольніцца. Больш за 400 рабочых напісалі заявы, але кіраўніцтва іх не падпісвае.

Намесьнік кіраўніка суполкі незалежнага прафсаюзу Мікалай Карышаў кажа, што рабочыя звальняюцца, каб ехаць на заробкі ў Расею.

«Пра гэта кажуць майстры тых падразьдзяленьняў, дзе рабочыя сыходзяць. На сёньняшні дзень больш за 400 заяваў ляжыць аб звальненьні з „Граніту“. Людзі самі сыходзяць, і гэта, у асноўным, уся моладзь, якая ня хоча працаваць за гэтыя паўтары мільёна. То зьбіраюцца ў Расею на заробкі. Мне звоняць людзі і скардзяцца, што іх ня хочуць звальняць. Пытаюцца, што рабіць. Усюды заяву падпісваюць, а ў аддзеле кадраў не падпісваюць, кажуць адпрацоўваць месяц. То некаторыя пакідаюць працоўныя кніжкі і бязь іх зьяжджаюць», — заявіў Карышаў.

Кіраўнік незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч:

«Учора асабіста гутарыў з хлопцам, які знайшоў у Менску працу дальнабойшчыка за 1500 эўра. Ён выпісаўся зь Мікашэвічаў, ужо прапісаўся ў Менску. Напісаў заяву на звальненьне, яе падпісалі патрэбныя начальнікі, але калі прыйшоў у аддзел кадраў, то яму заяву вярнулі. Яму сказалі: шукай, маўляў, замену на сваё месца».

Алег Стахаевіч кажа, што склалася парадаксальная сытуацыя: людзі сыходзяць з «Граніту», а адміністрацыя сама звальняе рабочых за ўдзел у незалежным прафсаюзе.

Сакратар незалежнага прафсаюзу Анатоль Літвінка кажа, што ў Расеі заробкі ў дзясяткі разоў большыя, таму рабочыя і звальняюцца:

«Многія зьяжджаюць у Выбарг у Расеі. Там аналягічныя прадпрыемствы. Меншыя, але тэхналягічна такія ж. То там кваліфікаваныя рабочыя зарабляюць па 100 тысяч расейскіх рублёў, або 3 тысячы даляраў. Там ужо вельмі шмат людзей зь Мікашэвічаў працуе. Адна расейская фірма нават купіла аўтобус, які возіць рабочых дадому. На „Граніце“ ж за тых 200–400 даляраў ужо многія ня хочуць працаваць».

Намесьніца начальніка аддзелу кадраў Валянціна Ярмоліч інфармацыю пра намер 400 рабочых звольніцца пракамэнтавала наступнмы чынам:

«Гэта няправільная інфармацыя. У інтэрнэце ж можна ўсё пісаць...»

Ад далейшых камэнтароў праз тэлефон Ярмоліч адмовілася.

На прадпрыемстве па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах працуе 3200 чалавек. Неўзабаве там адчыняць пятую вытворчасьць.

У інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу выканаўца абавязкаў кіраўніка «Граніту» Эдуард Гаўрылковіч паведаміў, што дзякуючы гэтаму зьявяцца новыя працоўныя месцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG