Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйны Саюз палякаў заклопачаны рашэньнем адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні: у школе №36 з польскай мовай навучаньня маюць зьявіцца дзьве клясы з расейскай мовай навучаньня. Аб гэтым паведаміла выканаўца абавязкаў старшыні неафіцыйнага СПБ Анжаліка Арэхва. Улады тлумачаць такую патрэбу тым, што іншыя школы ў мікрараёне Дзевятоўка перапоўненыя.

Галоўная рада Саюзу палякаў прыняла 6 траўня зварот да міністра адукацыі РБ з заклікам адмяніць такое рашэньне. Як зазначыла Анжаліка Арэхва, да іх зьвярталіся бацькі вучняў па падтрымку. Бацькі мяркуюць, што гэта можа стаць першым крокам па пераводу школы з польскай мовай навучаньня ў звычайную рускамоўную.

Школа №36 была збудаваная на грошы польскага ўраду ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Польскі бок прафінансаваў будаўніцтва яшчэ адной школы з польскай мовай навучаньня, якая знаходзіцца ў Ваўкавыску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG