Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сувязі са сканчэньнем кантракту з прадпрыемства «Граніт» у Мікашэвічах звольнены намесьнік старшыні суполкі Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Карышаў.

Яго паплечнікі па прафсаюзе называюць гэтую справу палітычна матываванай і зьбіраюцца судзіцца.

Пра тое, што кантракт ня будзе працягнуты, Мікалая Карышава папрэдзілі за месяц. 5 траўня, калі спадар Карышаў прыйшоў на працу, яму сказалі, што ёсьць загад начальства на працоўнае месца яго не дапускаць. Распавядае Мікалай Карышаў:

«Ні з чым не азнаёмілі, ні з загадам, ніяк гэта не пракамэнтавалі. Ну, я кажу, то хоць загад, маўляў, давай які-небудзь, каб я расьпісаўся. Працоўную маю аддавай... Нічога ў яго няма, нічога ён ня ведае».

Спадар Карышаў перакананы, што звальненьне зьвязанае зь ягонай дзейнасьцю ў незалежным прафсаюзе:

«Гэта ўсё зьвязана з маёй прафсаюзнай дзейнасьцю. Калі б ня быў я ў прафсаюзнай арганізацыі, яны б не звальнялі. Хаця б я там парушыў, хаця б я там п’яны прыйшоў, як ёсьць выпадкі нават... Гэта проста расправа нада мною. Яны мне гэта адразу і сказалі...»

Такой жа думкі прытрымліваецца і сакратар незалежнага прафсаюзу на «Граніце», юрыст па адукацыі Анатоль Літвінка. Ён кажа, што каб звольніць, супраць Карышава сфабрыкавалі дысцыплінарныя спагнаньні, якія зьяўляюцца падставай для непрацягненьня кантракту:

«А падставай стала накладаньне дысцыплінарных спагнаньняў. У адзін дзень яму зрабілі два дысцыплінарныя спагнаньні. Яны проста ведалі, што каб не працягнуць кантракт, неабходна было зрабіць дысцыплінарнае... Хаця б адно, але зрабілі адмыслова два за дзень».

Мікалай Карышаў кажа, што справа супраць яго сфальсыфікаваная і ён будзе абскарджваць гэта ў судзе. Пры гэтым спадар Карышаў зьбіраецца адстойваць свой гонар, а ня дабівацца вяртаньня пасады:

«Мне проста сорамна, што я працую на такім буйнейшым прадпрыемстве і атрымоліваю такія капейкі — 200 даляраў. У далейшым, нават калі б я апраўдаўся, я б усё роўна звольніўся і зьехаў бы...».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG