Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўку рэфінансаваньня могуць зьнізіць да 30%


Па зьвестках банкаўскіх колаў, ад 10 траўня стаўка рэфінансаваньня ў Беларусі зьнізіцца зь цяперашніх 36% да 30%.

Напярэдадні гэта ўскосна пацьвердзіла і старшыня Нацыянальнага банку Надзея Ермакова, якая запэўніла, што пытаньне пра чарговае зьмяншэньне стаўкі рэфінансаваньня будзе разгледжана ў першай палове траўня. Яна падкрэсьліла, што стаўка адназначна павінна быць станоўчай — вышэй за паказьнік інфляцыі ў сярэднегадавым вылічэньні.

Па выніках 2011 году інфляцыя ў Беларусі перавысіла 108%, у сувязі з чым стаўка рэфінансаваньня некалькі разоў карэктавалася ў бок павелічэньня, дасягнуўшы сёлета ў лютым 45% — гэта быў рэкордны паказьнік за апошнія 10 гадоў. Пры такой плянцы практычна замірае эканамічная актыўнасьць, паколькі крэдытавацца пад падобныя працэнты мала хто ў стане.

Ад пачатку 2012 году стаўка зьніжалася тройчы: 15 лютага — з 45% да 43%, 1 сакавіка — да 38%, 2 красавіка — да 36%. Аднак, канстатуюць эканамісты, нават у тым выпадку, калі яна апусьціцца да 30%, гэта наўрад ці істотна ажывіць эканоміку краіны. Да прыкладу, стаўка рэфінансаваньня ў суседняй Расеі складае ўсяго 8%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG