Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргея Каваленку ўгаворваюць напісаць прашэньне аб памілаваньні


Сяргей Каваленка, архіўнае фота.

Сяргей Каваленка, архіўнае фота.

Сяргея Каваленку наведала на «Валадарцы» маці. Лідзіі Каваленцы стала вядома, што сына ў ізалятары ўгаворваюць напісаць прашэньне аб памілаваньні, але ён адмаўляецца.

Лідзія Каваленка бачылася з сынам на працягу гадзіны. Кажа, што Сяргей бледны — «як сьнег» — і яшчэ вельмі слабы, бо не ачуняў ад галадоўкі, якую трымаў больш за два месяцы і скончыў у канцы сакавіка. Маці вязьня стала вядома, куды яго неўзабаве накіруюць:

«Даведалася, што 7 чысла яго павязуць на Гагарына, 2 — гэта СІЗА ў Віцебску, дзе зь яго зьдзекаваліся падчас галадоўкі. Адкуль пачынаў галадоўку, туды і прывезьлі».

Каля 20 дзён Сяргея Каваленку трымалі на абсьледаваньні ў псыхіятрычным шпіталі ў Навінках, адкуль перавялі ў ізалятар на Валадарскага 2-га траўня. Вынікі абсьледаваньня Сяргея Каваленкі невядомыя. Жонка Сяргея Алена не выключае, што яго пасьля разгляду касацыйнай скаргі ў Віцебскім абласным судзе адправяць у адну з калёній адбываць пакараньне. Але пакуль, паводле Алены Каваленкі, мужа ўгаворваюць напісаць прашэньне аб памілаваньні.

«Для яго гэта, канечне, непрымальна, бо якое можа быць памілаваньне, калі чалавек сядзіць ні за што?»
Якое можа быць памілаваньне, калі чалавек сядзіць ні за што?

Паводле зьвестак Алены Каваленкі, 4 траўня ў Віцебску каля будынка Мэдычнага ўнівэрсытэту быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг. У цыдулцы, прымацаванай да сьцяга, было напісана пра салідарнасьць беларускіх патрыётаў зь Сяргеем Каваленкам.

Актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка быў асуджаны на 2 гады і месяц зьняволеньня за парушэньне ўмоў адбыцьця «хатняй хіміі», якую ён атрымаў за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску ў 2010 годзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG