Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Гавары праўду» распачынае змаганьне за «Дажынкі ў Рагачове»


Андрэй Дзьмітрыеў, Аляксандар Фядута

Андрэй Дзьмітрыеў, Аляксандар Фядута

Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» прэзэнтавала электронную вэрсію праекту «Грамадзянская дамова» і абвясьціла пра пачатак кампаніі за правядзеньне сьвята «Дажынкі» ў горадзе Рагачове.

Лідэры «Гавары праўду» таксама заявілі пра падтрымку кандыдатаў на ўдзел у парлямэнцкіх выбарах, якія прапануюць новыя прынцыпы палітыкі.

Больш за мільён чалавек атрымалі інфармацыю пра «Грамадзянскую дамову», дзясяткі людзей выказалі жаданьне супольнага супрацоўніцтва ў рамках праекту, заявілі лідэры кампаніі «Гавары праўду» на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі. Найбольш вядомы з такіх прыкладаў — супольная абарона маёмасных інтарэсаў жыхароў Смалявіцкага раёну, дзе ўлады маюць намер збудаваць кітайскі тэхнапарк. Цяпер жа «Гавары праўду» распачынае змаганьне за правядзеньне рэспубліканскіх «Дажынак» у Рагачове. Гаворыць актывіст кампаніі ў гэтым горадзе Дзяніс Дашкевіч:

Дзяніс Дашкевіч

Дзяніс Дашкевіч

«Дажынкі» — гэта ня проста банальная масавая п’янка, а гэта вялікія ўліваньні ў разьвіцьцё гораду з рэспубліканскага бюджэту. Аблвыканкам прыняў ашаламляльнае для многіх рашэньне перанесьці «Дажынкі» з Рагачова ў Гомель. Пры гэтым дастаткова аргумэнтаў, каб сьвята праходзіла ў нашым горадзе, бо ў Рагачове няма нават гарадзкой прыбіральні, дзіцячы шпіталь на ўзроўні пазамінулага стагодзьдзя. Наша кампанія па вяртаньні сьвята набірае абароты, у Рагачове яе падтрымліваюць каля 80% жыхароў«.

Ад сёньня на інтэрнэт-сайце кампаніі «Гавары праўду» пачынае працаваць электронная вэрсія «Грамадзянскай дамовы», празь якую пра патрэбу разьвязаньня жыцьцёвых праблемаў могуць заяўляць жыхары ўсіх рэгіёнаў Беларусі, кажа адзін зь лідэраў «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў. Рагачоў — чарговы этап кампаніі:

«Зараз гэтая тэма з „Дажынкамі“ для нас прынцыповая, бо гэта ня толькі пытаньне добраўпарадкаваньня гораду, але яшчэ пытаньне празрыстасьці і карупцыі. Бо грошы, якія ідуць у малыя гарады, яны не мітычныя, гэта нашы грошы. Мы маем права ведаць, куды яны ідуць і як выкарыстоўваюцца. І сёньня мы хочам пачаць з Рагачова і зрабіць так, каб грошы выкарыстоўваліся для добрага жыцьця грамадзян».

Лідэры кампаніі «Гавары праўду» таксама заявілі пра неабходнасьць пашырэньня кааліцыі дэмакратычных сіл перад парлямэнцкімі выбарамі і выказалі сваё стаўленьне да выбарчай кампаніі. Гаворыць Аляксандар Фядута:

«Што тычыцца ўдзелу ў выбарах, то як можна ўдзельнічаць у тым, чаго няма? Удзельнічаць можна ва ўласнай кампаніі, якую мы праводзім — кампаніі дыялёгу з грамадзтвам. Кіраўнікі кампаніі „Гавары праўду“ ўсе — мы ўсе ня можам удзельнічаць асабіста ў кампаніі выбараў. Адзінае, што мы можам зрабіць, то гэта дапамагчы людзям, якія шукаюць альтэрнатыву, зьбіраюцца гэтую альтэрнатыву несьці да выбарцаў. І гэта для нас на сёньня галоўнае».

На заканчэньне сустрэчы чальцы кампаніі «Гавары праўду» павіншавалі журналістаў і падаравалі бел-чырвона-белыя кветкі з нагоды Міжнароднага дня свабоды прэсы.
XS
SM
MD
LG