Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

3–4 траўня ў Менску праходзіць чацьвертае паседжаньне беларуска-чэскай зьмяшанай камісіі па эканамічнай, прамысловай і навукова-тэхнічнай супрацы.

Паводле МЗС Беларусі, старшыня беларускай часткі Камісіі – намесьнік міністра замежных спраў Аляксандар Гур'янаў, чэскай – намесьнік міністра прамысловасьці і гандлю Чэскай Рэспублікі Мілан Говарка.

Беларусь і Чэхія плянуюць рэалізаваць больш за 40 сумесных праектаў у сфэрах машынабудаваньня, энэргетыкі, нафтаперапрацоўкі. Пра гэта заявіў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандар Гур'янаў па выніках пасяджэньня.

Гур'янаў падкрэсьліў, што пры рэалізацыі гэтых праектаў Беларусь разьлічвае "ня толькі на звычайныя экспартна-імпартныя апэрацыі, але і на тое, што будуць задзейнічаныя прамыя інвэстыцыі".

Ён адзначыў, што да пасяджэньня камісіі актыўна працавалі рабочыя групы, якія абмяркоўвалі пытаньні супрацоўніцтва ў розных сфэрах, у тым ліку абмяркоўваліся і пэрспэктывы двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін з улікам Мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі. "Мы падкрэсьлілі, што наша двухбаковае ўзаемадзеяньне можа стаць мастком паміж двума блёкамі", – сказаў Гур'янаў.

У сваю чаргу, намесьнік міністра прамысловасьці і гандлю Чэхіі Мілан Говарка ацаніў сустрэчу як "вельмі добрае пасяджэньне":

"Мы абмеркавалі вельмі шмат пытаньняў, зьвязаных з далейшым разьвіцьцём двухбаковых адносінаў, а таксама абмеркавалі канкрэтныя праекты ў тых галінах, якія лічым найбольш пэрспэктыўнымі, – гэта машынабудаваньне, станкабудаваньне, энэргетыка. Тут у нас існуе велізарны патэнцыял. Разам, аб'яднаўшы намаганьні, мы можам пасьпяхова ўступіць на рынкі трэціх краін", – сказаў чэскі намесьнік міністра. Ён адзначыў, што двухбаковы таваразварот паміж краінамі набліжаецца да адзнакі ў паўмільярда даляраў.

Адказваючы на пытаньне БелаПАН, ці не баіцца Чэхія пашырэньня санкцыяў ЭЗ у дачыненьні да Беларусі і магчымых стратаў чэскіх прадпрыемстваў, Говарка сказаў: "Мы тут перш за ўсё займаемся эканамічнымі пытаньнямі. Гэта складовая частка дыялёгу. Ёсьць розьніца паміж намі, але мы маем намер абмяркоўваць усе пытаньні зь беларускім бокам".

Заплянаваныя перамовы чэскай дэлегацыі з кіраўніцтвам Менскага абласнога выканаўчага камітэту, Міністэрства прамысловасьці, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Рэспублікі Беларусь.

Яшчэ 30 красавіка карэспандэнту Радыё Свабода пра візыт у Менск нічога не маглі сказаць ані ў Міністэрстве прамысловасьці і гандлю Чэхіі, ані ў асобных кампаніях, у прыватнасьці, "Škoda Transportation".

16 лютага каля офісу аўтаканцэрну "Škoda" ў Празе адбылася акцыя пратэсту пад лёзунгам "Не – правядзеньню чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі". Удзел у акцыі ўзяў былы кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч.
XS
SM
MD
LG