Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка Цімашэнкі: прэзыдэнты адмаўляюцца ехаць на ялцінскі саміт


Адзінаццаць кіраўнікоў дзяржаў адмовіліся ўдзельнічаць у саміце лідэраў краін Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў Ялце, які заплянаваны на 11-12 траўня.

Новаабраны прэзыдэнт Вугоршчыны Янаш Адэр ня будзе браць удзелу ў саміце, паведамляе агенцтва УНІАН са спасылкай на надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара Вугоршчыны ў Кіеве Міхаля Баера.

Прэзыдэнт Баўгарыі Расэн Плеўналіеў таксама не прыедзе на саміт. Агенцтва адзначае, што канцылярыя прэзыдэнта назвала адной з прычын адмовы ад візыту сытуацыю з экс-прэм'ерам Украіны Юліяй Цімашэнкай. Пры гэтым баўгарская апазыцыйная партыя «Блакітная кааліцыя» заклікала ў парлямэнце байкатаваць Украіну. Дэпутат ад гэтай партыі Асен Агоў, які быў назіральнікам АБСЕ падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году ва Ўкраіне, назваў справу Цімашэнкі «палітычнай помстай былога канкурэнта». Ён таксама заклікаў байкатаваць спартовыя мерапрыемствы ва Ўкраіне.

Сярод тых, хто не паедзе на ялцінскі саміт – прэзыдэнт Латвіі Андрыс Берзіньш.

Як паведамляў УНІАН, на саміт не прыедуць таксама лідэры Нямеччыны, Чэхіі, Аўстрыі, Італіі, Славеніі, Эстоніі і Харватыі.

Тым часам, як паведамляе УНІАН, Юлія Цімашэнка працягвае сваю галадоўку, пачатую 20 красавіка на знак пратэсту супраць ужываньня фізычнай сілы падчас прымусовай шпіталізацыі ў Харкаўскі шпіталь. Пры гэтым афіцыйныя асобы падкрэсьліваюць, што экс-прэм'ер афіцыйна ня заявіла пра сваю акцыю. «Цімашэнка не пісала заявы пра галадоўку», – сказаў супрацоўнік харкаўскай абласной пэнітэнцыярнай управы Юры Чумак. Аднак неафіцыйна турэмшчыкі прызнаюць: Цімашэнка сапраўды галадае. «А заяваў пра пачатак галадоўкі, як гэта належыць у такіх выпадках, яна і сапраўды не пісала, паколькі разумее: гэта дасьць права карміць прымусова. Але ў любым выпадку памерці ёй не дамо», – паведамілі крыніцы УНІАН у дзяржаўнай пэнітэнцыярнай службе.

Сёньня раніцай, на дзясятыя суткі галадоўкі, лекары «хуткай дапамогі» з-за рэзкага пагаршэньня стану здароўя шпіталізавалі ініцыятара салідарнай галадоўкі ў падтрымку Цімашэнкі, старшыню Львоўскай абласной арганізацыі партыі «Батьківщина» Рамана Ілыка. Аднак ягоныя паплечнікі заяўляюць, што галадоўка ў Львове будзе працягвацца і ў далейшым. Цяпер у Львове галадаюць пяцёра актывістаў «Батьківщини».

У апошнія дні галадоўку салідарнасьці зь Цімашэнкай, якая была ініцыяваная Ілыком, падтрымалі ў Кіеве, Хмяльніцкім, Днепрапятроўску, і нават у Чэхіі, дзе галадае былы сэнатар, паведамляе УНІАН.
XS
SM
MD
LG