Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама назваў вымушаную эміграцыю Натальлі Радзінай прыкладам парушэньня ўладамі дэмакратычных прынцыпаў.

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў выступіў з заявай з нагоды ўчарашняга Міжнароднага дня свабоды прэсы:

«Пагрозы і запалохваньне, зь якімі сутыкнуўся эквадорскіх журналіст Сэзар Рыкауртэ, выгнаньне беларускай дэмакратычнай актывісткі Натальлі Радзінай, ненаўпростая цэнзура, у тым ліку праз абмежаваньне свабоды перамяшчэньня, ужытая ў адносінах да кубінскай блогеркі Ёані Санчэс, працягваюць аказваць негатыўны ўплыў на свабоду выказваньня і прэсы», — гаворыцца ў заяве Абамы.

«Мы заклікаем ўрады ўсіх краін абараняць правы журналістаў, блогераў і дысыдэнтаў адкрыта гаварыць і пісаць, не асьцерагаючыся пакараньня, зьняць абмежаваньні на перамяшчэньне і іншыя формы цэнзуры, якія перашкаджаюць рэалізацыі гэтых унівэрсальных правоў», — падкрэсьліў у сваёй заяве прэзыдэнт ЗША.

Журналістка Наталля Радзіна зьяўляецца галоўным рэдактарам апазыцыйнага сайта «Хартыя-97», рэдакцыя якога цяпер працуе ў Літве, дзе Радзіна атрымала палітычны прытулак. Яна была прызнаная абвінавачанай па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 сьнежня 2010 года. Амаль паўтара месяца яна знаходзілася ў СІЗА КДБ, два месяцы — па месцы прапіскі ў Кобрыне пад падпіскай аб нявыезьдзе, адкуль таемна выехала і пакінула межы Беларусі,— нагадвае БелаПАН.

3 мая Натальля Радзіна адзначыла свой дзень нараджэньня.

Учора амбасада ЗША ў Менску наладзіла для незалежных беларускіх журналістаў тэлемост зь Вільняй, з удзелам рэдактаркі сайту «Хартыя-97» Натальлі Радзінай.

Натальля Радзіна распавяла пра рэпрэсіі, празь якія прайшлі тысячы яе калегаў за час праўленьня Лукашэнкі: «Мы не здамося, мы перажылі столькі, што перажывем і Лукашэнку!», — зазначыла былая палітзьняволеная:

«Я перакананая, што дыктатура Лукашэнкі сёньня ня менш небясьпечная, чым дыктатура ў Лібіі і Сырыі. Амаль 20 гадоў у цэнтры Эўропы беспакарана кіруе дыктатар і дэспат. Нас забіваюць, як гэта адбылося зь Веранікай Чаркасавай, Зьмітром Завадзкім, Алегам Бябеніным, нас арыштоўваюць, як гэта здарылася са мной і многімі іншымі, грамяць нашы рэдакцыі, канфіскоўваюць нашу тэхніку. нас абмяжоўваюць у свабодзе, як гэта адбылося з Андрэем Пачобутам, Ірынай Халіп. За гады кіраваньня Лукашэнкі прайшлі праз рэпрэсіі тысячы нашых калегаў. Канечне, з намі адбываюцца страшныя рэчы, але, як мне падаецца, самае галоўнае — не губляць веру ў тое, што мы робім вельмі важную і патрэбную справу. Я перакананая, што наша барацьба за свабоду слова ў выніку прывядзе да свабоды Беларусі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG