Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Камуністы бароняць Леніна ад маладафронтаўцаў


У Маскоўскім судзе Менску прайшло судовае слуханьне паводле пазову чальцоў Камуністычнай партыі Беларусі супраць актывістаў Маладога фронту.

Камуністы патрабуюць ад маладафронтаўцаў матэрыяльнай кампэнсацыі за матэрыяльныя і маральныя страты ад яек, кінутых у помнік Леніну 7 лістапада мінулага году.

Пазоў выстаўлены Міхасю Мускаму, Раману Васільеву і Паўлу Сяргею. Міхась Мускі і Раман Васільеў цяпер адбываюць 15 сутак адміністрацыйнага арышту пасьля ўдзелу ў Чарнобыльскім шляху 26 красавіка. Пакуль іх даставілі ў суд пад канвоем, Павал Сяргей патлумачыў сутнасьць справы:

«7 лістапада мы з паплечнікамі закідалі помнік Леніну яйкамі. Прайшло амаль паўгода, камуністы прачнуліся і вырашылі зьвярнуцца ў суд. Маўляў, ад помніка Леніну адскоквалі аскепкі яек і траплялі ім на адзеньне. А суму патрабуюць зусім не камуністычную, а, як бы я сказаў, „буржуазную“. Але я сябе лічу хрысьціянінам, і мне крыўдна плаціць грошы за тое, што ў часы Леніна адбываўся перасьлед хрысьціян, людзей гнаілі ў турмах, і зараз мы яшчэ павінны плаціць грошы камуністам — мне гэта крыўдна».
У судовай залі. Павал Сяргей, праваабаронца Наста Лойка,маладафронтаўцы Наста Палажанка, Кася Галіцкая і іншыя.

У судовай залі. Павал Сяргей, праваабаронца Наста Лойка,маладафронтаўцы Наста Палажанка, Кася Галіцкая і іншыя.


Пазоў супраць маладафронтаўцаў выставілі два чальцы Камуністычнай партыі Беларусі — Мікалай Юшчанка і Мікалай Валовіч. Яны патрабуюць 2 мільёны матэрыяльнай кампэнсацыі за нібыта сапсаванае адзеньне, а таксама па 2,5 мільёна рублёў за маральныя пакуты. Сакратар ЦК КПБ Мікалай Валовіч гэтак камэнтуе сваю пазыцыю:

«Тыя грошы, якія мы патрабуем, каб зь іх спагналі, яны мне не патрэбныя. Мне патрэбна, каб яны зразумелі і адказалі за свае хуліганскія дзеяньні. Каб за тую непавагу да сівізны і да нас, маладых, хто прытрымліваецца такіх поглядаў, каб яны за яе адказалі. Мы ж ня ходзім і не закідваем яйкамі „Чарнобыльскі шлях“, „Малады фронт“, Партыю БНФ і гэтак далей. Мы выкарыстоўваем палітычную трыбуну. Няхай і гэтыя арганізацыі таксама выкарыстоўваюць палітычную трыбуну».

Актывісты «Маладога фронту», якія прыйшлі падтрымаць сваіх паплечнікаў у судзе, ня маюць пэўнасьці наконт выніку суду, але ўпэўненыя, што чальцы КПБ зьвярнуліся ў суд не з ідэйных меркаваньняў. Гаворыць намесьніца старшыні Маладога фронту Наста Палажанка:

«Найхутчэй, што матэрыяльны пазоў будзе зьменшаны ў некалькі разоў, бо бачна, што справа блытаецца, што ўсё праходзіць ня так, як хацелі людзі, якія ініцыявалі гэты працэс, што і заяўнікі самі ня рады. І як бы хто ні ставіўся да гэтай акцыі, яна выклікала грамадзкае абмеркаваньне, у якім ёсьць месца і рэпрэсаваным, якія ахвяравалі сваім жыцьцём і здароўем, якія дзясяткі гадоў прасядзелі ў ГУЛАГах. І ёсьць спадзяваньне на тое, што ў Беларусі камуністычная ідэалёгія і камуністычныя сымбалі некалі будуць забароненыя».
Перад пачаткам суду. Маладафронтаўцы Павал Сяргей і Наста Палажанка.

Перад пачаткам суду. Маладафронтаўцы Павал Сяргей і Наста Палажанка.


Судзьдзя Маскоўскага суду Юры Шастакоў прызначыў працяг разгляду справы на 9 гадзін раніцы 10 траўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG