Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кевін Клоўз: Будучыня Беларусі — не ў ізаляцыі, а ў адкрытасьці


Кевін Клоўз, архіўнае фота
Кевін Клоўз, архіўнае фота

Амбасада ЗША ў Менску з нагоды Міжнароднага дня свабоды прэсы наладзіла для беларускіх журналістаў тэлемост зь вядомым амэрыканскім журналістам, былым прэзыдэнтам Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа, былым галоўным рэдактарам «Вашынгтон Пост» Кевінам Клоўзам.

Часовы павераны ў справах ЗША ў Менску Майкл Скэнлан заявіў, што ў Беларусі, на жаль, працягвае існаваць глыбокая супярэчнасьць паміж свабодай слова і захадамі ўлады, накіраванымі супраць незалежнай прэсы.

«Многіх беларускіх журналістаў зьбівалі, канфіскоўвалі абсталяваньне, арыштоўвалі, многія вымушаныя былі пакінуць краіну... Апроч таго, умовы вядзеньня бізнэсу таксама павінны быць роўнымі для дзяржаўных і недзяржаўных СМІ», — сказаў Майкл Скэнлан, віншуючы беларускіх журналістаў зь Міжнародным днём свабоды прэсы.
Майкл Скэнлан
Майкл Скэнлан

Кевін Клоўз са студыі ў Вашынгтоне зьвярнуўся да журналістаў незалежных беларускіх СМІ:

«Гэта гонар для мяне — зьвярнуцца да вас у такі дзень. Мая сям’я мае шматгадовы досьвед скептычнай журналістыкі — я журналіст у трэцім пакаленьні. Мяне выкідалі з урадавых будынкаў і мэрый у ЗША і выганялі з постсавецкіх краін за тое, што я праўдзіва пісаў пра тамтэйшую сытуацыю. У некаторыя часткі былога СССР мне забаранялі прыяжджаць, але я ўсё роўна туды трапляў. Урады не хацелі, каб мы пісалі пра тыя рэчы, пра якія мы ведалі.
Калі ў вас рэпрэсуюць журналістаў, то мы разумеем, што гэта датычыць усяго грамадзтва.

Рэпрэсіі супраць журналістаў датычаць усіх нас, мы сочым за тым, што адбываецца ў Беларусі. Калі ў вас рэпрэсуюць журналістаў, то мы разумеем, што гэта датычыць усяго грамадзтва. Па ўсім сьвеце журналістам робяць перашкоды для атрыманьня праўдзівай інфармацыі. Гэтыя спосабы могуць быць жорсткімі, могуць быць застрашлівымі, могуць быць прыхаванымі.

Сёньня мы салідарныя, мы разам, мы побач».

Таксама спадар Клоўз казаў пра новую інфармацыйную эру, якую ствараюць новыя тэхналягічныя магчымасьці:

«Нашая задача — надалей прытрымлівацца нашых стандартаў, каб гэта дазволіла нам супрацьстаяць сур’ёзным выклікам. А менавіта — дакладная падача інфармацыі, скептыцызм у яе ацэнцы, праверка праўдзівасьці і незалежнасьць журналіста».

Зыходзячы з геаграфічнага становішча Беларусі, спадар Клоўз заявіў, што «будучыня Беларусі не ляжыць у ізаляцыі, а яе шлях — у інтэграцыі, адкрытасьці і ўцягнутасьці ва ўсясьветныя працэсы: «Гэта датычыць і нашага прафэсійнага супрацоўніцтва», — сказаў ён.

Адказваючы на пытаньне пра эфэктыўнасьць санкцыяў адносна беларускіх уладаў, Кевін Клоўз выказаўся за вельмі факусаваныя санкцыі супраць ураду, кіраўніцтва краін, якія будуць адчувальнымі для іх, а не для простых людзей.

Паводле спадара Клоўза, адносіны да рэжыму Лукашэнкі ў ЗША вельмі скептычныя — ён выклікае расчараваньне, там добра разумеюць ягоную сутнасьць.

Камэнтуючы тое, як памянялася праца і місія Радыё Свабода апошнім часам, былы прэзыдэнт нашага радыё зазначыў: цяпер дзейнасьць незалежных журналістаў на постсавецкай прасторы мацнейшая, чым раней, і таму патрэбна дадатковае фінансаваньне.

Амбасада ЗША таксама наладзіла тэлемост зь Вільняй, з удзелам рэдактаркі сайту «Хартыя-97» Натальлі Радзінай. Натальля ня можа фізычна прысутнічаць у Менску ў свой дзень народзінаў і сьвята прэсы. Яна падзякавала за магчымасьць у гэты дзень быць на тэлесувязі з калегамі.

Натальля Радзіна распавяла пра рэпрэсіі, празь якія прайшлі тысячы яе калегаў за час праўленьня Лукашэнкі: «Мы не здамося, мы перажылі столькі, што перажывем і Лукашэнку!», — зазначыла былая палітзьняволеная:

«Я перакананая, што дыктатура Лукашэнкі сёньня ня менш небясьпечная, чым дыктатура ў Лібіі і Сырыі. Амаль 20 гадоў у цэнтры Эўропы беспакарана кіруе дыктатар і дэспат. Нас забіваюць, як гэта адбылося зь Веранікай Чаркасавай, Зьмітром Завадзкім, Алегам Бябеніным, нас арыштоўваюць, як гэта здарылася са мной і многімі іншымі, грамяць нашы рэдакцыі, канфіскоўваюць нашу тэхніку. нас абмяжоўваюць у свабодзе, як гэта адбылося з Андрэем Пачобутам, Ірынай Халіп. За гады кіраваньня Лукашэнкі прайшлі праз рэпрэсіі тысячы нашых калегаў. Канечне, з намі адбываюцца страшныя рэчы, але, як мне падаецца, самае галоўнае — не губляць веру ў тое, што мы робім вельмі важную і патрэбную справу. Я перакананая, што наша барацьба за свабоду слова ў выніку прывядзе да свабоды Беларусі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG