Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстытуцыя 1791 году: сьвята ў Польшчы, а ў Беларусі — забыцьцё


У Польшчы 3 траўня шырока сьвяткуецца Дзень Канстытуцыі. У Беларусі ж дзень абвяшчэньня супольнай з палякамі першай Канстытуцыі ў Эўропе фактычна ня ўзгадваецца.

Чаму так адбываецца, тлумачыць «Свабодзе» кандыдат гістарычных навук Анатоль Трафімчык.

Карэспандэнт: Чаму ў Польшчы сьвяткуюць дзень Канстытуцыі 1791 году, а ў Беларусі — не?

Трафімчык: Чаму так адбываецца? Па-першае, абсалютная лёгіка ёсьць у тым, што Польская дзяржава адзначае Дзень Канстытуцыі. Бо яны ўпарта вядуць свой дзяржаўны генэзіс ад Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў і, кажучы спрошчана, прысабечылі агульную спадчыну. Прыкладна гэтак жа, як імкнуліся яшчэ да нядаўняга часу прысабечыць спадчыну Вялікага Княства Літоўскага літоўцы. То бок не пакідаючы нейкай гістарычнай спадчыны беларусам.
Вокладка першага выданьня Канстытуцыі 1791 году.

Вокладка першага выданьня Канстытуцыі 1791 году.


У выпадку з Рэччу Паспалітай трэба сказаць, што, вядома, Вялікае Княства Літоўскае было аслабленае. Яно не магло дыктаваць сваю волю ў тым ключы, як бы нам хацелася і як бы хацелася палітыкам тагачасься.

Тым ня менш гэта, вядома, нашая супольная гісторыя. І калі браць пад увагу, што мы павінны гэта шанаваць, то мы павінны ўдзяляць увагу і гэтаму сьвяту. Бо гэты дзень стаў знакавым для ўсёй Эўропы — першая Канстытуцыя ў Эўропе.

Карэспандэнт: То ці маюць беларусы «права» на гэтае сьвята?

Трафімчык: Трэба разумець, што контраргумэнты супраць шанаваньня гэтага сьвята таксама існуюць. І дастаткова моцныя. Таму што Беларусі як такой тады не было. У катэгорыях Новага часу толькі нацыі ўзьнікалі. Як, напрыклад, гісторык Алег Латышонак казаў, што ў Касьцюшкі таго ж было беларушчыны столькі ж, колькі магло быць на той час. Ён называў сябе ліцьвінам. І ўжо зыходзячы з гэтых пазыцыяў мы ізноў знаходзім прывязку да гэтага сьвята.

Адносіны да гэтага сьвята могуць вызначацца ўзроўнем палітычным або культурным. На ўзроўні культурным мы павінны шанаваць гэтае сьвята. На ўзроўні палітычным яно можа некаму падабацца, а некаму не падабацца. Але, ізноў-такі, гэтую старонку ў нашай гісторыі ня вырваць.

Карэспандэнт: Якое значэньне дня Канстытуцыі 1791 году для сёньняшняй Беларусі?

Трафімчык: Я думаю, што калі б той праект незалежнасьці Беларусі, які ад пачатку ХХ стагодзьдзя будаваўся нашымі нацыянальнымі дзеячамі, быў рэалізаваны, я ня думаю, што гэтае сьвята стала б упоравень з такімі сьвятамі, як 25 сакавіка. Але гэтае сьвята было б знакавай старонкай, у тым ліку і для Беларусі.

Але сёньня мы маем тое, што маем. І большасьць грамадзтва пра гэтае сьвята ня ведае. А тыя, хто ведае, могуць адносіцца і вельмі адчужана да гэтага акту, які быў зьдзейсьнены 3 траўня 1791 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG