Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Каваленкі: «На „Валадарцы“ Сяргея ўжо ледзь не забілі»


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

Актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленку перавялі з псыхіятрычнага шпіталя ў Навінках у сьледчы ізалятар на Валадарскага, дзе вязьня ўжо трымалі амаль месяц. У якіх умовах там будзе Сяргей Каваленка і ці не пачне ён зноў галадоўку пратэсту?

У ноч на 26 сакавіка Сяргея Каваленку этапавалі з «Валадаркі» ў калёнію «Віцьба-3», і вось кола замкнулася — пасьля «Віцьбы» і «Навінак» Сяргей Каваленка зноў на «Валадарцы». Што вязень у гэтым сьледчым ізалятары, 3 траўня раніцай карэспандэнту «Свабоды» пацьвердзіла дзяжурная ізалятара, якая выпісвае дазволы на спатканьне. Пра стан здароўя былога галадоўніка, а таксама ў якой ён камэры, дзяжурная не паведаміла. Але калі б што і было сказана, жонка Сяргея Алена мела б усе падставы, каб ня даць веры.

«Мінулым разам у ізалятары на вуліцы Валадарскага казалі, што ён у добрых умовах, не хвалюйцеся. А калі мы сустрэліся ў «Навінках», Сяргей распавёў, як яго ледзь не забілі на «Валадарцы», — кажа Алена Каваленка:

Алена Каваленка

Алена Каваленка

«Там былі суцэльныя правакацыі. Адразу, як яго прывезьлі зь Віцебску, яго пасадзілі к здаровым вязьням, адзін зь іх важыў пад 130 кіляграмаў. Той стаў яго абражаць, і Сяргей яго ўдарыў у твар за абразу. Тады той вязень сеў на Сяргея і пачаў душыць. Уявіце: Сяргей — 55 кіляграмаў, а той — 130. Потым Сяргея перасадзілі, і ён даведаўся, што тыя вязьні атрымлівалі адмысловыя пасылкі і што яны раней падпісалі паперы аб супрацоўніцтве».

Сяргей Каваленка трымаў на «Валадарцы» ў сакавіку галадоўку, якую пачаў яшчэ ў Віцебску ў мясцовым сьледчым ізалятары. Там палітвязьню пачалі ўводзіць фізраствор праз кропельніцу і пры гэтым пашкодзілі вены на руцэ, бо рабілі гэта прымусова, прывязаўшы да ложка. Алена Каваленка пазьней распавядала пра вялікія гематомы на руках мужа.

Намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі, які шмат апекаваўся Каваленкам падчас ягонага знаходжаньня на «Валадарцы», таксама мяркуе, што сутычкі з сукамэрнікамі былі невыпадковымі:

Юрась Беленькі

Юрась Беленькі

«Яны нават не хавалі таго, што гэта было зроблена з адной мэтай — каб прымусіць яго спыніць галадоўку».

Жонка вязьня Алена Каваленка не выключае, што той можа зноў абвясьціць галадоўку, бо ня бачыць у турэмных умовах іншага спосабу абараніць сябе. Алена спасылаецца на апошні ліст ад Сяргея:

«Ён піша, што адтуль з дазволу выпускаюць толькі тады, калі зробяць з чалавека тое, што ім патрэбна, а гэты шлях не для яго. Праз прызнаньне сваёй віны ён выходзіць адтуль не зьбіраецца».

У Віцебскім абласным судзе так і не адбылося паседжаньне па разглядзе касацыйнай скаргі Сяргея Каваленкі. Паводле сваякоў вязьня, на сустрэчу зь ім для ўзгадненьня юрыдычных пытаньняў выехаў адвакат.
XS
SM
MD
LG