Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачуўся я летась у лістападзе, што беларускі Экзархат Расейскай Праваслаўнай царквы вырашыў кананізаваць мітрапаліта літоўскага Іосіфа Сямашку. Навіна моцна ўразіла. Але пісаць я ня стаў. Вырашыў пачакаць месяцы тры, можа нехта з праваслаўнай беларускай інтэлігенцыі выкажацца. Усё ж шмат у нас пісьменьнікаў, навукоўцаў, журналістаў праваслаўнага веравызнаньня, нехта, думаў я, абавязкова выкажацца, напіша, засьцеражэ беларусаў ад такога кроку.

Ніхто нічога не напісаў...

Што ў нас сёньня ведаюць пра Сямашку? Што ён арганізаваў далучэньне «западно-русских униатов» да Расейскай Праваслаўнай царквы. Яшчэ гэтую падзею называюць «ліквідацыяй Уніі». Зьмест гэтай падзеі ў нашых галовах — чыста канфэсійны. Маўляў, была Унія, стала Праваслаўе. Мы думаем, што такі акцэнт на канфэсійнасьць прымушае нас рабіць наша трагічная гісторыя. Гэта так і ня так. Насамрэч, гэты канфэсійны падыход да гісторыі нам навязала ў ХІХ стагодзьдзі праз сваю гістарыяграфію Расея.

А падыход можа быць ня толькі канфэсійны. Ён можа і, на маю думку, павінен быць нацыянальны. Вось прыклад, як сам 1839 год і дзейнасьць Сямашкі могуць быць трактаваныя з нацыянальных пазыцыяў.

У 1839 годзе ЎПЕРШЫНЮ ў гісторыі датуль больш за 500 гадоў самастойную беларускую мітраполію, якая ў розныя гістарычныя пэрыяды бывала то уніяцкаю, то праваслаўнаю, то зноў уніяцкаю, далучылі да расейскай царквы, да Масквы. Гэта значыць, саму беларускую царкву ўпершыню тады далучылі да расейскай. У 1839 годзе наша царква, якая да таго, паўтараю, бывала то праваслаўнаю, то ўніяцкаю, перастала існаваць.

Сёньня самы важны зьмест акту 1839 году — страта ПАМЕСНАЙ беларускай царквы адметнай, самастойнай традыцыі — ад нас трывала схаваны канфэсійным падыходам да гісторыі. У часы ліквідацыі Уніі сам мітрапаліт Сямашка ня раз гаварыў, што вярнуў спакушаных і адарваных вернікаў ва ўлоньне царквы-маці — РПЦ. Хоць насамрэч ні Маскоўская мітраполія, ні Маскоўскі патрыярхат НІКОЛІ не былі царквой-маці для беларусаў і ўкраінцаў.

Нашай царквой-маці ад Х стагодзьдзя быў Канстанцінопальскі патрыярхат і, у больш вузкім пляне, — Літоўска-Наваградзкая мітраполія, якая існавала ад 1316 году. У палове XV стагодзьдзя адбылося канчатковае разьдзяленьне мітраполіяў Маскоўскай дзяржавы і ВКЛ. Падставай для гэтага стала прыняцьце Уніі Канстанцінопальскім патрыярхам, бізантыйскім імпэратарам і Праваслаўнай царквой ВКЛ. Ад 1448 году Масква самастойна выбірала сабе мітрапаліта, а беларусы, выбраўшы мітрапаліта, атрымлівалі пасьля зацьвярджэньне ад патрыярха. Спачатку Маскоўскія мітрапаліты ў тытуле захоўвалі назву і «Кіеўскага», але ад 1448 году пачалі звацца Маскоўскімі і Ўсяе Русі. А нашы афіцыйна ў паперах ад патрыярха менаваліся Кіеўскімі, Галіцкімі і ўсяе Русі, але часьцей, у тым ліку і ў грэцкіх паперах, называліся Літоўскімі мітрапалітамі або Літоўска-Наваградзкімі. Большасьць нашых мітрапалітаў XІV-XVІ стагодзьдзяў жылі ў Наваградку, і большасьць зь іх там пахаваныя. Пазьней мітрапаліты жылі ўжо і ў Вільні, і ў Варшаве, але абсалютная большасьць іх былі этнічнымі беларусамі.

У XVІІ стагодзьдзі, як вядома, Кіеўская мітраполія падзялілася на два лягеры — уніятаў і дэзунітаў, зьявіліся і два мітрапаліты. Тым ня менш, абедзьве гэтыя часткі захоўвалі старую ўсходнехрысьціянскую традыцыю ў абрадах, набажэнствах і сьпевах. Пры гэтым асноўная, значна большая за праваслаўную, частка Кіеўскай мітраполіі працягвала сваё гістарычнае памеснае існаваньне ў абліччы Грэка-каталіцкай царквы. Уніяцкія мітрапаліты захоўвалі тытул Кіеўскіх, Галіцкіх і ўсяе Русі.

У 1686 годзе багатая і моцная Масква, якая ў 1589 годзе абвясьціла ў сябе патрыярхат і ў 1654 годзе далучыла да сябе левабярэжную Украіну, подкупам і шантажам прымусіла зьбяднелы пад панаваньнем турак Канстанцінопальскі патрыярхат адмовіцца ад юрысдыкцыі над Кіеўскай праваслаўнай мітраполіяй і перадаць яе Маскве. Так царква-дочка — РПЦ — аформіла захоп праваслаўнай памеснай часткі сваёй царквы-маці. А ў 1839 Расейская Праваслаўная царква закончыла захоп Кіеўскай мітраполіі і ліквідавала нашу самастойную ўсходнехрысьціянскую традыцыю, якая хоць і зазнала пэўныя зьмены у часы Уніі, але ўсё ж захоўвала, паводле сьведчаньняў шматлікіх дасьледчыкаў, ВЕЛІЗАРНЫЯ адрозьненьні ад традыцыі маскоўскай.

Так мы страцілі сваю памесную царкву. І дагэтуль яшчэ думаем, што нам тады вярнулі веру продкаў.

У дзьвюх частак адной старажытнай Кіеўскай мітраполіі раней ці пазьней мог бы зьявіцца шанц аб’яднацца. Ужо ў XVІІ стагодзьдзі уніяцкі мітрапаліт Язэп Вельямін Руцкі стварыў плян аб’яднаньня дзьвюх частак расколатай Кіеўскай мітраполіі — уніяцкай і дэзуніцкай — пад уладай адзінага Кіеўскага патрыярхату. Я наўмысна пішу «уніяцкай і дэзуніцкай», бо мала хто ведае, што уніяты таксама называлі сябе праваслаўнымі — у 1722 годзе Кіеўскі уніяцкі мітрапаліт Леў Кішка нават выдаў для сваёй царквы на беларускай мове катэхізіс, славутае «Сабраніе прыпадкаў...», у поўнай назьве якога двойчы сьцьвярджалася, што гэта выклад Праваслаўнай веры. А калі б аб’яднацца і не ўдалося, дык існавалі б дзьве памесныя царквы свайго права — Праваслаўная і Уніяцкая, кожная зь якіх па-свойму захоўвала б традыцыі беларускай царквы Х—XVІ стагодзьдзяў. Гэта, аднак, не ўваходзіла ў імпэрыялістычныя пляны Расеі.

***

Мы, аднак, пра гэта сёньня ня думаем, а нашыя гісторыкі пра гэта зусім ня пішуць. У беларускіх галовах практычна цалкам адсутнічае гісторыі першага хрысьціянскага тысячагодзьдзя, як, зрэшты, і гісторыя другога хрысьціянскага тысячагодзьдзя, асабліва яго пачатку і сярэдзіны. Нават сьвядомыя нацыянальна гісторыкі і філёзафы апэрыруюць толькі расейскай вэрсіяй царкоўнай гісторыі, крайне непраўдзівай і перакручанай да непазнавальнасьці. Здаецца, нават, што гісторыкі сёньня ўжо і ня хочуць ведаць альтэрнатыўныя канцэпцыі — напрыклад, з працаў заходнеэўрапейскіх гісторыкаў, або хаця б польскіх ці ўкраінскіх калегаў. Нашы проста задавольваюцца расейскім гістарычным эрзацам.

Ніхто ня піша, напрыклад (і, адпаведна, ня лічыцца з тым фактам), што разрыў паміж Канстанцінопалем і Рымам 1054 году не датычыўся Кіеўскай мітраполіі, якая 3 гады перад гэтым сама адпала ад Канстанцінопаля. Ня пішуць, што пасьля разрыву 1054 году паміж Рымам і Бізантыяй кіеўскіх мітрапалітаў на просьбу князёў часам прызначаў Папа Рымскі, што кіеўскі мітрапаліт яшчэ ў 40-я гады ХІІІ стагодзьдзя разам зь іншымі кардыналамі браў удзел у нарадзе ў Ватыкане з нагоды татарскай агрэсіі ў Эўропу. Ня пішуць, што Беларусь канчаткова адпала ад Рыму толькі ў ХІІІ стагодзьдзі з-за агрэсіі нямецкіх крыжакоў. Ня пішуць, што яшчэ ў 1250 годзе князь Даніла Галіцкі пачаў перамовы аб Уніі з Рымам. Ня пішуць, што ўжо ў XV стагодзьдзі наша царква шэсьць разоў станавілася уніяцкаю, і што ў 1596 годзе яна ўсяго толькі заключыла сёмую Унію з Рымам, якая найдаўжэй праіснавала. Ня пішуць, што гэта ўсё была наша самастойная ўсходнехрысьціянская царква, з адметнай і вельмі адрознай ад маскоўскай традыцыяй ў мастацтве, архітэктуры, абрадах, сьпевах і нават канонах!

Вось так не пісалі, не пісалі, а тут раптам бах! — і кананізацыя Сямашкі.

Ня буду шмат пісаць пра гэтага расейскага царкоўнага дзеяча. Прывяду толькі тры цытаты. Яны важныя для фармаваньня менавіта нацыянальнага падыходу да ацэнкі дзейнасьці мітрапаліта Сямашкі.

***

Першая паходзіць з нарыса пратаярэя Аляксандра Мацкевіча пра Сямашку, апублікаванага ў «Литовских епархиальных ведомостях» у 1884 годзе. Мова ў гэтым урыўку ідзе пра бацьку мітрапаліта, айца Іосіфа Сямашку, які скасаваньня Уніі не прыняў і праз год пасьля гэтай падзеі, у 1840 годзе, зладзіў у сябе на кухні уніяцкую каплічку, дзе служыў набажэнствы і вянчаў людзей.

"Тогда, подарив выстроенный им вблизи костела дом сыну своему Николаю, бывшему в Илинцах вольнопрактикующим врачем, он купил себе другой vis-àvis, и здесь из кухни, которая составляла помещение, отдельное от дома, устроил молельню... В этой молельне в январе 1840 года старики Семашки устроили по униатскому обряду брак их дочери Елены, любимой сестры православного уже тогда преосвященнаго Иосифа. Женихом был Виктор Гомолицкий, нынешний виленский кафедральный пртоирей, а брак совершен униатским священником Федором Кудрицким, проживавшим в то время в предместье города Липовца Гайсине, и нарочито для этого сюда вызванным...

Приняв православие, преосвященный Иосиф в конце тридцатых и начале сороковых годов писал не раз отцу своему в Илинцы, убеждая и с сыновнею покорностию упрашивая последовать его примеру... Но никакия убеждения почтительнаго и нежнаго сына не действовали на престарелых родителей. Наконец в 1846 году высокопреосвященный Иосиф прибыл лично в Илинцы к свои родителям, имея отрощенныя на голове волосы и бороду, но и это не повлияло на отца относительно пермены веры...

Отец архимандрит Модест в упомянутом некрологе митрополита Иосифа говорит между прочим, что родитель его вполне сочувствовал мыслям его о возсоединении униатов и когда последовал акт возсоединения, охотно принял православие. Зная яго лично, и притом близко, могу утверждать лишь противное... Фанатизм и ненависть к православию особенно сильно выразились в сыне его священнике Иоанне Семашке, который и умер вне православной веры, и о родном брате своем митпрополите Иосифе всегда отзывался так: przeklęty! sam siebie potępił i naród zgubił. В бытность его у меня в Липовце я показал ему портрет его знаменитого брата; он с бешенством бросил портрет на пол и, при звуках разбитаго стекла, тот час-же убежал. Умирая, он завещал похоронить его при Илинецком костеле, и ксендзы уже принялись было за исполнение его воли; но православные священники отобрали его у ксендзов и погребли при православной илинецкой воскресенской церкви, чем остался доволен брат умершаго, митрополит Иосиф и священникам погребавшим прислал денежное вознаграждение...«


Я дадам, што бацьку свайго мітрапаліт Сямашка сілай у 1847 годзе перавёз пад Вільню і зрабіў яго сьвятаром праваслаўнай царквы ў Дзікушках, але бацька і там служыў па-уніяцку, на што ўсе вакол былі вымушаны заплюшчыць вочы... Так, «неўзьяднаным», стары айцец Іосіф Сямяшка і памёр. Як бачым, мітрапаліт Сямашка быў пракляты за адступніцтва сваёй сям’ёй. Ён нават па-блюзьнерску парушаў апошнюю волю сваіх памерлых блізкіх...

Калі нехта зьверне ўвагу на польскую мову брата мітрапаліта і ўспомніць расейскі аргумэнт пра «палянізацыйную ролю Уніі», то хай задумаецца і пра тое, на якой мове з паловы ХІХ стагодзьдзя пачалі гаварыць і цяпер яшчэ гавораць праваслаўныя бацюшкі ў Беларусі. Цяжка спрачацца з фактам, што як многія сёньняшнія расейскамоўныя людзі ў Беларусі лічаць сябе беларусамі, так і многія тагачасныя польскамоўныя жыхары краю лічылі сябе ліцьвінамі-русінамі.

***

У пачатку ХІХ стагодзьдзя польская была мовай зносінаў у Беларусі, але уніяцкія сьвятары не забываліся і на родную. Пра гэта — другая мая цытата. Паходзіць яна з мэмуараў аўтара першага слоўніка беларускай мовы Івана Насовіча «Воспоминания моей жизни».

«Когда я в 1815 году был инспектором мстиславского уездного духовного училища и учителем высшего отделения, то дворянин Юрковский арендовал петруляндское имение Петра Станиславовича Крогера. У него было двое сыновей Иван и Александр, обучавшихся в мстиславской езуитском 6-классном, на степени гимназии, училище, и Юрковский пригласил меня на все вакационное время давать ежедневно помянутым сыновьям его уроки русского язык и русской словесности... В конце каникул 29 августа все семейство Юрковского, хотя и было римского исповедания, как бы нарочито, собралось идти к обедне в тамошнюю униатскую церковь. Сам Юрковский предложил мне сопутствовать им. С ними был экономический землемер Маевский и два посторонних гостя, все без исключения католики, кроме меня, православного. Я, признаться, удивился, что католикам в этот день пришла охота быть у обедни в униатской церкви. По совершении литургии священник велел поставить среди церкви аналогий для молебствия и, украшенный крестом за 1812 год, вышедши с Евангелием и какою-то бумагою, положил Евангелие на аналогий, а в руках держа, по словам его, указ... начал говорить ко всем нам... так:

— Вот, правоверные христиане. Господь Бог по великому смутку послав нам великую радосць; великий Наполеон, як в гэтом указе пишецца, хвала Богу, воцарився в свое государство (с острова Эльбы) и знову идзець к нам. Помолимся ж Господу Богу о том, чтоб Бог ему помог...»


На гэтым я цытату скончу. Ня гледзячы на ня вельмі ўдалую графічную перадачу Насовіча, добра бачна, што уніяцкі сьвятар Ракоўскі ў 1815 годзе гаварыў на літаратурнай беларускай мове. Калі ўспомніць, што ў той час у нашых краях польская мова была ўжо агульнапрынятай, гэтак сама як сёньня расейская, і што за палітычныя рэаліі панавалі тады ў Расейскай імпэрыі, то мы зразумеем, што Іван Насовіч зафіксаваў у сваіх успамінах выдатны грамадзянскі ўчынак сьвятара. Бо і сёньня яшчэ ў Беларусі, каб загаварыць падчас нейкага афіцыйнага мерапрыемства да прысутнай расейскамоўнай публікі па-беларуску, чалавеку патрэбная пэўная грамадзянская мужнасьць і адпаведныя патрыятычныя перакананьні, ня кажучы ўжо пра зьмест самой прамовы сьвятара. Айцец Ракоўскі, як бачым, такія перакананьні і мужнасьць меў. Другі важны момант, пра які цытата сьведчыць, — палітычныя антырасейскія погляды уніяцкага клеру. Якраз пра іх сьведчыць арганізацыя малебну за посьпех Напалеона і за тое, каб ён зноў прыйшоў у Беларусь і вызваліў народ ад расейскага ярма...

Вось такую царкву дапамог зьнішчыць мітрапаліт Іосіф Сямашка.

***

І нарэшце трэцяя цытата. Паходзіць яна з працы беларускага палітычнага дзеяча і гісторыка Аўгена Калубовіча «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства».

«Поруч вывазаў ішло нішчэньне, ад якога найбольш пацярпела пісьменства ў нацыянальнай беларускай мове — дакумэнты беларускай гісторыі й кнігі вуніяцкай (дакладней — былой праваслаўнай і вуніяцкай) літаратуры XVII-VXIII стст.

Шмат
іх было спалена ў агні... У 1832 г., на загад зь Пецярбургу, пачалася акцыя адбіраньня старых вуніяцкіх служэбнікаў і іншых кніжок і замены іх на расейскія праваслаўныя кнігі. З цэркваў і манастыроў цэлае Беларусі ў Полацкую духоўную кансысторыю звозіліся для паленьня выданьні беларускіх вуніяцкіх друкарняў. У дадатках да тых кніг у беларускай мове друкаваліся арыгінальныя навукова-тэалягічныя й мастацкія, галоўна вершаваныя, творы беларускай літаратуры: усе яны, за рэдкім выключэньнем, беззваротна загінулі ў агні, разам з багаслужбовымі кнігамі. Вуніяцкія сьвятары спрабавалі ратаваць іх: ведамы выпадак, калі 2 красавіка 1834 году ў Наваградку на рукі яп. Язэпа (Сямашкі) 56 сьвятароў злажылі пратэст, але, на загад цара, усе былі пакараныя за гэта годам манастырскай турмы.

Аб тым, як «уніатскія книги... преднамеренно уничтожались», яшчэ лепей сьведчаць паленьні іх у Жыровічах. Туды ўжо па іквідацыі ў 1839 г. вуніяцкае царквы яны звозіліся з павуніяцкіх (вуніяцкіх і былых праваслаўных) царкоўных і манастырскіх бібліятэк і, на загад праваслаўнага мітрапаліта Язэпа (Сямашкі), у
1841-44 гг. Спальваліся ў манастырскіх печаках. Дзеля таго, што такі спосаб нішчэньня кніг быў марудным, і частка кніг раскрадалася, у 1844 годзе мітрапаліт загадаў вынесьці кнігі на манастырскі пляц і спаліць іх на вогнішчы адразу. У 1853-55 і 1857 гг. паленьне іх зноў працягвалася. Колькі тут было спалена — невядома: афіцыйна называецца лічба каля 2000 кніг, аднак сам мітрапаліт зазначае, што спалена іх было болей, чымся афіцыйна паказана...»

Тут я спынюся, хаця Яўген Калубовіч яшчэ шмат старонак з дакладнымі навуковымі спасылкамі на крыніцы пералічае, як і што палілася ў наступныя гады і дзесяцігодзьдзі, у тым ліку, як было спалена Тураўскае Эвангельле ХІ стагодзьдзя, або як наўмысна ў 1898 годзе быў спалены Смаленскі царкоўна-археалягічны музэй зь беларускімі старадрукамі, рукапісамі і дакумэнтамі.

Побач з кнігамі мітрапаліт Сямашка тысячамі паліў і старыя беларускія праваслаўныя і уніяцкія абразы. У выніку да ХХ стагодзьдзя, калі абразы пачалі зьбіраць па цэрквах, дайшлі толькі лічаныя зь іх. Пры Сямашку ж пачаліся і першыя перабудовы нашых старых эўрапейскіх цэркваў на расейскі ўзор. Гэта трэцяя цытата сьведчыць пра ролю Герастрата беларускай культуры, якую адыграў мітрапаліт Іосіф Сямашка.

***

З пункту гледжаньня сьвядомага беларуса (бяз розьніцы веравызнаньняў) мітрапаліт Іосіф Сямашка мае ацэньвацца адназначна: гэта быў зьнішчальнік самастойнасьці беларускай мітраполіі, а таксама магільшчык беларускай мовы і культуры.

І вось сёньня РПЦ задумала Іосіфа Сямашку кананізаваць. Што ж? Расейскі народ мае права ўшаноўваць сваіх герояў, і нават маліцца ім. Але пры чым тут беларусы?..

Часам мне здаецца, што так народы і паміраюць...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG