Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барбарыч: Ціск на «Рацыю» быў арганізаваны


Ператрус на офісе Радыё Рацыя. Фота Радыё Рацыя

Ператрус на офісе Радыё Рацыя. Фота Радыё Рацыя

Супрацоўнікі міліцыі ў выніку наведваньня менскага офісу Радыё Рацыя забралі тэхніку — ноўтбук і сыстэмны блёк. У «пратаколе агляду» міліцыянты пазначылі, што забіраюць тэхніку на праверку. Прадстаўнікі радыё цьвердзяць, што гэта чарговы выпадак ціску на журналістаў.

2 траўня каля 20-й гадзіны ў менскі офіс «Рацыі» ў раёне плошчы Перамогі завіталі ўчастковыя. Яны нібыта абыходзілі ўсе памяшканьні ў сувязі з рэпэтыцыяй параду да 9 траўня. Перагледзелі ўсе рэчы, якія былі ў офісе. Журналіст Генадзь Барбарыч распавёў, што апэрацыя працягвалася каля трох гадзінаў:

«Мяркуючы па тым, што ў нас амаль усе рэгіянальныя карэспандэнты празь міліцыю, КДБ і пракуратуру прайшлі ў гэтым годзе і былі папярэджаныя, то я чакаў, калі гэтая хваля дакоціцца да Менску. Таму я не выключаю, што ўсё гэта было арганізавана. Гэта звычайны ціск на незалежную прэсу. Мы да гэтага ў Беларусі, здаецца, прызвычаіліся. Забралі кампутары, сказалі — на праверку. Што яны там будуць правяраць, ня ведаю. Абяцалі, што цягам дзесяці дзён гэтая праверка павінна прайсьці. З досьведу калегаў ведаю, што гэтыя дзесяць дзён могуць расьцягнуцца і на месяцы».

Старшыня ўправы «Радыё Рацыя» Яўген Вапа ўжо амаль год як неўязны на тэрыторыю Беларусі. Ён адзначае, што яшчэ ў 2008 годзе беларускія ўлады спрабавалі паралізаваць працу офіса. Тады таксама міліцыянты вынесьлі тэхніку і доўга яе не вярталі. Дагэтуль беларускі МЗС ня выдаў акрэдытацыю журналістам радыё.

«З боку ўладаў ідуць дзіўныя спробы запалохваньня нашых карэспандэнтаў. Таму тут няма нічога непрадбачанага. Гэта ёсьць рэальнасьць беларускага жыцьця. І з гэтай рэальнасьцю не пагаджаюцца сотні тысяч беларусаў. Не пагаджаюцца таксама і незалежныя журналісты. Гэта проста доказ, што ўлада з тым вяшчаньнем, з тым, што нясе незалежную інфармацыю, спрабуе да канца змагацца».

Раней падобным чынам канфіскоўвалі тэхніку ў офісах іншых мэдыяў — рэдакцыі «Нашай нівы», тэлеканалу «Белсат», «Эўрапейскага радыё», сайту «Хартыя’97», рэдакцыі газэты «Народная воля». Тэхніку журналістам вярталі, але ня ўсім. Паводле прадстаўніка тэлеканалу «Белсат» Міхася Янчука, невядомыя ўначы ўламіліся ў офіс тэлеканалу і скралі некалькі кампутараў, якія дагэтуль не вярнулі:

Міхась Янчук

Міхась Янчук

«У іншыя разы, калі ў нас была канфіскацыя тэхнікі, праз паўгода, празь сем месяцаў нам яе вярталі. Часткова ў пашкоджаным стане, але вярталі заўсёды. У нас некалькі ператрусаў было за гады нашай дзейнасьці. Але, канечне, гэтай тэхнікай мы пасьля не карысталіся, аддавалі яе ў дзіцячыя дамы. Ва ўладаў няма іншых мэханізмаў узьдзеяньня на нас. Застаюцца толькі сілавыя мэтады, якія выкарыстоўваюцца ў пэрыяд абвастрэньня ўнутрыпалітычнай сытуацыі».

Галоўны рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Скурко распавёў, што тэхніка, канфіскаваная напрыканцы 2010 году, дагэтуль знаходзіцца недзе ў КДБ. На звароты рэдакцыі тлумачаць, што нібыта ў газэты выяўленыя неліцэнзійныя праграмы і цяпер праводзіцца праверка.

Андрэй Скурко

Андрэй Скурко

«Пасьля падзеяў на Плошчы ў „Нашай нівы“ была канфіскавана ў офісе ўся рэдакцыйная тэхніка — 11 кампутараў, таксама быў выняты шэраг выпадковых рэчаў. Таксама былі праведзеныя вобшукі на кватэрах галоўнага рэдактара, відэаапэратара і фотакарэспандэнта. Рэдакцыйная тэхніка і мае кампутары дагэтуль знаходзяцца на дасьледаваньні ў КДБ. Я расцэньваю гэта як спробу ціску і запалохваньня незалежных мэдыяў, як спробу паралізаваць працу на тым этапе. Але гэта не ўдалося».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG