Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Каўка: Галоўнае — наша здольнасьць да супраціву


 Аляксей Каўка
Аляксей Каўка

Два першыя выпускі літаратурна-навуковага гадавіка маскоўскіх беларусаў «Скарыніч» пабачылі сьвет у дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура». А наступныя сем дзе толькі ні выдаваліся — у Смаленску, у Маскве...

Чым «Скарыніч» прыйшоўся недаспадобы беларускай уладзе і як да беларускай нацыянальнай меншыні ставіцца ўлада расейская? Пра гэта — у гутарцы з доктарам філялёгіі, масквічом Аляксеем Каўкам, які днямі прывёз у Менск юбілейны, 10-ы выпуск «Скарыніча».

— Спадар Аляксей, першы выпуск «Скарыніча» выйшаў у сьвет у гістарычным 1991-м. У вас тады атрымлівалася супрацоўніцтва з афіцыйнымі структурамі. А калі вам далі зразумець, што дзяржвыдавецтвы вашым гадавіком займацца ня будуць?

— Праблемы пачаліся ўжо з трэцім «Скарынічам». Ён выйшаў толькі ў 1997 годзе — у Смаленску. Але, як там ні было, я хачу дзяржаве беларускай падзякаваць, прынамсі, за першы і другі выпускі, за легалізацыю «Скарыніча». Ён, дарэчы, выходзіў тады накладам 4-5 тысячаў асобнікаў. Паўтаруся, прайшло нямала часу, пакуль нам у Маскве ўдалося больш-менш стабільна наладзіць выданьне «Скарыніча». Наш гадавік, можа, ня самае прэстыжнае, ня самае прыкметнае выданьне для выдавецтва «Мастацкая літаратура». Наколькі я ведаю, спынілася выданьне і клясыкаў нашых — былых і сучасных. Збор твораў Васіля Быкава, анансаваны выдавецтвам, так і не пачаў выходзіць. А ці выходзяць там сёньня кнігі Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Уладзімера Някляева, Генадзя Бураўкіна? Не пералічыць усіх нашых таленавітых аўтараў, якім не знайшлося месца ў дзяржаўным выдавецтве. Але не адной дзяржавай жывы чалавек, не на адной дзяржаве трымаецца наша культура. Гэта я хацеў бы падкрэсьліць.

— «Скарыніч» заўсёды вызначаўся сур’ёзным зьместам, публікацыяй цікавых тэкстаў, адшуканых вамі ў архівах. А што адметнага знойдзе чытач у юбілейным выпуску?

— У трох апошніх «Скарынічах» галоўны ракурс — маскоўскі погляд на беларускую культуру і гісторыю: чаго мы вартыя як народ, як асабовасьць этнічная і інтэлектуальная. Другі ракурс — погляд беларуса на Маскву і Расею. З дзяцінства ж мы чулі: «От московского Кремля начинается земля». Ці, як напісаў наш сучасьнік паэт Васіль Зуёнак: «Без такой Расіі — сэрцам не абняць — / мы куды б хадзілі ссылку адбываць?». Увогуле беларуска-расейскае сыходжанне-адштурхоўваньне — тэма неабсяжная. У новым выпуску «Скарыніча» акурат і зьмешчаны сьціслы агляд беларускае прысутнасьці ў расейскай сталіцы — ад Сярэднявечча да нашых дзён. І менавіта дзясяты выпуск найбольш рэпрэзэнтатыўны. Калі ўканкрэтніцца, то гэта тэксты Генадзя Бураўкіна (Масква ў ягоным ўспрыманьні), маскоўскія старонкі ў жыцьцяпісе Ўладзімера Караткевіча і г.д. Віктар Чайчыц, наш палітоляг-міжнароднік, разважае пра Беларусь, яе месца ў эўрапейскім кантэксьце. Заўсёды па традыцыі мы даем матэрыялы з архіваў. У дзясятым выпуску зьмешчаныя малавядомыя тэксты пра станаўленьне нашай беларускай дзяржаўнасьці ў пачатку 20-х гадоў. Некаторым дасьледчыкам сёньня здаецца, што беларуская дзяржаўнасьць звалілся нам, як сьнег на галаву, у 1990 годзе. А вы пачытайце ў «Скарынічы» «Лісты зь Менску» Рамана Суніцы (Рамуальда Зямкевіча). Гэта хранікальныя запісы пра першыя дні савецкай улады ў Менску... Пра тое, чым бальшавікі тут займаліся, каго арыштоўвалі, як раскрадалі нашыя музэі... Альбо вось яшчэ адна публікацыя ў «Скарынічы», цікавая ў кантэксьце беларуска-расейскіх дачыненьняў. Барыс Савінкаў, вядомы пісьменьнік і палітычны дзеяч, з прадстаўнікамі Булак-Булаховіча падпісвае маніфэст, нейкую дамову аб незалежнай Беларускай Рэспубліцы. Для нас тут істотна тое, што расейскі дзеяч падняўся, як кажуць, над сытуацыяй, у адрозьненьне ад бальшавікоў, і падтрымаў незалежную Беларускую дзяржаву. І мы павінны гэта ўлічваць.

— «Скарыніч» — выданьне безганарарнае. Відаць, маеце з гэтай прычыны праблему з аўтарамі?

— Не без таго. Матэрыяльны стымул — пры сьціплым становішчы нашых творцаў — сапраўды адсутнічае. Тым ня менш, для «Скарыніча» пісалі і пішуць Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Ніл Гілевіч, Радзім Гарэцкі, Ганна Запартыка, Генадзь Кісялёў, Уладзімер Конан, Анатоль Кудравец, Арсень Ліс, Аляксей Пяткевіч, Генадзь Праневіч, Алег Рудакоў, Віталь Скалабан, Юрка Туронак, Ірына Шаўлякова...Натуральна, падмагаюць нам і нашы маскоўскія сябры: Іван Бурсаў, Уладзімер Бутрамееў, Юры Лабынцаў, Ларыса Шчавінская, Алесь Кажадуб, Валеры Казакоў, Віктар і Алесь Чайчыцы. Ім усім я выказваю ўдзячнасьць. «Скарыніч» — гэта пэўны выклік, калі хочаце, альтэрнатыва тым выданьням у Беларусі, якія заціснутыя. Наш галоўны крытэр — здольнасьць нашай культуры да супраціву. І пакуль яна супраціўляецца, яна жыве і разьвіваецца.

— У дзясятым «Скарынічы» апублікаваны ліст міністра культуры Паўла Латушкі. Аказваецца, і міністар чытае вас... А ці хоць дапамог у якой-небудзь канкрэтнай справе?

— Не магу не падзякаваць спадару Латушку за цёплае слова на адрас «Скарыніча». Урэшце, ён — адзіны міністар у Беларусі, які гаворыць па-беларуску. Што да дапамогі... У Маскве ўжо пяць гадоў таму паўстаў прыгожы помнік Янку Купалу. Ён стаіць у прасторным скверы на Кутузаўскім праспэкце. Можна было б ладзіць там Купальле, паэзію беларускую і расейскую прапагандаваць, песьні нашыя. Можна было б там новы «Славянскі кірмаш» зрабіць — за меншыя грошы. Масква б бачыла, беларусы б уцешыліся... Але — няма міністэрства беларускага, няма там чалавека, якому б гэта балела. Ёсьць генэралы ад літаратуры, ад чаго яшчэ?.. Так што я разглядаю віншаваньне Латушкі як прыватны, добры, чалавечы факт — дзякуй яму за гэта. Але Міністэрства культуры як арганізацыю ці структуру беларускую я разглядаць не магу.

— У юбілейным «Скарынічы» я зьвярнуў увагу на артыкул расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава. Аказваецца, 6% сучасных лічаць беларусаў ледзь ня ворагамі. Гэта нешта раней нечуванае.

— Я мяркую, што гэта асабістае назіраньне пана Суздальцава.

— Гэта вынікі афіцыйнага сацыялягічнага апытаньня.

Газ даражэе — значыць, расейцы для беларусаў ворагі ...

— Згаджаюся. Што тут сказаць... Прыходзяць на памяць радкі вялікага ўкраінскага паэта, нашага сучасьніка Дзьмітра Паўлычкі: «Москва тепер корычнево-червона і спокон вік така вона як е». Мне, масквічу, цяжка пра гэта гаварыць. Як мне падаецца, варожасьці няма. Гэта ўсё палітычныя пасьледкі. Газ даражэе — значыць, расейцы для беларусаў ворагі. Газ таньнее — беларусы для расейцаў ворагі. Бачыце, Суздальцаў — расейскі аналітык, які рэальна, цьвяроза, жорстка рэагуе на беларускую палітычную сытуацыю: калі вы народ, дзяржава самастойная, то хопіць халявы, трымайцеся і карміцеся самі. Зразумела, абываталі расейскія (колькі іх — шэсьць, дзесяць, пятнаццаць адсоткаў?) могуць і так разважаць: «До каких пор мы будем кормить белорусов, если они не идут под общую длань, под наш двуглавый орёл?! Они „незалежности“ хотят за наш газ, за нашу нефть дешёвую». Разумееце, так у палітыцы не бывае. На якім возе едзеш — таго і песьні сьпяваеш.

— А вось і ажыцьцяўленьне на практыцы статыстыкі Суздальцава. У Іркуцку трапіў пад перасьлед уладаў старшыня тамтэйшага беларускага таварыства Алег Рудакоў. Што вам за гэтым бачыцца?

— Актыўная дзейнасьць Алега Рудакова ўзварушыла цэлыя пакаленьні беларусаў-сібіракоў, што не магло застацца па-за ўвагай, я б сказаў, «муха-катлетнай» службы. Служба гэтая натрэніраваная здавён. Яна можа разлажыць любую арганізацыю, скампрамэтаваць любога лідара, зрабіць яго злачынцам, карупцыянэрам. Таму нам трэба ўсімі даступнымі сродкамі ратаваць і бараніць Алега Рудакова. Мяне яго лёс вельмі непакоіць. Пры ім беларушчына ў Іркуцку расквітнела, чаго нельга сказаць пра Маскву, Пецярбург ці расейскія правінцыі, дзе толькі фармальна беларуская прысутнасьць абазначана.

— Ці будзе «Скарыніч» выходзіць і надалей?

— Ён бы ўжо даўно не выходзіў, калі б не малады мой калега Віктар Чайчыц. Калісьці архівіст і сябра мой незабыўны Віталь Скалабан адгукаўся на выхад новага гадавіка ў газэце так: «Скарыніч» будзе выходзіць, бо скарынічы вечныя!". А скарынічы яшчэ не перавяліся — ні ў Менску, ні ў Маскве.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG