Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ермакова: У 2013-м пачнем рыхтавацца да дэнамінацыі

абноўлена

Надзея Ермакова
Надзея Ермакова

Старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Надзея Ермакова 3 траўня паведаміла дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, што Нацыянальны банк пакуль не разглядае пытаньне пра дэнамінацыю.

У 2012 годзе гэта было б заўчаснай справай. На гэты год для нас галоўная задача — прыпыніць высокі ўзровень інфляцыі, таму сёлета дэнамінацыі ня будзе.

«У нас яшчэ ў кампутарах зьмяшчаюцца ўсе нулі, а ў кашалькі ўлазяць грошы з нулямі. Аднак, расьце дабрабыт людзей, і, магчыма, нам давядзецца зьвярнуцца да дэнамінацыі. Гэтым пытаньнем мы пачнем займацца не раней, чым у 2013 годзе. Думаю, што на гэта спатрэбіцца даволі працяглы час, бо трэба будзе падрыхтаваць новыя грошы», — сказала Надзея Ермакова.

Што тычыцца эканамічных наступстваў дэнамінацыі, дык на думку Надзеі Ермаковай, гэта апэрацыя не прынясе эканоміцы краіны ні плюсоў, ні мінусаў. «Гэта раўнаўзважаная апэрацыя», — сказала Надзея Ермакова.


Ермакова: «Супраца з МВФ вельмі важная»

«Беларусь па-ранейшаму зацікаўленая ў супрацоўніцтве зь Міжнародным валютным фондам», — заявіла журналістам старшыня праўленьня Нацыянальнага банку краіны Надзея Ермакова.

Яна пацьвердзіла, што просьба пра супрацоўніцтва з МВФ, зь якой Беларусь зьвярнулася год таму, па-ранейшаму застаецца ў сіле.

«Для нас важна нават ня столькі атрыманьне новага крэдыту ад МВФ і рэфінансаваньне старога, колькі дапамога, якую гэтая міжнародная арганізацыя можа нам аказаць», — сказала Ермакова.

Яна таксама дадала, што супрацоўніцтва з МВФ добра ўплывае на імідж краіны. «Таму для нас супраца з МВФ вельмі важная», — сказала Надзея Ермакова.

Што тычыцца атрыманьня чарговага траншу з фонду ЭўрАзЭС, дык тут сытуацыя, паводле Надзеі Ермаковай, наступная:

«У Беларусі прыняты закон аб крэдытаваньні эканомікі. Ён падпісаны кіраўніком дзяржавы. У той жа час антыкрызісны фонд патрабуе ад Беларусі, каб яна зьменшыла крэдытаваньне эканомікі. У гэтым ёсьць пэўная праблема, але я спадзяюся, што яна будзе станоўча вырашана», — сказала Надзея Ермакова журналістам.


Ермакова: «Замежныя банкі хочуць працаваць у Беларусі»

«Замежныя банкі выказваюць вялікі інтарэс да працы ў Беларусі», — сказала Ермакова. — «Аднак мы ня хочам, каб на нашай тэрыторыі працаваў кожны ахвотны, таму мы вельмі ўважліва ставімся да разгляду новых заявак і маем намер падняць статутны капітал новых банкаў, якія прыходзяць на нашу тэрыторыю, з 5 мільёнаў эўра, як цяпер, да 25 мільёнаў эўра».

«Што тычыцца продажу беларускіх банкаў замежнікам, дык тут найбольш верагодны продаж „Парытэтбанку“. Гэты банк параўнальна невялікі, і цяпер ёсьць шмат ахвотных яго купіць, таму мы ставім за яго высокую цану і правядзем добры конкурс», — сказала Надзея Ермакова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG