Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім офісе Радыё Рацыя сканфіскавалі тэхніку


Фота Радыё Рацыя

Фота Радыё Рацыя

Забралі ноўтбук і сыстэмны блёк.

Міліцыянты склалі «пратакол агляду» кватэры, дзе месьціцца менскі офіс «Рацыі». У дакумэнце яны пазначылі, што забіраюць тэхніку на праверку.

Інфармацыя пра затрыманьне журналіста Генадзя Барбарыча не пацьвердзілася, адзначае БАЖ.

2 траўня каля 20-й гадзіны ў офіс радыёстанцыі ў раёне плошчы Перамогі завіталі ўчастковыя. Яны абыходзілі ўсе памяшканьні ў сувязі з рэпэтыцыяй параду да 9 траўня.

«Сказалі, што нібыта з боку суседзяў ёсьць нейкія прэтэнзіі. Хаця гэта няпраўда, бо ў нас тут заўжды ціха і спакойна. Яны пачалі глядзець газэты, кнігі, якія ёсьць на офісе. Іх увагу зачапілі кнігі, якія выдала „Вясна“ пра Плошчу-2010. І тады яны пачалі ўсё пільна аглядаць. І патэлефанавалі свайму кіраўніцтву з Цэнтральнага РУУС, якое неўзабаве прыехала на чале з намесьнікам начальніка Анатолем Шахлаем. Іх тут было чалавек восемь-дзевяць. Вынесьлі кампутары нашы — ноўтбукі сыстэмны блёк стацыянарнага кампутара. Тады я ім сказаў, што я журналіст. Яны неяк зьмянілі сваё стаўленьне да мяне. Таму што спачатку ставіліся досыць агрэсыўна. Пратакол на выняцьцё тэхнікі складаўся. Я яго падпісаў. Сказалі, што бяруць на праверку. Тут адбыўся сапраўдны ператрус, хаця і бяз санкцыі пракурора. Супрацоўнік міліцыі на маю заўвагу сказаў, што, маўляў, яго цікавіць, што тут ёсьць у нас, і гэта, маўляў, не ператрус. Пераглядзелі ўсе паперы, нататнікі, праўда, мае асабістыя рэчы не кранулі», — кажа журналіст «Рацыі» Генадзь Барбарыч.

Пратакол складаў старшы опэрупаўнаважаны Бабкоў. Кіраваў апэрацыяй намесьнік начальніка міліцыі Цэнтральнага раёну Анатоль Шахлай.

Ператрус у офісе «Рацыі» адбыўся напярэдадні Ўсясьветнага дня свабоды друку, які адзначаецца 3 траўня.







XS
SM
MD
LG