Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парфянкоў: Мне «сьвеціць» альбо паўгода арышту, альбо год калёніі


Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

Былому палітвязьню Васілю Парфянкову выставілі абвінавачаньне па новай крымінальнай справе. Алег Гнедчык і Сяргей Казакоў уладкаваліся на працу, але ня кажуць, куды. Уладзімер Лобан і Яўген Сакрэт — за мяжой. Якія навіны ў былых палітвязьняў, як яны ўладкоўваюцца на волі?

2 траўня былому палітвязьню Васілю Парфянкову, за якім месяц таму быў усталяваны прэвэнтыўны нагляд, Першамайскае раённае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менску вынесла афіцыйнае абвінавачаньне па чарговай крымінальнай справе за парушэньні рэжыму:

«Справу завялі новую. Сёньня справа ўжо, так бы мовіць, шытая. Мяне сёньня азнаёмілі афіцыйна з чарговай крымінальнай справай і вынесьлі абвінавачаньне. Мне сьвеціць альбо паўгода арышту, альбо год калёніі».

Карэспандэнтка: «Але гэта ўжо суд прызначае?»

«Так, суд. Хутка будзе прызначаны суд, і ён будзе прызначаць тэрмін».

Яшчэ адзін былы палітвязень, якому таксама быў прызначаны прэвэнтыўны нагляд, Уладзь Яроменак, адбывае цяпер адміністрацыйны арышт тэрмінам 7 сутак на Акрэсьціна. Нагляд застаецца і за Паўлам Вінаградавым, які два дні таму выйшаў на свабоду.

Адзінкам з былых палітвязьняў удалося ўладкавацца на працу на радзіме. Паўгода таму пасьля адседкі Сяргея Казакова звольнілі з прадпрыемства «Садавіна-імпарт», і юнак доўга ня мог знайсьці працу:

Сяргей Казакоў

Сяргей Казакоў

«Цяпер знайшоў сабе новую працу, працую сьвятлатэхнікам. Напэўна, ня буду казаць, дзе, бо мне, шчыра кажучы, з гэтымі пастаяннымі стратамі працы ўжо ня хочацца сьвяціцца. Там, праўда, зарплата — 90 даляраў у эквіваленце, але праца ў мяне ёсьць, і гэта радуе. Працягваю займацца музыкай. Міліцыя па-ранейшаму напружвае. Прыходзяць дахаты раніцай перад кожнымі буйнымі акцыямі, часта тэлефануе ўчастковы, запрашае зайсьці на прафіляктычныя гутаркі».

Знайшоў працу і Алег Гнедчык. Але таксама ня кажа, дзе.

Алег Гнедчык

Алег Гнедчык

«Уладкаваўся на працу, усё больш-менш нармальна. Зрэдку прыходзяць міліцыянты альбо выклікаюць да сябе».

Карэспандэнтка: «А на працы — ніякага ціску?»

«Не, на працы ўсё нармальна. Але там быццам бы ніхто ня ведае пра маё мінулае, а сам я таксама не кажу, што адседзеў».

Але далёка ня ўсім шанцуе ўладкавацца ў Беларусі. Некаторыя зьехалі за мяжу — у Расею, ва Ўкраіну, Польшчу. За мяжой Уладзімер Лобан, Алег Федаркевіч, Яўген Сакрэт. Праўда, ня ўсе жадаюць распавядаць, дзе і як уладкаваліся. Яўген Сакрэт не хавае, дзе ён:

Яўген Сакрэт

Яўген Сакрэт

«Жыву зараз у Польшчы. Мне трэба было зьехаць. Я знайшоў аднаго гаспадара, які мае аграсядзібу, прымае турыстаў. А я працую ягоным памочнікам».

У Польшчы, у горадзе Лодзі на падрыхтоўчым аддзяленьні эканамічнага ўнівэрсытэту па праграме Каліноўскага вучацца Фёдар Мірзаянаў і Ільля Васілевіч. Маці Ільлі спадарыня Тамара распавяла:

«Яны вывучаюць пакуль польскую мову. Але ня толькі мову, але і матэматыку, гісторыю, геаграфію, навуковыя тэрміны. Авалодаюць мовай, а потым будуць вучыцца далей. Ільля кажа, што вучацца пасьпяхова. Распавёў, што быў сход, і з шасьцідзесяці „каліноўцаў“ толькі да чацьвярых няма пытаньняў, зь якіх двое — Фёдар і Ільля. Ільлю мовы лёгка даюцца, Фёдару, думаю, таксама».

Дзьмітрый Дрозд

Дзьмітрый Дрозд

Гісторык-архівіст Дзьмітрый Дрозд пасьля вызваленьня падрыхтаваў і выдаў другое выданьне сваёй навуковай працы:

«Мая кніга называецца „Землеўладальнікі Менскай губэрні 1861-1900“. Вельмі добра прадаецца, людзі купляюць, дзякуюць з Аўстраліі, зь Нямеччыны, з Ізраілю, даслаў і ў Канаду. Вельмі патрэбная аказалася праца, мне як аўтару вельмі прыемна. Зараз пачаў ужо над другім томам працаваць».
XS
SM
MD
LG