Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тайныя лідэры» беларускай эканомікі


Бізнэс-цэнтар 21 стагодзьдзе

Бізнэс-цэнтар 21 стагодзьдзе

Інтэрнэт-выданьне «Ежедневник» і часопіс «Бизнес-ревю» склалі топ-10 кампаніяў – «тайных лідэраў» беларускай эканомікі.

Гэтыя прадпрыемствы, брэнды і прозьвішчы іх уладальнікаў, хутчэй за ўсё, нічога ня скажуць простаму чытачу, на слыху якога звычайна назвы гігантаў айчыннай індустрыі і транснацыянальных карпарацый з consumer-market. Але гэта таксама ў простым сэнсе гіганты і транснацыянальныя бізнэсы, якія займаюць лідэрскія пазыцыі на лякальным, рэгіянальным і нават сусьветным рынках. Іх адрозьненьне ад вядомых брэндаў і кампаній толькі ў тым, што дамінуюць яны ў вузкіх сэгмэнтах, гэта так званыя ў эканамічнай літаратуры схаваныя лідэры.

У топ у выніку увайшлі 10 кампаній-«тайных лідэраў», але ў беларускай эканоміцы іх нашмат больш. Часта яны – адкрыцьцё ня толькі для абывацеля, які й цяпер асацыюе тыя ці іншыя брэнды «тайных лідэраў» зь якасным імпартам, але і для чыноўнікаў. Такім чынам, хто яны, «тайныя лідэры» беларускай эканомікі?

«Алютэх»


«Алютэх» ужо нельга назваць невядомай кампаніяй, хоць яшчэ пару гадоў таму аб адным з найбуйнейшых у СНД і Ўсходняй Эўропе вытворцы ралетных сыстэм, алюмініевых профіляў і сэкцыйных варот ведалі толькі ў гэтым адносна невялікім, але дынамічным сэгмэнце.

У заснавальніка бізнэсу – былога інжынэра самалётаў і рухавікоў Аляксея Жукава зь яго цяперашнім бізнэсам агульнае хіба што алюміній, зь якога вырабляюцца і самалёты, і профілі. Але бізнэсмэн неяк здолеў разгледзець гэтую нішу, здолеў пачаць у ёй і дамагчыся ўражлівых посьпехаў.

«Беллесвыраб»


У 2010 годзе гэтая кампанія адкрыла склад і шоў-рум сваіх вырабаў у Нью-Ёрку, адкуль яе прадукцыя – шпанаваныя міжпакаёвыя дзьверы – разыходзяцца па гандлёвых сетках некалькіх амэрыканскіх штатаў і Канады. Рынкаў СНД і нават Эўропы, дзе «Беллесвыраб» зьяўляецца найбуйнейшым вытворцам у сярэднекоштавым сэгмэнце, гэтым беларускім бізнэсоўцам ужо мала.

Усяго кампанія, чые вытворчыя магутнасьці разьмешчаныя ў Менску і ў Гарадзеі, у пачатку 2012 году прадавала дзьверы ў 21 дзяржаву сьвету.

На гэты бізнэс раўняюцца іншыя беларускія вытворцы: «Халес», Green Plant, «Белавеская пушча», «Выток», «Лаза», «Ака», «Буддэталі» – гэта наймагутная індустрыя вытворчасьці дзьвярэй у Эўропе.

«Алкопак»


Гомель, дзякуючы групе «Алкопак», якая аб'ядноўвае некалькі афіляваных кампаній у Беларусі, Нямеччыне і Расеі, зь сярэдзіны 2000-х гадоў зьяўляецца сталіцай ўсходнеэўрапейскай вытворчасьці розных упаковачных прыладаў і ўпаковачных матэрыялаў. Гэты бізнэс увесь час пашыраецца. Летась, напрыклад, у Гомелі пачало функцыянаваць новае падразьдзяленьне «Алкопака» – завод прамысловай упаковачнай плёнкі. Аб'ём інвэстыцый у праект склаў 22 мільёны эўра.

«Рэгула»


Інжынэры беларускага палітэха на сьвітанку незалежнасьці стварылі кампанію, якая цяпер зьяўляецца адным з трох вядучых сусьветных вытворцаў прыбораў і праграм для вэрыфікацыі дакумэнтаў, грашовых знакаў і каштоўных папер.

Круг кліентаў адносна невялікай кампаніі (у ёй працуе каля 100 чалавек) складаюць міністэрства ўнутраных і замежных спраў, паліцыя, памежныя і мытныя службы, банкі, страхавыя кампаніі і іншыя структуры і арганізацыі шматлікіх краін сьвету.

«Уніфлэкс»


Плён кампутарніка паводле адукацыі Валянціна Буйкевіча – адна з найбуйнейшых у СНД вытворчасьцяў самаклейных этыкетак і пастаўшчык паслуг друку на гнуткіх рулённых матэрыялах.

Прадукцыя «Уніфлэкса» ўвесь час на вачах ва ўсіх – гэта этыкеткі на напоях у PET-тары, бакалейных таварах, сродках гігіены, замарожаных прадуктах, кетчупах, маянэзе і іншых падліўках, касмэтычных сродках, каве, гарбаце і какаве, морапрадуктах, таварах бытавой хіміі.

«Леан груп»


Уладальнікі гэтай кампаніі больш за дзесяць гадоў робяць пасьпяховы бізнэс на выпуску туб для парфумэрна-касмэтычнай, харчовай, мэдычнай прамысловасьці. За гэты пэрыяд яны вырасьлі ў найбуйнейшага ў СНД вытворцу гэтай прадукцыі.

У канцы 2000-х на бізнэс Уладзімера Санкоўскага і Сяргея Карповіча зьвярнуў увагу адзін з найбуйнейшых у сьвеце вытворцаў упакоўкі – ізраільская кампанія «Лагін Тубапласт». Яна прапанавала партнэрства ў рамках сумеснага прадпрыемства, якое з 2008 году пасьпяхова функцыянуе ў СЭЗ «Менск».

«СтіМ»


Вытворчасць матэрыялаў для дарожнай разьметкі і абсталяваньня для яе нанясеньня аказалася настолькі выгаднай справай, што ўладальнік берасьцейскай кампаніі «СТіМ» Зьміцер Чарненка інвэставаў частку даходаў ад асноўнага бізнэсу ў будаўніцтва прэстыжнага катэджавага пасёлка пад Берасьцем – «Сьцімава».

«СТіМ» зьяўляецца адным зь лідэраў у гэтым сэгмэнце ў СНД. Берасьцейцы разьвіваюцца і ў іншых напрамках. Абсталяваньне кампаніі працуе ў краінах Балтыі, у Польшчы, партыя машын для разьметкі дарог была пастаўлена ў ЗША.

VDS


Гэты беларускі бізнэс, вытворчая пляцоўка якога знаходзіцца ў Менску, а дыстрыбутарскія офісы ў Смаленску і Познані, вядомы сярод усіх уладальнікаў аўтазаправак у СНД і Ўсходняй Эўропе.

Кампанія VDS больш за 15 гадоў спэцыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасьці рэклямнага абсталяваньня для АЗС. У кола яе кліентаў таксама ўваходзяць уладальнікі аўтамабільных і гандлёвых цэнтраў.

Беларусы, напрыклад, стваралі фірмовы стыль і выраблялі адпаведнае абсталяваньне для заправак «Лукойла», «Татнафты», «Газпрома», ТНК-BP, «Сургутнафтагаза», «Раснафты», для казахстанскай кампаніі «КазМунайГаз» і ўкраінскага трэйдэра WOG.

Yukon Advanced Optics Worldwide


Гэты беларуска-амэрыканскі бізнэс, цэнтральны офіс якога нядаўна разьмясьціўся ў Вільні, кантралюе каля 60 працэнтаў сусьветнага рынку прыбораў начнога бачаньня.

Кампанія выпускае таксама біноклі, глядзельныя трубы, начныя прыцэлы, лазэрныя далямеры, цеплавізійныя прыборы. Яе ключавы вытворчы актыў – гэта лідзкі завод «Белтэкс Оптык», які ў пачатку 1990-х стварыў Аляксандар Альшэўскі.

Таксама ў групу Yukon Advanced Optics Worldwide ўваходзяць вытворчыя, дыстрыбуцыйныя і сэрвісныя прадпрыемствы ў ЗША, Вялікабрытаніі, Расеі, Украіне і Кітаі.


«Косьвік»


Перш чым знайсьці прызнаньне на беларускім рынку, гэтая кампанія заваявала рынкі ЗША, Канады і Эўропы.

«Косьвік» сёньня адзін з трох вытворцаў калекцыйнага паркету з масіву ў Беларусі і адзін з лідэраў у гэтай нішы на рынку СНД.

У 2010 годзе Лукашэнка, пабываўшы на заслаўскім заводзе прадпрыемства, прапанаваў заснавальніку і ўладальніку «Косьвік» Уладзімеру Яноўскаму пабудаваць яшчэ такія ж прадпрыемствы ў іншых месцах Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG