Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Terra nova Алеся Салаўя


Алесь Салавей. 1950-я гады

Алесь Салавей. 1950-я гады

Дзевяностагодзьдзе паэта Алеся Салаўя наўрад ці будзе адзначана на Койданаўшчыне, дзе ён нарадзіўся, ці ў аўстралійскім Мэльбурне, дзе ён памёр. На радзіме на яго зноў, як за савецкім часам, забыліся, а на чужыне хто памятацьме пра тыя ўгодкі? Паэтавы сябры-раўналеткі — Мікола Аўрамчык у Менску ды Ігар Качуроўскі ў Мюнхэне — ужо разьмянялі па дзясятым дзясятку. А ён пражыў усяго пяцьдзясят сем, зь іх трыццаць чатыры — па-за межамі Беларусі, якую пакінуў дваццацітрохгадовым юнаком. Рэдка хто зь беларускіх паэтаў тае пары мог пахваліцца ўладкаваным жыцьцём, шмат хто зьдзейсьніў падканвойнае падарожжа ў Сыбір... Але нават на тле тых трагічных падзеяў жыцьцёвы шлях Алеся Салаўя ўражвае сваёй беспрытульнасьцю. Вёска Крысава пад Койданавам (дзе ён, тады яшчэ Альфрэд Радзюк, нарадзіўся 1 траўня 1922 году) — Самахвалавічы — Наталеўск — Вялікія Навасёлкі — Менск — Лагойск — Ільля — Рыга — Вільня — Беласток — Пуйкуле — Руйене — Масяру — Гедэмэстэ — Лібава — Кёнігсбэрг — Талін — Бэрлін — Прага — Вена — Зальцбург — Кірхгайм — Кротынген — Адэляіда — Мэльбурн (там паэт і памёр 22 студзеня 1978 году)... Вось тыя кропкі на геаграфічнай мапе, дзе знаходзіў свой часовы прытулак (кароткі ці больш працяглы) паэт Алесь Салавей. Хіба толькі ў Мэльбурне займеў нарэшце ўласны дом, на падворку якога зь сябрамі пёк бульбу ў прыску. Бульба з прыску, можа, і смакавала, але занадта непадобная на Беларусь тая Аўстралія, каб хоць часткова замяніць радзіму. Можна дэкаратыўнае карлікавае дрэўца перасадзіць у гаршчок і перавезьці на другі кантынэнт. Эўкаліпт не перасадзіш з Аўстраліі ў Беларусь — не прыжывецца. Так і паэт беларускі не прыжыўся ў Аўстраліі.

У савецкім літаратуразнаўстве існаваў гэткі тэрмін — паэт-самавук. Памятаю, так называлі Старога Ўласа, які працаваў лясьнічым у графа Тышкевіча. Але хто зь беларускіх паэтаў першай паловы ХХ стагодзьдзя мог пахваліцца закончанай літаратурнай адукацыяй? Хіба адзін Уладзімер Дубоўка — выпускнік маскоўскага Брусаўскага літінстытуту. Але дзе ён мог скарыстаць сваю сапраўды выдатную адукацыю? Ня будзеш жа расказваць пра ямбы ды амфібрахіі мядзьведзям у краснаярскай тайзе... Беларускія паэты вучыліся свайму рамяству не ў акадэміях, не ў сівагаловых прафэсараў ці надомных рэпэтытараў. Навука паэзіі перадавалася паэтамі эстафэтна — з рук у рукі, з радка ў радок. І шырокія, як марскія хвалі, памеры Гамэра, і выказаная безапэляцыйна, як судовы вырак, рацыя Гарацыя — усё спасьцігалася непасрэдна над старонкамі кніг. Алеся Салаўя таксама можна залічыць у паэты-самавукі. Не выпадае ж месячныя літаратурныя курсы перад вайной назваць лесьвіцай на Парнас. Ды і ці да навукі было шаснаццацігадоваму юнаку Альфрэду Радзюку (Алесем Салаўём ён стане толькі ў 1942-м), на вачах якога ГПУ арыштавала маці і бацьку, на плечы якога лёг нялёгкі клопат пра малодшую сястру і братоў?

На тых жа курсах навучаўся паэт Мікола Аўрамчык, які пазьней успамінаў: «Альфрэд быў вельмі сьціплы, крыху нясьмелы, занадта сэнтымэнтальны. Затое, калі яго крыўдзілі, ён бываў ганарліва-яршысты. Скардзіўся на слабое сэрца, ня мог хутка хадзіць, яму цяжка было падымацца на трэці паверх. На працягу месяца вучобы жыў на поўным утрыманьні Літфонду. Аднойчы наш агульны сябра, які ўжо настаўнічаў і якраз атрымаў зарплату, запрасіў Альфрэда ў рэстарацыю. Дык той пасьля прызнаўся, што ўпершыню за доўгі час папалуднаваў па-людзку». Паесьці не было за што, а на кнігу (чытайце — самаадукацыю) грошы знаходзіліся. Што ж, многія пачаткоўцы аддавалі перавагу хлебу духоўнаму перад хлебам надзённым. Як тут не прыгадаць аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Альгерда Абуховіча-Бандынэлі: «Хоць галодзен — я свабодзен, гдзе мне цягне — там бягу...». Рыфма «галодзен — свабодзен» мела поўнае права прапісацца ў паэтычным арсэнале Алеся Салаўя. Падцягваць пояс яму ў жыцьці давялося неаднойчы. І ў акупаваным немцамі Менску, дзе хлеб выдаваўся на карткі, і ў Рызе, дзе на беларусаў — супрацоўнікаў часопіса «Новы шлях» (Алесь Салавей уваходзіў у іх лік) — латышы паглядалі падазрона, як на акупантаў. Блыталі з расейцамі. Падцягваўся пояс і ў аўстрыйскім Зальцбургу — у бежанскім лягеры ДП.

І тут я чую зларадны галасок, які абавязкова прагучыць, які ў сучаснай Беларусі ня можа не прагучаць: «Так яму і трэба, калябаранту, нямецкаму паслугачу. Па ім Сыбір плакала!». Так, Алесь Салавей падчас Другой сусьветнай вайны працаваў у «Беларускай газэце», у цывільнай адміністрацыі мястэчка Ільля на Вілейшчыне, у згаданым ужо «Новым шляху». Друкаваў і ў газэце, і ў часопісе лірычныя і патрыятычныя вершы. Але ні разу, ні пад адным прапагандысцкім артыкулам я ні ягонага сапраўднага прозьвішча, ні ягоных менш вядомых псэўданімаў (Антон Дабрыдзень, Алесь Вясновы, Максім Блакітны, Банадысь Свой) ня бачыў. «А чаму ён ня стаў савецкім партызанам?» — чую я той жа галасок. А чаму ён, уласна кажучы, павінен быў са зброяй у руках бараніць той палітычны лад, які яго асіраціў? Гэтаксама ня мела за што асабліва любіць савецкую ўладу супрацоўніца тае ж «Беларускай газэты» Натальля Арсеньнева, якую таксама вінавацяць у калябаранцтве сучасныя чыстаплюі. За што любіць? За казахстанскую ссылку? За мужа на Лубянцы?.. У самае недарэчнае становішча трапіў сябра Салаўя паэт Масей Сяднёў. Прыход немцаў літаральна вызваліў яго з савецкай турмы. Дык што, і ён мусіў ісьці ў партызанскі лес, дзе яму, учарашняму «ворагу народа», які-небудзь засланы з усходу камісарык мог бяз лішніх роспытаў уляпіць кулю ў патыліцу?

Валянцін Таўлай, Сяргей Хмара, Тодар Лебяда, Масей Сяднёў, Алесь Салавей, Уладзімер Сядура, Хведар Ільляшэвіч, Аляксей Анішчык. Менск, 1944 г.

Валянцін Таўлай, Сяргей Хмара, Тодар Лебяда, Масей Сяднёў, Алесь Салавей, Уладзімер Сядура, Хведар Ільляшэвіч, Аляксей Анішчык. Менск, 1944 г.

Алесю Салаўю праца ў «Беларускай газэце» і «Новым шляху» давала магчымасьць, па-першае, фізычна выжыць, па-другое — працягваць самаадукацыю. Што ён, нядаўні вучань савецкай школы, мог ведаць пра гісторыю сваёй радзімы? Пра каўтун на галаве дакастрычніцкага беларуса і пра небывалы росквіт Беларусі пасьля вялікага Кастрычніка? А тут на старонках выданьня, дзе ты працуеш, друкуецца з працягам «Беларусь учора і сяньня» Язэпа Найдзюка, «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага, гістарычныя нарысы Ўсевалада Ігнатоўскага... Чытай — не хачу. Невыпадкова менавіта ў 40-я гады гістарычная тэма ў творчасьці Салаўя выходзіць на першае месца. Ды і пазьней, перабраўшыся з Аўстрыі ў Аўстралію, паэт яе абмінаць ня будзе.

Гісторык Юры Туронак у сваім дасьледаваньні «Беларуская кніга пад нямецкім кантролем» прыводзіць цікавую статыстыку. Аказваецца, і падчас акупацыі варштат Скарыны не прастойваў — за 1941–1944 гады ў сьвет выйшла 117 беларускіх кніг. У сьпісе выданьняў знаходзім і паэтычны зборнік Алеся Салаўя «Мае песьні», надрукаваны трохтысячным накладам у 1944 годзе ў Рызе. Рарытэтны асобнік гэтай падобнай на школьны сшытак кніжкі мне падараваў доктар Туронак. На форзацы — аўтограф: «Вельміпаважанай паэтцы Натальлі Арсеньневай — Алесь Салавей. Бэрлін, 18 верасьня 1944 г.».

Пасьля «Вянка» Максіма Багдановіча я ня ведаю другой такой кнігі (таксама ж — першай), дзе была б гэтак наглядна прадэманстравана тэматычная, мэтрычная і поліфанічная разнастайнасьць верша. Зборнік пачынаецца санэтамі «Гайна» і «Лідзкае замчышча», далей ідуць творы, напісаныя ў форме тэрцыны, рандо, белага верша. Паэт вольна абыходзіцца і з абрывістым брахікалянам і даўжэзным гэкзамэтрам. Яму падуладныя пярэваратні-трыялеты і вершаваныя цыклі, напісаныя ўрачыстым александрыйскім вершам. Ёсьць у зборніку і рыфмаваныя афарызмы, і пераказаныя па-беларуску фрагмэнты з «Калевалы», і насьледаваньні Гамэру, і прыпавесьць пра грэцкага мастака Апэлеса і Аляксандра Македонскага... Хто зь беларускіх савецкіх паэтаў на той час мог сабе дазволіць такое? Ад іх патрабавалася адно — прыраўняным да штыка пяром весьці вайну з фашызмам. Але вайна рэдка натхняе паэтаў на стварэньне шэдэўраў. Паэзія любіць жыцьцё і цураецца сьмерці.

У рэдакцыі «Новага шляху» Алесь Салавей працаваў разам зь літаратуразнаўцам Уладзімерам Сядурам (ён значыўся галоўным рэдактарам) і паэтам Пятром Сакалом. Сваім чалавекам у часопісе быў і Кастусь Езавітаў — дзеяч яшчэ БНР-аўскай плеяды. А жыў паэт у Рызе хоць і на чужамоўнай Бісмарк-штрасэ, але ў кватэры Міколы Дзямідава — беларускага вайскоўца таксама старой, яшчэ царскай, закваскі, які ласкава перадаў землякам ключы, а сам паехаў настаўнічаць у беларускія раёны Латгаліі.

У «мэмуарна-камэнтатыўных нататках» Антона Адамовіча «Так пяяў Салавей» , зьмешчаных у аднатомавіку паэта «Нятускная краса», што выйшаў у слыннай «бінімаўскай» сэрыі ў 1982 годзе, рыскі пэрыяд у жыцьці паэта выглядае ці не празьмерна гусарскім. Наведваў літаратурны салён, пазнаёміўся з мастачкай, якая зрабіла малюнкі да ягонай кнігі... Магчыма, у тым латыска-расейскім салёне Алесь Салавей і знаходзіў часовую кампанію, дзе зьбіраліся неабыякавыя да паэзіі і мастацтва людзі. Але — якой блізкай да адчаю самотай вее зь ягоных тагачасных лістоў да Масея Сяднёва! Нібы жыў паэт ня ў эўрапейскай сталіцы, а на бязьлюднай высьпе. Лісты пісаў — па дваццаць і больш старонак. Ад празьмернай адзіноты спрабаваў ратавацца алькаголем. Даходзіла да псыхічных зрываў. Па начах сам сабе чытаў уголас вершы, будзіў суседзяў. Вось урывак зь ліста, напісанага 31 сьнежня 1943 году: «А я — адзін. На ўсю кватэру адзін. Вярнуўшыся з пошты, вазьмуся за Байрана. Разам зь ім пакіну сваю кватэру, пакіну зямлю і палячу ў аблокі. Разам з Байранам там, у аблоках, я і спаткаю Новы год». Новы год — з Байранам... Вось такі літаратурны салён — у рыскім небе. І далей: «Запраўды, няма збавеньня. Хай яе пярун спаліць, гэтую Рыгу! Цяпер мне б — на Беларусь, у чыстае поле або ў асабнячок у Менску, каб не трывожыць суседзяў...». Колькі беларускіх паэтаў жыцьцё дажывалі, марачы пра падобнае! На берагах Енісея і Гудзона, у казахскіх бяскрайніх стэпах і запалярнай тундры, на падканвойнай Калыме і ў «вольным краі тым, дзе ўдаль плыве Мурэй»...

З Рыгі Алесь Салавей пакручастым шляхам — праз Эстонію, Кёнігсбэрг і Балтыйскае мора — трапляе ў Бэрлін, дзе кароткі час працуе бібліятэкарам пры Беларускай Цэнтральнай Радзе. Калі нехта (ізноў жа!) хоча папракнуць паэта за знаходжаньне па сваёй волі ў логаве фашызму, хай прачытае хоць бы гэты Салаўёў верш, названы па нямецку «Fröhliche Weihnachten», што азначае звыклае і для нас пажаданьне «Вясёлых калядаў»:

Так, Fröhliche Weihnachten! Так, паны,
з грубой душой пад знакам павучыны.
Што ж маеце, вандалавы сыны,
да той жанчыны?

Яна з малой дзяўчынкаю — дачкой,
асіліўшы пакуты і зьнямогу,
вязе ў касьцёл праз ваш несупакой
малітвы Богу.

Дзяўчынка ўся сьсінела, як той «Ost»
на сьвітцы ў маці. Оst’аўка — ня пані,
ёй месца і ні ў сьвята, і ні ў пост
няма ў S-Bahn’e.

Арыйскі дух з вагона гоніць прэч
жанчыну-маці і дачку жанчыны...
...Карае вас, карае Божы меч —
ліхіх, бясчынных.

I зьнікне чорны прывід Сатаны,
і згіне зьверства сьлед на хіжым твары.
Так, Fröhliche Weihnachten! Так, паны,
людзтва пачвары!

Пад вершам дата — 24 сьнежня 1944 году. S-Bahn — гэта гарадзкая чыгунка. «Павучыны знак» — безумоўна, свастыка. А як называе Алесь Салавей фанабэрыстых прадстаўнікоў арыйскай звышрасы? Вандалавымі сынамі і пачварамі. Ці трэба казаць, куды мог трапіць паэт, калі б яго «вясёла-каляднае» пасланьне трапіла ў рукі дасьведчанага немца? У Бухэнвальдзе і Дахаў яшчэ дыміліся печы...

Новы 1944 год паэт сустракаў з Байранам у Рызе. А свой дваццаць трэці дзень народзінаў — проста на дарозе з Вены ў Зальцбург, з яшчэ адным выгнанцам, паэтам Алесем Змагаром. Упрогшыся ў брычку, пагрузіўшы на яе самы неабходны жыцьцёвы набытак, паэты пешкі ратаваліся ад савецкіх войскаў, якія ўжо занялі паў-Эўропы і занялі б яе ўсю, каб не гістарычная сустрэча з хаўрусьнікамі на Эльбе. У Зальцбургу Алесь Салавей трапляе ў адзін з лягероў для выгнанцаў, якія знаходзіліся на ўтрыманьні міжнародных арганізацый. Хоць лягеры гэтыя разьмяшчаліся па-за савецкай акупацыйнай зонай, іх наведвалі савецкія рэпатрыяцыйныя місіі, агітавалі вяртацца ў Савецкі Саюз. Антон Адамовіч пазьней успамінаў, як сярод місіянэраў нечакана пазнаў свайго колішняга калегу па згуртаваньні «Ўзвышша», ад якога пачуў сказанае з аглядкай, напаўголасу: «Не вяртайся». Ня будзем падлічваць, колькі чалавек былы ўзвышэнец выратаваў ад Сыбіры. Думаецца, той учынак залічыўся яму на судзе высокім і справядлівым.

Паінфармаваныя пра небясьпеку вяртаньня на радзіму, са згоды сваіх утрыманцаў насельнікі лягероў мянялі прозьвішчы, рыхтаваліся да выезду з падзеленай на два антаганістычныя станы Эўропы. Алесь Салавей атрымаў часовы пашпарт на імя Альбэрта Кадняка, але салаўіныя песьні працягвалі гучаць у ягонай змучанай настальгіяй і вайной душы. Чатыры гады, пражытыя ім у Зальцбургу, на паўгалодным лягерным пайку, як ні дзіўна, сталіся самым плённым пэрыядам у жыцьці паэта. Разам зь сябрамі Аляксеем Грыцуком і Уладзімерам Дудзіцкім Алесь Салавей выдае часопіс «Пагоня», знаёміцца з украінскімі паэтамі Ігарам Качуроўскім і Барысам Аляксандравым, перакладае іх вершы на беларускую мову.

З украінскімі сябрамі Ігарам Качуроўскім і Барысам Аляксандравым. Зальцбург, 1946 г.

З украінскімі сябрамі Ігарам Качуроўскім і Барысам Аляксандравым. Зальцбург, 1946 г.

Рыхтуючы да выданьня «Творы» Алеся Салаўя, я зьвязаўся з Ігарам Качуроўскім, які жыве ў Мюнхэне. Ліст ад паважнага векам прафэсара прыйшоў вельмі хутка. Пан Качуроўскі жыва прыгадваў падзеі шасьцідзесяцігадовай даўніны, напомніў, што Алесь Салавей у Зальцбургу належаў да Саюзу ўкраінскіх навукоўцаў, пісьменьнікаў і мастакоў. І яшчэ паведамляў: «Некалькі разоў мы выступалі перад публікай супольна — Алесь, Барыс і я. Найпрыгажэй дэклямаваў вершы Алесь». Я прасіў шаноўнага прафэсара і паэта пашукаць у сваім архіве прысьвечаны яму ўкраінскамоўны верш Алеся Салаўя, ад якога засталося адно-адзінае чатырохрадкоўе: «Тільки очі лукаво примружить / І зі швабом тікае за ріг. / О мій Ігоре, любий мій друже, / Вже нікуди немае доріг». Качуроўскі, які дваццаць пасьляваенных гадоў пражыў у Аргентыне, са скрухай паведаміў мне пра сваю бяду: «Калі я ў 1996 годзе наведаўся на свой хутар паблізу Буэнас-Айрэсу, мне расказалі, што мой прыяцель, які той хутар даглядаў, сьпіўся і памёр за пару тыдняў да майго прыезду, а ягоны малодшы брат спаліў мае архівы. Так што я застаў у садзе круглае выпаленае месца і яшчэ раз нядобрым словам згадаў Міхаіла Булгакава зь ягоным хлусьлівым выслоўем «рукапісы не гараць» (ліст ад 12 сьнежня 2008 году). Недзе з тым спаленым архівам пайшоў дымам у аргентынскае неба і працытаваны вышэй верш Алеся Салаўя, і фотаздымкі зальцбургскай пары, і другія сьведчаньні шчырай дружбы двух паэтаў — беларускага і ўкраінскага.

Зальцбургскія гады былі плённымі ня толькі ў літаратурнай творчасьці — у 1945 годзе Алесь Салавей ажаніўся, а праз два гады ўжо стаў бацькам дваіх дзяцей — сына Міхася і дачкі Ганны. А сем’і з малалетнімі дзецьмі краінамі вольнага сьвету (дзе патрабавалася найперш працоўная сіла) прымаліся менш ахвотна. Таму і напісалася ў прысьвячэньні сябру адчайнае: «Вже нікуди немае доріг». Сябры выяжджалі — хто ў Злучаныя Штаты Амэрыкі, хто ў Канаду, хто ў Аргентыну... Вызвалены ад працы Алесь Салавей (пісьменьнік у лягеры мог не працаваць) з акна свайго бараку сузіраў суровыя Альпы і зноў адчуваў сваю непатрэбнасьць у сьвеце.

У 1948 годзе пабачыў сьвет яго зборнік «Сіла гневу», другі пасьля «Маіх песьняў». Гэтыя два зборнікі заўважна розьняцца між сабою: калі ў першым паэт жыцьцялюбна славіў «чыстую красу», то ў другім, кажучы біблейскімі словамі, «упаў у адчай і беспрасьветны смутак», усё часьцей адчуваў сябе фаталістам, якому паўсюль мроіліся вобразы сьмерці (вершы «Зямля ў вагні», «Плыве вадаплаў і плыве...»). «Мігдаловы горкі пах» наплываў ня толькі з Багдановічавага «Вянка» — настольнай кнігі Алеся Салаўя. Спрабуючы растлумачыць схільнасьць паэта да вобразаў сьмерці, як ня ўспомніць адзін вусьцішны факт: дзед будучага паэта пасьля арышту сына Васіля ў 1937-м наклаў на сябе рукі, і падлетку Альфрэду давялося вымаць яго зь пятлі... Ратаваўся Салавей творчасьцю, літаратурай — як відно зь лістоў сябрам, што пачыналі новае жыцьцё за акіянам. Апошні ў «Сіле гневу» верш невыпадкова мае дзеяслоўную назву «Жыць» і заканчваецца радком-заклёнам: «Зь цясьніны я ірвуся, каб жыць, каб жыць, каб жыць!»

Выказвалася, і неаднойчы, меркаваньне, што выезд Алеся Салаўя ў 1949 годзе ў Аўстралію быў памылкай, якая ўрэшце і прысьпешыла ягоную сьмерць. На новым мацерыку, як пазьней у прыватным лісьце прыгадвала ўдава паэта Зінаіда Кадняк, абжыцца было сапраўды няпроста: «Галоўнай праблемай быў дах над галавой. Наняць кватэру ў тыя часы зь дзецьмі было амаль немагчыма. У нас жа ў Аўстраліі ў 1950 годзе нарадзіўся другі сын — Юра. Трое дзяцей, адно зь іх глуханямое... Па сканчэньні двухгадовага кантракту, які адбывалі ў Адэляідзе, мы пераехалі ў Мэльбурн. Сябры дапамаглі пабудаваць частку дому (два пакоі). Далей будаваліся па меры магчымасьці, ашчаджаючы кожны грош, куплялася толькі самае неабходнае. Дужа мала знаходзілася часу на пісаньне вершаў, ды і муза вельмі рэдка наведвала Алеся».

Антон Адамовіч (другі зьлева) ў гасьцях у Алеся Салаўя. Мэльбурн, 1977 г.

Антон Адамовіч (другі зьлева) ў гасьцях у Алеся Салаўя. Мэльбурн, 1977 г.

Антон Адамовіч, каму і адрасаваўся працытаваны ліст, старанна падлічыў усе паэтавы спатканьні з музай пасьля выезду з Эўропы. І хоць альгебра ў спасьціжэньні гармоніі — памочнік, як вядома, ненадзейны, прывядзем тут гэтыя сухія лічбы. Такім чынам, у 1949 годзе Алесь Салавей напісаў 17 вершаў (улічваючы створаныя па дарозе ў накрайсьветную Аўстралію), у 1950-м — 6, у 1951-м — 8, у 1952-м — 28, у 1956-м, 1959-м, 1964-м, 1966-м, 1967-м, 1968-м, 1969-м, 1970-м, 1976-м — па адным вершы; не названыя гады былі ўвогуле бясплённымі. Чым жа займаўся паэт па першым часе ў той Аўстраліі? Дамо слова яму самому: «Насіць цэглу, капаць ямы, пілаваць дровы, вазіць вагонікі зь пяском, забіваць кіркаю каменьне пад шпалы, мясіць гліну, цягаць скрынкі і валізкі, мыць вокны і падлогі, бяліць сьцены, раўняць рыдлёўкай дарожкі ў алеях, падмятаць, прыбіраць — гэта мае спэцыяльнасьці». Пералік «спэцыяльнасьцяў», вядома ж, уражвае. Што ж, Аўстралія — ня Аўстрыя, дзе пісьменьніку дазвалялася не працаваць. А яшчэ Алеся Салаўя не пакідае спрадвечнае беларускае жаданьне «купіць зямлю, прыдбаць свой кут». І ён ці ня ў кожным лісьце параскіданым па сьвеце сябрам піша і піша пра свой няўхільны клопат: «Учора і сёньня шукаў зямлю ў Адэляідзе», «добрая зямля каштуе нямала, затое — хоць адразу будуйся на ёй», «учора купіў зямлю і нарэшце стаўся собсьнікам (18 мэтраў ушыркі і каля 50 — удоўжкі)», «гэтая зямля — мая няўхільная патрэба»...

З жонкай Зінаідай і ўнукамі на акіянскім узьбярэжжы. 1970-я гады

З жонкай Зінаідай і ўнукамі на акіянскім узьбярэжжы. 1970-я гады

У другім паўшар’і шукалася Алесем Салаўём новая зямля — terra nova — літаральна і мэтафарычна. І калі ў першым выпадку пашанцавала, то ў другім — шанцавала ўсё радзей і радзей. Маўчаньне паэта — тэма далікатная, таму наўрад ці мэтазгодна дашуквацца прычынаў гэтага маўчаньня. Розныя паэты па-рознаму пераадольвалі зону нематы: спрабавалі пісаць прозу, перакладалі. Алесь Салавей зьвяртаўся да жанру перакладу і раней, яшчэ ў Рызе і Зальцбургу, але рабіў гэта ад выпадку да выпадку. Часам — зь ветлівасьці. Сяброўскія беларуска-ўкраінскія дачыненьні вымагалі і паэтычных перазоваў. І перазовы гэткія мелі месца: Барыс Аляксандраў і Анатоль Галан пераклалі зь дзясятак твораў Алеся Салаўя — апошні дапамог абазвацца па-беларуску сваім сябрам-украінцам. Але толькі ў Аўстраліі Салавей вырашае заняцца перакладамі грунтоўна. У 1951 годзе ён спрабуе перакладаць вершы Джона Кітса. Вынік перакладчыка не задавальняе, і гэта зразумела: перакладаць ангельскую клясычную паэзію з павярхоўным веданьнем мовы немагчыма. Паэт просіць сябра Янку Філістовіча, які застаўся ў Эўропе, прыслаць ангельскі слоўнік. І той прысылае — перад сваім геройскім дэсантаваньнем у Беларусь, дзе будзе схоплены і расстраляны вясною 1953 году. Ці ведаў пра гэта Алесь Салавей?..

«Каго вы лічыце найлепшым паэтам эміграцыі?» — запытаўся ў Натальлі Арсеньневай журналіст урадавай газэты зь Менску на пачатку 90-х. І пачуў у адказ імя Алеся Салаўя. Думаецца, ня толькі Натальля Арсеньнева лічыла Салаўя найлепшым беларускім паэтам на эміграцыі. Ведалі яму цану і ў савецкай Беларусі. Прытым, ня толькі ў літаратурным асяродку. У 1958 годзе ў беларускім КДБ нават распрацоўвалася спэцапэрацыя па ягоным вяртаньні на радзіму. Не апошнюю ролю ў ёй, па задумцы распрацоўшчыкаў, павінен быў выканаць паэт Мікола Аўрамчык — даўні сябра Алеся Салаўя, а галоўнае — былы палонны, які не застаўся на Захадзе, а вярнуўся ў Беларусь. Да гонару Міколы Якаўлевіча, ён змог адмовіцца ад настойлівай прапановы. Што магло чакаць Алеся Салаўя на радзіме — тлумачыць наўрад ці трэба. За адно супрацоўніцтва з «Новым шляхам» чакалі яго доўгія шляхі ў адным кірунку — на ўсход, у спавіты калючым дротам Гулаг...

Часопіс «Новы шлях», які доўгі час захоўваўся ў недаступных для дасьледчыкаў спэцфондах, сёньня можна замовіць і пачытаць у Нацыянальнай і Акадэмічнай бібліятэках. Праўда, да яшчэ аднаго «фонду» мне так і не ўдалося атрымаць доступу. Аднойчы добрая знаёмая, ведаючы мае літаратурныя зацікаўленьні, прызналася, што яе бацька ў гады Другой сусьветнай вайны выпісваў «Новы шлях». А перад вяртаньнем савецкай улады запакаваў часопісы ў вялікую снарадную гільзу, засмаліў і закапаў на падворку. Ці трэба казаць, што навіна мяне ўзрушыла, і я вырашыў арганізаваць пошукавую экспэдыцыю. Праз пэўны час мы зь сябрамі, прыхапіўшы з сабой вайсковы мэталашукальнік, выехалі па ўказаным адрасе ў адну зь вёсак Нясьвіскага раёну. Знайшлі патрэбную хату, паразумеліся з новымі гаспадарамі і — распачалі пошук. Праз кожныя паўмэтра мэталашукальнік папіскваў, і мы адкопвалі то вялікі іржавы цьвік, то бляшанку з-пад кансэрваў, то падкову. А тым часам на падворку зьбіраліся вяскоўцы, якія прачулі, што нейкія чужакі прыехалі ў іхнюю вёску і шукаюць... золата. Мы не пасьпелі апрацаваць і траціны накрэсьленай на пляне дзялянкі, як да нас падышлі два мацакі з рашучым выглядам на тварах. «Мясцовае самакіраваньне» вырашыла выправадзіць «золаташукальнікаў» за межы вёскі. Нашыя адчайныя тлумачэньні пад увагу ня браліся, а яшчэ больш узьюрвалі натоўп. Давялося падпарадкавацца...

Хата Алеся Салаўя ў Крысаве пад Дзяржынскам. 2011 г.

Хата Алеся Салаўя ў Крысаве пад Дзяржынскам. 2011 г.

Часопіс «Новы шлях» з творамі Алеся Салаўя застаўся ляжаць у надзейнай сховані да лепшых часоў. Я запомніў тую вёску, тую хату і той падворак. Прыхаванае — знойдзецца. Як знойдзецца калісьці і неапублікаваная паэма Алеся Салаўя пра Грунвальдзкую бітву, і недапісаная аповесьць «Пад нагамі гарыць зямля», разьдзелы зь якой аўтар чытаў сябрам. Скарбы позна ці рана знаходзяцца. Як зусім неспадзявана знайшлася родная хата паэта ў Крысаве пад Дзяржынскам — па другі бок ад імклівай аўтастрады, празванай у народзе «алімпійкай». З койданаўскім краязнаўцам Алесем Баркоўскім мы прайшлі ўсю вёску, напытваючы старажылаў, якія маглі б памятаць сваіх колішніх аднавяскоўцаў Радзюкоў. Такіх не знайшлося. Затое адна сямідзесяцігадовая бабуля паказала нам хату, дзе калісьці жыў будучы паэт. Яе, старэнькую, урослую ў зямлю, у 1987 годзе набыў беларускі настаўнік Серафім Бохан — толькі таму, што гэта была Салаўёва хаціна! Падрамантаваная, яна і цяпер служыць прытульным лецішчам для нашчадкаў настаўніка, якія зусім ня супраць, каб на хаце зьявілася мэмарыяльная шыльда ў гонар выдатнага паэта.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG