Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы амбасадар Ізраілю ў Беларусі прызнаўся ў раскрыцьці сакрэтнай інфармацыі


Зэеў Бэн-Ар’е

Зэеў Бэн-Ар’е

Былы амбасадар Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн-Ар’е прызнаўся ў прадастаўленні ў 2008 годзе сакрэтнай інфармацыі палітыку Авігдору Лібэрману. Пра гэта гаворыцца ў абвінавачаньні, выстаўленым Бэн-Ар’е ізраільскай пракуратурай 1 траўня, паведамляе газэта «Гаарэц».

Праваахоўныя органы расьсьледуюць дзейнасьць цяперашняга міністра замежных спраў Лібэрмана ў 2001-2008 гадах, падазраючы падкантрольныя яму кампаніі ў атрыманьні мільёнаў даляраў ад розных бізнэсоўцаў. У той час Лібэрман быў як прыватнай асобай, так і дэпутатам кнэсэту.

Паліцыя меркавала, што ў 2008 годзе пасол Бэн-Ар’е атрымаў запыт Міністэрства юстыцыі аб прадастаўленьні беларускімі ўладамі інфармацыі ў справе Лібэрмана. Запыт быў пазначаны грыфам «сакрэтна» і ўтрымліваў сьпіс усіх падазрэньняў у дачыненьні да Лібэрмана, а таксама істотную інфармацыю аб доказнай базе. Мінюст цікавіўся зьвесткамі аб банкаўскіх рахунках у Беларусі і інфармацыяй аб рэальных уладальніках рахункаў, у асноўным зарэгістраваных на мясцовыя кампаніі.

Меркавалася, што амбасадар не перадаў запыт беларускім уладам, а скапіяваў сакрэтную інфармацыю і паведаміў яе дэпутату Лібэрману падчас яго прыезду ў краіну ў кастрычніку 2008 году.

Былы амбасадар часткова прызнаў правільнасьць падазрэньняў у рамках зьдзелкі са сьледзтвам, згодна зь якой ён будзе абвінавачаны ў перашкодзе выкананьня правасудзьдзя і раскрыцьці сакрэтнай інфармацыі. Бакі таксама дамовіліся, што ён будзе пазбаўлены волі на чатыры-шэсць месяцаў, але, магчыма, Зэеву Бэн-Ар’е ўдасца дамагчыся накіраваньня яго на грамадзкія працы або ўмоўнага вызваленьня, працягласьць якога вызначыць суд.
XS
SM
MD
LG