Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама ў Аўганістане: шлях да міру адкрыты


Барак Амаба і Хамід Карзай у Кабуле
Барак Амаба і Хамід Карзай у Кабуле

Прэзідэнт ЗША Барак Абама заявіў, што «час вайны» завяршаецца, і што параза Аль-Каіды ў цяперашні час «у межах дасяжнасьці».

У прайм-тайм амэрыканскія тэлегледачы ўбачылі трансьляцыю заявы Барака Абамы з вайсковай базы ў аўганскім Баграме:

«Мае амэрыканскія суграмадзяне, — сказаў Абама, — мы прайшлі больш чым 10 гадоў пад цёмным воблакам вайны. Але тут, у перадсьвітальнай цемры ў Аўганістане, мы можам убачыць сьвятло новага дня на гарызонце».

Абама, які прыбыў у Аўганістан ў аўторак вечарам з неабвешчаным візытам, падпісаў пагадненьне з аўганскім прэзыдэнтам Хамідам Карзаем, якое рэгулюе ўзаемаадносіны дзьвюх краінаў пасьля вываду амэрыканскіх войскаў з Аўганістану, якое заплянаванае на канец 2014 году.

Пагадненьне, якое распрацоўвалася цягам некалькіх месяцаў, ахоплівае амэрыкана-аўганскія адносіны у сфэры бясьпекі, кіраваньня, эканомікі і мае на мэце пераход ад вайсковых дзеяньняў да ўстойлівага партнэрства з сувэрэнным Аўганістанам.

Гэта не абавязвае Вашынгтон да канкрэтнай вайсковай прысутнасьці, але дазволіць Злучаным Штатам патэнцыйна трымаць войскі ў Аўганістане пасьля заканчэньня вайны.

«У гэтым кантэксьце мы будзем працаваць з аўганцамі, каб вызначыць, якая падтрымка патрэбная для выкананьня дзьвюх вузкіх мэтаў бясьпекі пасьля 2014 году. Гэта барацьба з тэрарызмам і падвышэньне кваліфікацыі. Але мы ня будзем будаваць сталыя базы ў гэтай краіне, ня будзе патруляваньня яе гарадоў і гораў. Гэта будзе праца з аўганскім народам», сказаў Абама.

Падпісаная Абамам і Карзаем дамова таксама не абавязвае Вашынгтон да пэўнага ўзроўню фінансавых выдаткаў, але прадугледжвае фінансавую падтрымку Кабулу на працягу дзесяці гадоў пасьля вываду апошніх 87000 амэрыканскіх вайскоўцаў.

Белы дом заявіў, што дадзенае пагадненьне абавязвае Вашынгтон «шукаць фінансаваньне ад Кангрэсу на штогадовай аснове з мэтай аказаньня падтрымкі ў падрыхтоўцы, аснашчэньні, кансультаваньні і падтрымцы аўганскіх нацыянальных сілаў бясьпекі, а таксама на сацыяльную і эканамічную дапамогу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG