Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкая тэлевізія: На ІКЕА працавалі вязьні таталітарных краінаў


У сьпісе краінаў ёсьць і Беларусь.

Тэлекампанія SVT паведаміла ў сваёй праграме журналісцкіх расьсьледаваньняў «Uppdrag granskning», што канцэрн IKEA выкарыстоўваў працу зьняволеных, у тым ліку палітычных.

Гэтая тэма шырока абмяркоўваецца ў нямецкіх ды аўстрыйскіх выданьнях, сярод якіх «Stern», «Märkische Allgemeine», «Der Standard» ды іншыя.

Журналісты абвінавачваюць швэдзкі канцэрн у тым, што, вырабляючы такую папулярную сярод спажыўцоў, модную і параўнальна нізкую паводле кошту мэблю, прадпрымальнікі выкарыстоўвалі бясплатную працу вязьняў, пры якой цалкам ігнаравалася тэхніка бясьпекі і ліміты працоўнага часу.

Праграма SVT «Uppdrag granskning», а таксама праграма нямецкага тэлебачаньня WDR «Markencheck» прыводзяць паказаньні былых начальнікаў турмаў ГДР. Паводле аднаго зь іх, які ў 1970–1980-я ўзначальваў папраўчую ўстанову гораду Вальдхайм, на мясцовым мэблевым заводзе вязьні (шмат хто зь іх сядзеў за спробы ўцёкаў з Усходняй Нямеччыны) рабілі ў вельмі цяжкіх умовах. Асуджаныя выраблялі, напрыклад, мэблевы крапеж, ня маючы для гэтага ані адпаведных пальчатак, ані сродкаў для абароны органаў слыху, ані нармальных сядзеньняў.

«Гэта было больш прымітыўна, чым тыя ўмовы, якія існавалі ў эканоміцы ГДР. Гэта была сапраўдная рабская праца», — распавёў журналістам былы турэмнік.

У сваім расьсьледаваньні аўтары праграмы спасылаюцца таксама і на шматлікія матэрыялы з архіваў тайнай паліцыі «Штазі». Яны сьведчаць, што такая рабская праца для швэдзкага канцэрну мела месца сама меней на 65 усходненямецкіх заводах.

У Паўночнай Карэі не ўдалося. Беларусь і Бірма — магчыма, на чарзе

Згодна з інфармацыяй SVT ды нямецкамоўных выданьняў, пасьля развалу ГДР канцэрн пачаў шукаць аналягічную працоўную сілу ў іншых дыктатарскіх краінах. Меркавалася, што вытворчасьць таннай швэдзкай мэблі пяройдзе ў Паўночную Карэю, аднак гэта не ўдалося. І тады працоўныя знайшліся ў Бірме (М’янме) ды Беларусі.

У прыватнасьці, пра гэта піша нямецкі часопіс «Stern».

Летась у лютым у Магілёве было падпісанае інвэстыцыйнае пагадненьне паміж Рэспублікай Беларусь і літоўскай кампаніяй ЗАТ «Vakarų Medienos Grupė» аб стварэньні ў гэтым беларускім горадзе дрэваапрацоўчага комплексу, на якім будзе вырабляцца стыльная скандынаўская мэбля. Ініцыятарам праекту выступіла літоўская кампанія, якая мае партнэрскія сувязі з IKEA. Інвэстыцыі павінны скласьці 64,3 мільёна эўра.

Пра тое, што асуджаныя папраўчых калёніях Беларусі працуюць з парушэньнем нормаў працоўнага заканадаўства, распавядалі «Свабодзе» і самі беларускія вязьні. Яны сьведчылі, што ў некаторых калёніях ёсьць майстэрні зь ненармаваным працоўным днём. Там занятыя адмыслоўцы, аднак іх месячныя заробкі могуць складаць у лепшым выпадку пару дзясяткаў тысяч рублёў. Адміністрацыя не зацікаўленая ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні такіх працаўнікоў і ідзе на гэта толькі ў выпадку, калі тыя знойдуць сабе адпаведную замену. Размова ідзе, сярод іншага, і пра мэблевую вытворчасьць, якая існуе пры шэрагу беларускіх калёніяў. Вязьні, аднак, ня ведаюць, ці рабілі яны штосьці менавіта для ІКЕА.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG