Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інфармацыя аб пераносе Эўра-2012 зьяўляецца перабольшаньнем. Пра гэта заяўляюць у Дзяржаўнай службе моладзі і спорту Ўкраіны.

Пасьля выбухаў у Днепрапятроўску апэрацыйны дырэктар УЭФА Марцін Кален у інтэрвію нямецкай газэце заявіў аб магчымасьці адтэрміноўкі чэмпіянату па футболе. Спартыўныя ж аналітыкі мяркуюць, што хваля крытыкі, якая паступае зь нямецкіх мэдыяў, проста падтрымлівае намеры гэтай краіны правесьці чэмпіянат у сябе.

Пытаньне адмены або пераносу эўрапейскага футбольнага чэмпіянату пакуль не разглядаецца. Пра гэта Радыё Свабода заявіла дараднік у пытаньнях Эўра-2012 Дзяржаўнай службы моладзі і спорту Ўкраіны Вольга Міхайлічэнка. Арганізатары ўлічваюць небясьпеку правакацый і магчымых форс-мажорных абставінаў, кажа яна: «Узмоцненыя захады бясьпекі - абавязковая ўмова такіх мерапрыемстваў».

Дырэктар турніру Эўра-2012 Маркіян Лубкіўскі пасьля пасяджэньня Выканаўчага камітэту УЭФА ў швайцарскім Ніёне заявіў, што падрыхтоўка да чэмпіянату будзе праходзіць у звычайным рэжыме, ніякія зьмены па часе або месцы правядзеньня чэмпіянату не разглядаліся.

Пагроза тэрарызму ці правакацыі?

Эўрапейскі футбольны чэмпіянат і раней праводзіўся ў даволі небясьпечных умовах, адзначае Арцём Франкаў, галоўны рэдактар украінскага часопісу «Футбол». У прыватнасьці, паводле яго слоў, падчас Эўра-1996, які праходзіў у Вялікабрытаніі, у Манчэстэры адбыўся выбух, адказнасьць за які ўзяла на сябе Ірляндзкая рэспубліканская армія. Тады пацярпелі больш за дзьве сотні чалавек, аднак матчы ўсё роўна адбываліся, і заўзятары на іх прыходзілі. Больш за тое, той чэмпіянат лічыцца адным з найлепшых што да арганізацыі, кажа журналіст.

«Большасьць публікацый аб Эўра антыўкраінскай накіраванасьці ідуць чамусьці зь Нямеччыны. Мне здаецца, што Нямеччына нам зайздросьціць. Яна не пакінула яшчэ надзеі перахапіць у нас Эўра, - кажа Арцём Франкаў. - І цяпер яшчэ Гішпанія далучылася. Маўляў, калі ў наступным годзе будзем гуляць, дык прыяжджайце да нас. Што гэта?"

Журналіст: Украіна не шакуе эўрапейскага футбольнага фаната

Наколькі эўрапейскія заўзятары «спалохаюцца», пакажуць першыя дні чэмпіянату, лічыць футбольны аглядальнік Ігар Мірашнічэнка. Ужо позна выпраўляць нэгатыўнае ўражаньне, якое зрабілі публікацыі ў замежнай прэсе, аднак важна, каб тыя фанаты, якія прыедуць, вярнуліся дадому задаволенымі, дадае ён.

«Я ня думаю, што эўрапейцы будуць шакаваныя ўкраінскай рэальнасьцю. Яны ўбачаць, што ва Ўкраіне няма такога неверагоднага ўзроўню прастытуцыі і інфэкцыйных захворваньняў, што тут на вуліцах ніхто не хапае сабак і не адстрэльвае на вачах - хоць гэты факт існуе ў нас, але не ў такіх аб'ёмах. І ўбачаць, што ўкраінскія гарады сапраўды бясьпечныя для грамадзянаў», - кажа журналіст.

Адносна магчымага пераносу ў часе футбольнага турніру выказаўся ў інтэрвію Süddeutsche Zeitung апэрацыйны дырэктар УЭФА Марцін Кален. Паводле яго, чэмпіянат сапраўды пройдзе ва Украіне, яго не перанясуць, могуць хіба што адтэрмінаваць.

Польшча супраць байкоту Еўра-2012 у Украіне

Заклікі шэрагу заходнеэўрапейскіх палітыкаў байкатаваць ўкраінскую частку Эўра-2012 выклікалі ў Польшчы лавіну камэнтароў. Экс-прэзыдэнт Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі заявіў, што ня трэба мяшаць спорт і палітыку. Байкот, да якога заклікаюць заходнеэўрапейцаў, адзначыў Квасьнеўскі, можа пашкодзіць дыялёгу з Украінай, а яго вынікі будуць сумнымі.

Неабгрунтаванымі называе заклікі да байкоту чэмпіянату і польскае Міністэрства замежных спраў. Прадстаўнік міністэрства Марцін Басацкі нагадаў, што менавіта Юлія Цімашэнка прасіла не рабіць інтарэсы Ўкраіны закладнікамі яе асабістага лёсу.

Вядучыя польскія мэдыі шукаюць адказаў на пытаньні, чаму да байкоту футбольнага чэмпіянату заклікаюць перш за нямецкія палітыкі. Радыё TOK FM кажа пра тое, што ўплывовыя нямецкія палітычныя колы сымпатызуюць Расеі. А тая ў сваю чаргу, нагадвае TOK FM, вельмі не хацела, каб ва Ўкраіне адбыўся эўрапейскі футбольны чэмпіянат.

Словы пра байкот Эўра-2012, якія гучаць з вуснаў заходнеэўрапейскіх палітыкаў, зьдзіўляюць Паўла Залеўскага, дэпутата Эўрапейскага парлямэнту ад Польшчы. Гэты палітык правацэнтрысцкіх поглядаў, прадстаўнік кіруючай у Польшчы партыі «Грамадзянская плятформа» кажа пра іх непасьлядоўнасьць.

«Тады, калі парушаліся правы чалавека ў Расеі, калі на працягу многіх гадоў з палітычных прычынаў у турме сядзіць Хадаркоўскі, я ня чуў, каб гэтыя, так бы мовіць, «чэмпіёны свабоды» прапаноўвалі байкатаваць Расею. Наадварот, у іх з Расеяй вельмі інтэнсіўныя адносіны. Як па мне, гэта выбарачны падыход да пытаньня правоў чалавека, які з прычыны сваёй непрапарцыйнай вастрыні не паўплывае на сытуацыю ва Ўкраіне», - сказаў Радыё Свабода дэпутат Эўрапарлямэнту.

Паводле Залеўскага, тыя, хто сёньня гучна крычыць пра байкот Украіны, спрабуюць такім чынам заглушыць голас сумленьня, які маўчаў, калі гаворка ішла аб парушэньнях правоў чалавека ў Расеі. Залеўскі кажа, што ўкраінская ўлада выкарыстала прынцып выбарачнага прымяненьня заканадаўства да Юліі Цімашэнкі, а цяпер заходнія палітыкі робяць аналягічна адносна Ўкраіны.
XS
SM
MD
LG