Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Берасьцейшчыне затрымалі дэлегатаў сходу ініцыятывы Вуса


Уладзімер Катрыч

Уладзімер Катрыч

Берасьцейскі прадпрымальнік Уладзімер Катрыч разам зь яшчэ двума жыхарамі Берасьця затрыманыя ў Кобрыні і дастаўленыя ў мясцовы РАУС.


Пра гэта «Свабодзе» паведаміў Віктар Чайкоўскі зь Берасьця:

«Яны ехалі на аўтамабілі Ўладзімера Катрыча ў Менск на ўстаноўчы сход ініцыятывы Вуса па зьмяненьні выбарчага заканадаўства. Пад Кобрынам іх спынілі: маўляў, у Катрыча падробленыя правы кіроўцы. Гэта правакацыя спэслужбаў, бо ён сем гадоў езьдзіць, а як устаноўчы сход — то пасьведчаньне кіроўцы ім падазорнае.»

Як апавёў Віктар Чайкоўскі, затрыманых даставілі ў Кобрынскі РАУС, дзе складаюць пратакол.

Таксама транспартнай міліцыяй затрыманы баранавіцкі актывіст Рыгор Грык ў цягніку па дарозе з Баранавічаў у Менск. Рыгор Грык пасьпеў паведаміць карэспандэнту «Свабоды», што разам зь ім затрыманыя тры ягоныя сябры, сярод якіх Вячаслаў Болбат. Пасьля гэтага актывіст сказаў, што ня можа болей гаварыць і паклаў слухаўку. Баранавіцкія актывісты таксама накіроўваліся ў Менск на сход ініцыятывы Дьмітрыя Вуса.

1 траўня ў Менску мусіць адбыцца ўстаноўчы сход ініцыятывы былога кандыдата ў прэзыдэнты Дзьмітрыя Вуса па зьмяненьні выбарчага заканадаўства.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Дзьмітры Вус выказаўся за правядзеньне 1 траўня ў менскім парку Дружбы народаў устаноўчага сходу ініцыятыўнай групы дзеля збору подпісаў грамадзянаў за зьмену выбарчага заканадаўства. Менгарвыканкам ня даў дазволу на сход.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG