Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? XLVI. А што б пастанавіў суд прысяжных?


Дзьмітрый Канавалаў

Дзьмітрый Канавалаў

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.

У большасьці дэмакратычных краін, нават у Расеі, крымінальныя справы, дзе на кану стаіць чалавечае жыцьцё, разглядаюцца судамі прысяжных — гэта значыць журы грамадзянаў, якія шляхам галасаваньня вырашаюць, вінаваты чалавек у сьмерці другога чалавека або ў іншым цяжкім злачынстве ці не вінаваты. А ўжо меру адказнасьці вызначае судзьдзя паводле Крымінальнага кодэксу. Зразумела, што суд прысяжных не канечне больш гуманны ці справядлівы за аднаго судзьдзю ці судовую калегію. Безумоўна, ён не гарантуе ад судовай памылкі. Аднак такі суд дае грамадзтву магчымасьць дадаткова кантраляваць судовую ўладу, а галоўнае, як мне бачыцца, — шанец падзяліць зь ёй адказнасьць за лёс чалавека, якога прыцягнулі да суду. Такім чынам, наяўнасьць суду прысяжных — гэта паказчык сталасьці і адказнасьці грамадзтва.

У Беларусі суду прысяжных няма. Размовы пра яго ўвядзеньне актыўна вяліся ў сярэдзіне 1990-х гадоў, а потым сьцішыліся. Дзеля гэткай кардынальнай судовай рэформы патрэбна палітычная воля і мудрасьць, прычым ня толькі кіраўніцтва дзяржавы, але і заканадаўцаў. Аднак выявілася, што яны сваю ролю разумеюць інакш. У выніку за 20 гадоў незалежнасьці беларускае грамадзтва не заслужыла права мець суд прысяжных, які б ад яго імя вырашаў пытаньні пра чалавечае жыцьцё. У нас гэтае права так і не перайшло ад судовых чыноўнікаў, хай сабе і вельмі мудрых ды дасьведчаных, да народу, фармальнага носьбіта ўлады.

Прапаную кожнаму чытачу ўявіць, што ён трапіў у такое журы па справе аб тэракце і пасьля судовага разбору мусіць умоўна пакласьці на адну шалю доказы, якія сьведчаць пра віну Дзьмітрыя Канавалава ў тэракце, а на другую — сумненьні ў ягонай віне. А потым тое самае адносна Ўладзіслава Кавалёва. Пры гэтым дамовімся, што журы прысяжных ня мае права даваць іншы вэрдыкт, акрамя «вінаваты» ці «не вінаваты». Якая з шаляў аказалася б цяжэйшай? Вось які адказ атрымаўся ў мяне.


Ці вінаваты Дзьмітрый Канавалаў у тэрактах 2008 і 2011 гадоў?

За вінаватасьць Канавалава


(Курсівам — аўтарская ацэнка доказу)

1. Ягоныя прызнаньні ў зьдзяйсьненьні выбухаў 2008 і 2011 гадоў, у тым ліку і названы матыў.

Выглядаюць збольшага пасьлядоўнымі і пераканаўчымі, улічваючы асобу Канавалава. Матыў падаецца дапушчальным, але высьветленым не да канца.


2. Паказаньні сьведкі Пачыцкай, віцебскага таксіста Маскалёва, прадпрымальніцы Вусавай пра абставіны, якія папярэднічалі тэракту, падрыхтоўку да злачынства і паводзіны пасьля яго.

Дастатковых падставаў сумнявацца ў паказаньнях Маскалёва і Вусавай ня знойдзена. Паказаньні Пачыцкай маглі быць «скарэктаваныя» ў інтарэсах сьледзтва.


3. Дадзеныя экспэртыз і сьледчых экспэрымэнтаў па праверцы відэа 11 красавіка. Падабенства аблічча Канавалава на відэа і ў экспэрымэнце, падабенства парамэтраў фігуры Канавалава і чалавека з торбай на відэа.

Варта пагадзіцца, што асоба Канавалава на відэа з мэтро 11 красавіка ўсё ж усталяваная. Сьлядоў падробкі відэа, накладаньня адной выявы на іншую ня выяўлена, падзеі на відэа адбываюцца пасьлядоўна. Сьляды ўнутрыкадравага мантажу на відэа, знойдзеныя экспэртамі, можна патлумачыць тэхнічнымі збоямі, недахопамі сыстэмы відэазапісу ці хібамі пры капіяваньні відэа для сьледзтва.




4. Відэа 10 красавіка — зь віцебскага вакзалу, з пэрону менскага вакзалу, зь менскага мэтро, — якія сьведчаць пра маршрут Канавалава напярэдадні тэракту, відэа з мэтро 10 красавіка ў другой палове дня, падчас гэтак званай «рэкагнасцыроўкі» Канавалава.

Не выклікае сумненьняў, што на ўсіх відэа зьняты менавіта Канавалаў, які пазнаў сябе і на сьледзтве, што зрабіў і Кавалёў. Аднак застаюцца падазрэньні адносна адсутнасьці відэа сустрэчы Канавалава і Кавалёва 10 красавіка на менскім вакзале, якое тлумачыцца нібыта тэхнічнымі прычынамі.


5. Здымкі з вонкавых відэакамэр ад 11 красавіка пасьля тэракту, зь якіх бачна, як Канавалаў ідзе з мэтро пасьля выбуху.

Асабліва каштоўны для вэрсіі сьледзтва той кадар, на якім Канавалаў ідзе па Кастрычніцкай плошчы і глядзіць у бок месца здарэньня. Пры павялічэньні добра бачна, што гэта менавіта ён. У сукупнасьці кадры некалькіх камэр пацьвярджаюць паказаньні самога Канавалава пра тое, як ён сыходзіў зь месца тэракту.


6. Адбіткі пальцаў на бомбе 3 ліпеня 2008 году, паказаньні сьведкі Грышмана пра абставіны дактыляскапіі Канавалава 9 красавіка 2011 году.

Адбіткі пальцаў — прамы доказ датычнасьці Канавалава да тэракту 2008 году і ўскоснае сьведчаньне ягонай датычнасьці да тэракту 2011 году, падмацаванае паказаньнямі міліцыянта Грышмана пра абставіны дактыляскапіі. Прыналежнасьць адбіткаў пальцаў Канавалаву пацьвердзіў Інтэрпол. Тое, што на бомбе 2008 году былі знойдзеныя адбіткі пальцаў людзей са спэцслужбаў, не абвяргае гэты доказ цалкам, хоць і зьніжае давер да афіцыйнай вэрсіі.


7. Ідэнтычнасьць кавалкаў арматуры, знойдзеных на месцы тэракту, кавалку з падвалу. Падобная нарэзка кавалкаў. Кавалак трубы з падвалу Канавалава адпавядае кавалку зь месца выпрабаваньняў выбухоўкі. Супадзеньне скотчу з бомбаў 2008 году і скотчу з падвалу. У падвале Канавалава знойдзена прыстасаваньне, ідэнтычнае самаробнаму дэтанатару, які выкарыстоўвалася ў бомбе 2011 году. Прыпой на паяльніку Канавалава супадае з прыпоем ад тэрактаў 2005 году ў Віцебску.

Акрамя скотчу і кавалка трубы, доказы варта ўсё ж залічыць у катэгорыю ўскосных, тым больш што да падзеяў 2011 году зь іх мае дачыненьне толькі адзін. Аднак сукупнасьць гэтых доказаў усё ж працуе на карысьць вэрсіі сьледзтва.


8. Супадзеньне адзеньня Канавалава з тым, якое было на чалавеку зь відэа ў момант зьдзяйсьненьня тэракту ў мэтро.

Верхняе адзеньне Канавалава цалкам супадае з тым, што было надзета на чалавеку з торбай у мэтро 11 красавіка. Засталіся пытаньні пра майку, у якой быў Канавалаў. Паводле некаторых назіральнікаў, яе колер не адпавядае таму, які пазначаны ў вопісе рэчаў Канавалава з матэрыялаў справы.




9. Паказаньні Ўладзіслава Кавалёва на сьледзтве адносна датычнасьці Дзьмітрыя Канавалава да выбуху 2011 году.

Кавалёў, які адмовіўся ад гэтых паказаньняў на судзе, ня змог пераканаўча патлумачыць, чаму зьмяніў паказаньні, і даць абгрунтаваныя тлумачэньні сваіх дзеяньняў 10 красавіка. У прыватнасьці, таго, чаму стаў асьцярожна несьці торбу Канавалава пасьля сустрэчы зь ім на менскім вакзале.


10. Паказаньні двух сьведак, якія знайшлі бомбу 3 ліпеня 2008 году.

Паказаньні паасобку пасьлядоўныя і збольшага не супярэчаць адно аднаму. Недавер выклікае тое, што адзін са сьведак на момант суду знаходзіўся ў месцы зьняволеньня, а значыць, быў залежны ад прадстаўнікоў пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі, якая наўпрост зьвязаная са сьледзтвам.


11. Прылады і хімічныя рэчывы, знойдзеныя ў падвале Канавалава ў ягоным доме па вуліцы Рэпіна ў Віцебску, а таксама ўмовы ў гэтым падвале, якія паказваюць, што ён меў магчымасьць вырабляць у падвале выбуховыя рэчывы, а таксама зьбіраць бомбы.

Набор прыладаў і рэчаў у падвале Канавалава збольшага дастатковы для вырабу выбухоўкі ды зьбіраньня выбуховых прыстасаваньняў, характар прыладаў і рэчаў паказвае, што чалавека, які іх сабраў, цікавіла выбуховая справа. Умовы ў самім падвале нельга назваць цалкам прыдатнымі для дадзеных мэтаў у прафэсійным сэнсе, але яны ўсё ж адпавядалі мінімальным тэхнічным патрабаваньням, а галоўнае, забясьпечвалі канфідэнцыйнасьць.




12. Відэа з фотаапарата Канавалава, рэчавыя доказы зь месцаў выпрабаваньня, паказаньні Канавалава і Кавалёва, датычныя выпрабаваньняў выбуховых прыладаў каля станцыі Грышаны.

Доказы пераканаўча сьведчаць, што Канавалаў умеў рабіць выбухоўку і зьбіраць бомбы, што ён гэтым стала займаўся і ўдасканальваў свае навыкі, а таксама ўдасканальваў выбуховыя прыстасаваньні. Яшчэ адна магчымая выснова, што Канавалаў пасьлядоўна рыхтаваўся да правядзеньня тэракту.


13. Дадзеныя пра тэлефонныя злучэньні Канавалава і Кавалёва, Канавалава і Пачыцкай.

Гэтыя дадзеныя пацьвярджаюць частку падзеяў 9 і 10 красавіка 2011 году, пра якія паведамлялі на сьледзтве Канавалаў, Кавалёў і Пачыцкая, а таксама Кавалёў і Пачыцкая ў судзе. Гаворка пра тэлефонныя размовы Канавалава з Кавалёвым напярэдадні прыезду апошняга ў Менск, а таксама сустрэчы зь ім сьведкі Яны Пачыцкай.


Супроць вінаватасьці Канавалава


1. Зьвесткі пра выбіваньне сьледчымі патрэбных паказаньняў з Канавалава, пра што казаў ён сам, а таксама Кавалёў, у тым ліку на судзе, плюс паказаньні Пачыцкай пра падзеі 12 красавіка ўвечары ў міліцыі.

Заявы Канавалава ў гэтай частцы пасьлядоўныя на сьледзтве, аднак не падмацаваныя паказаньнямі ў судзе. Паказаньні Кавалёва пра зьбіцьцё Канавалава немагчыма лічыць прамым доказам, бо самога зьбіцьця ці катаваньняў Кавалёў ня бачыў. Тым больш гэта тычыцца словаў Пачыцкай, якая сьведчыла толькі пра выклік хуткай дапамогі для Канавалава. Аднак характар цялесных пашкоджаньняў на Канавалаву безумоўна сьведчыць, што яго зьбівалі ня толькі падчас затрыманьня. На карысьць незаконнага фізычнага ўзьдзеяньня на Канавалава — і тое, што першыя допыты зь ім праводзіліся без адваката.


2. Адсутнасьць на Канавалаву і на ягоным адзеньні сьлядоў выбухоўкі і мікрачасьцінак ад разбурэньняў у мэтро ў выніку тэракту.

Тое, што экспэртыза не знайшла такіх сьлядоў ані на целе Канавалава, ані на ягоным адзеньні — важкі аргумэнт. Аднак ён ня можа даказваць ягоную невінаватасьць, бо не выключае, што Канавалаў зьнішчыў гэтыя сьляды або яны фізычна не маглі захавацца і таму экспэртыза не змагла іх знайсьці. Пэўнай хібай сьледзтва ёсьць тое, што гэтае не было даказана экспэрымэнтальным шляхам. У тым ліку з дапамогай пацярпелых у тэракце. Або суд мусіў даць абгрунтаваньне, чаму гэта немагчыма.


3. Адсутнасьць мікрачасьцінак выбуховага рэчыва на масцы Канавалава, якую знайшлі ў ягоным падвале, адсутнасьць адбіткаў ягоных пальцаў на посудзе, рэчах і прыладах у падвале.

Сапраўды, гэта яшчэ адзін істотны мінус у вэрсіі сьледзтва, які таксама на судзе ня быў патлумачаны. Пасьля суду прадстаўнікі сьледзтва ў мэдыях спасылаліся на тое, што адбіткі пальцаў на рэчах у падвале маглі не захавацца зь фізычных прычын. Тлумачэньне ўвогуле сьмеху вартае. Больш верагодна, што пальцы Канавалава маглі не захавацца толькі ў тым выпадку, калі б ён мэтанакіравана працёр усе рэчы перад тым, як апошні раз сысьці са свайго падвалу. А таксама зьнішчыў бы тую маску, у якой вырабляў выбухоўку, і пакінуў другую, чыстую. Аднак гэтая вэрсія супярэчыць таму, што Канавалаў «ішоў у апошні бой» і асабліва замятаць сьляды не зьбіраўся.


4. Сьляды мантажу на відэа з мэтро і той факт, што экспэрты не знайшлі партрэтнага падабенства Канавалава з чалавекам на відэа, які ўзрывае бомбу.

Гэта сама меней патрабуе вывучэньня відэадоказаў з дапамогай незалежных ад беларускага сьледзтва экспэртаў. Паводле беларускай міліцыі, адмыслоўцы Інтэрполу змаглі гэтак апрацаваць здымкі відэакамэры з Кастрычніцкай плошчы, што на іх Канавалаў стаў добра пазнавальным. Чаму ж гэтаксама не былі апрацаваныя ключавыя відэа з мэтро? Некаторыя назіральнікі кажуць ня проста пра мантаж відэакадраў, а пра накладаньне выяваў на ключавых відэа. У прыватнасьці, у момант выбуху. Гэта дае назіральнікам падставы казаць пра падробку асноўнага доказу. Аднак сьледзтва і суд не палічыліся з гэтым меркаваньнем, а адвакату нават не дазволілі пракамэнтаваць кадры ключавых запісаў з адначасовай дэманстрацыяй спрэчнага відэа.




5. Несупадзеньні ў зборцы Канавалавым макету бомбы 2008 году на экспэрымэнце з асаблівасьцямі рэальнай бомбы, асобныя несупадзеньні пры экспэрымэнтальнай зборцы бомбы 2011 году, а таксама недакладнасьці пры экспэрымэнтальным вырабе выбухоўкі.

Відэа гэтых экспэрымэнтаў пасьля суду апынулася ў інтэрнэце, і яшчэ больш людзей, чым да суду, загаварылі пра тое, што Канавалаў ня мае дастаткова ведаў і навыкаў, каб вырабляць выбухоўку ды зьбіраць бомбы, як прыпісвае яму сьледзтва. Падазрэньняў дадаюць і недастаткова пасьлядоўныя паказаньні сьведкі — экспэрта Клімовіча.


6. У судзе не было высьветлена, як Канавалаву ўдалося пазьбегнуць дактыляскапіі пасьля выбуху 2008 году, а таксама не прагучалі паказаньні тых, хто знайшоў Канавалава і затрымаў яго празь дзень пасьля тэракту ў мэтро.

Адсутнасьць гэтых сьведчаньняў хоць і не разбурае агульную карціну абставінаў да і пасьля злачынства, але стварае значныя пустоты, прыдатныя для зьяўленьня вэрсіяў пра датычнасьць спэцслужбаў да самога тэракту. Чаму суд над міліцыянтам, які не дактыляскапіраваў Канавалава, скончылі пасьля працэсу над тэрарыстамі? Чаму ў судзе ня выступіў той міліцыянт, які, як паведаміў намесьнік міністра ўнутраных спраў Алег Пякарскі, «вылічыў» па прыкметах Канавалава ўвечары 12 красавіка? Калі адказы на гэтыя пытаньні ня дадзеныя з прычыны «вайны» сілавых ведамстваў, то дзе гарантыя, што і сам тэракт — не адгалосак такой вайны?


Уладзіслаў Кавалёў

Уладзіслаў Кавалёў

7. Тое, што Кавалёў адмовіўся сьведчыць супроць Канавалава.

Паказаньні Кавалёва супроць Канавалава шмат у якіх момантах — адзіныя сьведчаньні. Калі іх ня ўлічваць, пад сумневам апынаецца ўся сыстэма доказаў, сабраная сьледчымі. Кавалёў быў пераканаўчы, калі казаў, што на яго чыніўся вялікі псыхалягічны ціск з боку сьледчых і супрацоўнікаў КДБ. Абарона Кавалёва на судзе заяўляла, што зь ім шмат разоў без адваката размаўлялі супрацоўнікі КДБ у турме КДБ «амэрыканка».


8. Незразумелы матыў дзеяньняў Канавалава: дзеля чаго яму спатрэбілася «дэстабілізаваць абстаноўку» ў краіне?

Без канчатковага адказу на гэтае пытаньне матыў, які задаволіў сьледзтва і суд, безумоўна «правісае». Тэрарызм без палітычнай, рэлігійнай, расавай ці нейкай іншай пэўнай мэты — проста хвароба, але тады месца Канавалава — назаўсёды ў Навінках, а не ў расстрэльнай камэры «Валадаркі».


Пазыцыя аўтара


Доказы вінаватасьці Дзьмітрыя Канавалава — больш важкія, чым аргумэнты на карысьць ягонай невінаватасьці. Такім чынам, у складзе журы прысяжных я б вырашыў, што Канавалаў вінаваты ў гэтых злачынствах

На маю думку, доказы вінаватасьці Дзьмітрыя Канавалава — больш важкія, чым аргумэнты на карысьць ягонай невінаватасьці. Апошнія больш грунтуюцца на развагах і сумненьнях адносна афіцыйнай вэрсіі і не складаюцца ў агульную карціну, першыя мацней абапіраюцца на рэальныя факты. Аднак і сумненьні ў вінаватасьці Канавалава ўзьніклі не на пустым месцы, а выкліканыя супярэчнасьцямі, у тым ліку даказанымі. Прыкладам, памылкамі Канавалава пры зьбіраньні мадэлі бомбы. Гэта пакідае верагоднасьць таго, што Канавалаў дзейнічаў не аднаасобна, а пад кантролем ці нават пад дыктоўку. І ўсё ж ягоная асабістая датычнасьць да выбуху ў мэтро 11 красавіка 2011 году, як і да выбуху на праспэкце Незалежнасьці 4 ліпеня 2008 году, уяўляецца відавочнай.

Такім чынам, у складзе журы прысяжных я б вырашыў, што Канавалаў вінаваты ў гэтых злачынствах. А як іншыя прысяжныя? Ня буду казаць за ўсё журы, але заўважу, што ў грамадзтве шмат людзей дагэтуль скептычна ставяцца да афіцыйнай вэрсіі наконт таго, што бомбу ў мэтро ўзарваў менавіта Дзьмітрый Канавалаў. Дагэтуль людзей хвалюе пытаньне, навошта гэта спатрэбілася простаму хлопцу, ніяк ня ўцягнутаму ў палітыку, не зьвязанаму з крыміналам ці міжнародным тэрарызмам. Паколькі і суд зразумелага адказу на гэтае пытаньне ня даў, разважаньні на балючую тэму будуць працягвацца. Між тым асабіста я мяркую, што матыў сьледзтву і суду добра зразумелы, але на загад зьверху яго старанна хаваюць. Мэта — каб лішняга разу не выпукляць тое, што звычайны, нічым не прыкметны чалавек вырашыў шляхам тэрактаў павялічыць незадавальненьне дзейнай уладай, а можа, і справакаваць супроць яе паўстаньне. Відавочна, што распаўсюду гэтых ідэяў беларускія ўлады баяцца як агню.

Яшчэ адзін падводны камень гэтай справы — зьвязанасьць тэракту 2008 году з тэрактам у мэтро. Ня выключана, што Канавалаў можа быць цалкам вінаваты ў першым злачынстве, але не адзін ён вінаваты ў другім. Калі аддзяліць гэтыя эпізоды і разгледзець іх асобна, доказная база супроць Канавалава пачынае сыпацца яшчэ больш.


Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Частка 2

Экспэрымэнт, якога не было

Чаму няма ключавога відэа зь менскага вакзалу?

Іван Шыла пра Канавалава: «Ён мог зрабіць гэты выбух»

Чытач: «Асноўнае відэа — высокапрафэсійная падробка»

Адбіткі пальцаў і біялягічнае рэчыва

Працяг дзіўнага экспэрымэнту

Хто са сьведак пэўна апазнаў Канавалава?

Ахоўнікі

Тэрарыст адзін, бомбы дзьве?

Усё ж: «пілі» ці «білі»?

Лішнія пальцы і сім-картка

Дзіўная спрэчка ў Навінках

Навошта спатрэбіўся дэтэктар хлусьні?

Змывы з твару, рук і адзеньня, сьляды выбухоўкі ў падвале

«Дыплёмны праект» экспэрта Клімовіча «Дыплёмны праект» экспэрта Клімовіча

Адвакаты

Заканчэньне судовых спрэчак



Частка 1

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

З допыту Кавалёва ад 29 красавіка

Лёс рэчавых доказаў

Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер

Пацярпелыя і публіка

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG