Лінкі ўнівэрсальнага доступу


У вёску Траскоўшчына, што паміж Менскам і Ракавам, я ехаў з мэтай пабачыць унікальны млын паноў Свентажэцкіх. Краязнаўцы казалі, што гэта незвычайны і вельмі рэдкі архітэктурны помнік. Ды яшчэ аточаны прыгожым ляндшафтам. Траскоўшчына ляжыць сярод пагоркаў, парослых густым лесам. Яна нібы схавалася ад шумнага ракаўскага тракту. На ўезьдзе ў вёску ў вочы кінуўся дзіўны забараняльны знак. Нейкі жартаўнік намаляваў у крузе лічбу «37». Асацыяцыя больш чым празрыстая.

У цэнтры вёскі — невялікі панылы сквэр, двухпавярховы будынак былой школы бяз даху і аднапавярховы цагляны дамок пошты. На ганку сядзіць пара кабет пэнсійнага веку. Адна мажная, чырванатварая, другая худзенькая. Абедзьве пад лёгкім шафэ. Я накіраваўся да іх, каб спытацца ўсяго толькі дарогі да млына. Але даведаўся значна цікавейшых рэчаў.

— Млын? Вам трэба такі млын? Можа, рэстаран хочаце зрабіць?

— Я падобны да чалавека, які можа зрабіць рэстаран?

— Падобны. Чаму не?

— А нашто вам млын наш?

— Там вельмі прыгожа.

— Панскі сад па сёньняшні дзень стаіць.

Больш за ўсё я цаню ў нашых людзях уменьне і жаданьне пераходзіць на мову суразмоўцы. Гэта значыць — на беларускую. Тое, чаго немагчыма дабіцца ад чыноўнікаў і афіцыянтаў сталічных рэстарацыяў, я часта назіраю ў закінутых вёсках. І гэтыя дзьве падпітыя калгасьніцы для мяне — большыя эўрапейкі, чым фанабэрыстыя гарадзкія «жэншчыны». Гэтая якасьць, можа, і ня робіць з калгасьніцы высакародную лэдзі, але адназначна ўздымае яе ў маіх вачах над усімі начальнікамі, уключаючы самага галоўнага. Тая, што мажнейшая, распавяла мне страшную легенду гэтых мясьцін. Прычым з такой сьлязой, быццам гісторыя адбывалася літаральна ўчора.

— Там жыла пані. І пані сваю служанку, што карміла сьвіньні... Яна была сірата. І яна мыла пані ў малацэ. У каровіным купала пані. І сірата гэтая папіла гэтага малака. А пані за гэта яе пакарала. І пасадзіла яе ў пограб, а там яе зьелі пацукі. Вы толькі не падумайце, што я якая дурная. Замучылі дзевачку! Пані купалася, а дзіця таго малака папіла.

Тым часам да нас падышла інтэлігентнага выгляду бабуля. Былая настаўніца тутэйшай школы. І зацікавілася маімі дакумэнтамі.

— А вы з залежнай газэты ці зь незалежнай?

— Зь незалежнай.

— Я кожны дзень слухаю Радыё Свабода. Яны нічога ня ведаюць. Іх Лукашэнка задурыў так, што яны толькі яму вераць. А на мяне тут абзываюцца — «апазыцыя».

— Вам Лукашэнка валёнкі купіў!

Толькі тут я заўважыў у канцы вуліцы абліцаваны бэзавай пліткаю трохпавярховы палац. Дом-інтэрнат для вэтэранаў вайны і працы «Сьвітанак». Куды напярэдадні Новага 2011-га году прыяжджаў асабіста Аляксандар Лукашэнка. І ягоны візыт тут узгадваюць зь ня меншымі эмоцыямі, чым страшны лёс панскай пакаёўкі.

— Вы ведаеце, адкуль платы? Лукашэнка ехаў.

— Казалі форткі ў хаце не адчыняць, на вуліцу не выходзіць.

— А вы яго бачылі?

— Нам сказалі ў хаце зачыніцца і не высоўваць носу.
І ніводнага чалавека не пусьцілі. А прывезьлі нейкіх сваіх у аўтобусе, падстаўных. Якія там і пелі, і танцавалі.

— Тут жа было міліцыі столькі. Столькі сагналі гэтых снайпэраў. Яны былі ва ўсіх лясах. У такіх валёнках. А людзей... Ніводнага чалавечка не падпусьцілі. У мяне ў двары, можа, пяць чалавек стаяла. Іду ў туалет. «Бабуся, ты куды?» «Я ў туалет іду». Карацей, было столькі. І ніводнага чалавека не пусьцілі. А прывезьлі нейкіх сваіх у аўтобусе, падстаўных. Якія там і пелі, і танцавалі. Чай пілі там.

— Дык што, нават не выпускалі ў туалет схадзіць? У сябе на падворку?

— Пыталіся. «Куды?» «Схадзіце да дванаццаці. А потым каб не выходзілі нікуды!» А я ўсё роўна ішла.

— Ну, народу спадабаўся візыт?

— Абураліся. Што нават не паказалі. Што ніхто ня бачыў яго.

Пра падстаўных вяскоўцаў я чуў ужо ня раз. У тых месцах, дзе бывае кіраўнік дзяржавы, заўжды зьяўляюцца шчасьлівыя пасяляне і пасялянкі. Як у казцы пра ката ў ботах. Цікава, у якіх тэатрах яны набіраюць гэтую масоўку? Як праходзіць кастынг? Ці вялікія там ганарары? За маркізам Карабасам езьдзіць пастаянная трупа ці акторы мяняюцца?

Хто лічыць галоўным сымбалем лукашэнкаўскай эпохі бібліятэку, хто — лядовыя палацы. Але чамусьці незаслужана абмінаюцца ўвагаю бэтонныя платы. Якія паўсталі за апошнія гады ўздоўж дарог і вуліц. І, як правіла, там, дзе адбываліся «Дажынкі» ўсіх маштабаў і дзе праехаў хоць які начальнік. Напэўна, калі скласьці ўсе гэтыя платы ў адзін, то ён разгародзіць сабой усю плянэту. Але ж да сьвятой справы стаўленьня платоў прыцягваюцца ня толькі платовыя спэцыялісты, але і цывільнае насельніцтва. Напрыклад, у халодным сьнежні 2010-га траскоўшчынскіх людзей прымушалі прыбіраць сухую траву.

— Вас прымушалі ставіць?

— Канечне. Не платы ставіць. А дзёрці траву, парадак навадзіць. Я інвалідка другой групы. Што тут рабілася! Людзей спытайце. Усіх прымушалі траву дзёрці.

Па бэтонных платах можна адсачыць маршруты галоўнага беларускага начальніка. Аўгусьцейшыя платы, як правіла, робяцца аўралам, абы з рук, і гатовыя ўпасьці адразу пасля ад’езду борта нумар 1. Дарэчы, за тое, што мая суразмоўніца не паслухала загаду і ня стала зьбіраць траву, яе хацелі пакараць.

— Гэтыя слупы паставілі, сказалі, што зацэмэнтуюць. І да сёньняшняга дня. Некаторым зацэмэнтавалі. А мне так і кінулі. Я званіла, званіла.

— І на вас хацелі яшчэ накласьці штраф?

— Канечне, выклікалі. Я ўжо тыя паперкі парвала.

— Вы ім не заплацілі?

— Не.

— Маладзец.

— Нават і не паехала.

Пэнсіянэр Раман Раманавіч жыве, на сваё няшчасьце, якраз насупраць таго дома састарэлых, куды і прыяжджаў Лукашэнка. І тае раніцы не забудзе ніколі.

— Я прачынаюся раніцай, гадзіне а дзявятай. Думаю — што там трашчыць? А гэта плот ламаюць. Рукамі, нагамі.

— Нават без дазволу.

— Ніхто нічога не пытаў. Прыйшлі, паламалі. Вось і ўвесь дазвол.

Гаспадар паказвае месца, дзе быў ягоны нармальны драўляны плот. І дзе цяпер пустка.

— Так. Яго паламалі сіламі МНС. Яны сказалі, што паставім другі.

— І прайшло больш за год.

— І ўсё ён ставіцца. Пісаў у райвыканкам. Той спаслаўся на сельсавет. А сельсавет сказаў, што мы яго ставілі, мы яго і зьнялі. А хто яго ставіў? Сельсавет яго ня ставіў. Вось так і па сей дзень.

Калі я ўсё гэта слухаю, мяне не пакідае думка, што нехта з атачэньня прэзыдэнта тонка працуе па ягонай дыскрэдытацыі. Бо ўсё гэта — і снайпэры ў лесе, і міліцыянты на падворках, і паламаныя платы нагадваюць кадры нямецкай кінахронікі пра аблаву на партызан.

— Вось купіў дом чалавек. А тут зь сеткі агароджа была. І стаяла з дошак зьбітая паветка з дровамі. Паветку разабралі, спалілі, а дровы зьвезьлі. І з канцамі. Вось як цікава атрымліваецца.

— Пранеслася стыхійнае бедзтва.

Я магу зразумець, навошта ставяць новыя платы. Гэта даніна прыгажосьці. Гэта каб было «красіва». Я нават магу зразумець часовы хатні арышт вяскоўцаў. А раптам скажуць прэзыдэнту нешта ня тое. Але нашто і куды ў мужыка зьвезьлі дровы? Ну не ў Дразды ж! Карацей, хоць ты выпускай інструкцыю для тых, каго ашчасьлівіць сваім візытам галава дзяржавы. Выкасіць траву пад сьнегам, каб не нарывацца на штраф. Купіць біятуалет, каб ня трапіць часам у прыцэл снайпэра. І, галоўнае, схаваць дровы.

А млын у Траскоўшчыне сапраўды прыгожы. У маўрытанскім стылі. На беразе лясной сажалкі. Ён яшчэ прастаіць не адно стагодзьдзе. І перастаіць любыя жалезабэтонныя платы.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG