Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэхі пабудуюць у Беларусі сьвінафэрму


У Менск прыбудзе дэлегацыя чыноўнікаў і бізнэсоўцаў з Чэхіі, каб абмеркаваць інвэстыцыйныя праекты і закласьці першы камень пад будаўніцтва чэска-беларускай сьвінафэрмы.

3-4 траўня ў Менску адбудзецца чацьвертае паседжаньне беларуска-чэскай зьмешанай камісіі ў эканамічнай, прамысловай і навукова-тэхнічнай супрацы. Такую інфармацыю распаўсюдзіла прэс-служба МЗС Беларусі. Міністэрства адзначае, што больш за 40 чэска-беларускіх інвэстыцыйных праектаў знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі і рэалізацыі, а чысты аб’ём чэскіх інвэстыцыяў у 2011 годзе склаў 16 мільёнаў даляраў.

У склад чэскай дэлегацыі ўвойдуць намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Марцін Главачак, намесьнік міністра транспарту Іва Вікідал, кіраўнікі арганізацый і банкаў, якія бяруць актыўны ўдзел у фінансаваньні праектаў на тэрыторыі Беларусі, а таксама прадстаўнікі чэскіх кампаній Škoda Transportation, AZD Praha, Bel-Czech Trade, Sigma group, Bauer Technics і іншых.

Паводле беларускага МЗС, камісію ўзначаліць намесьнік міністра прамысловасьці і гандлю Чэхіі Мілан Говарка.

Мы дазваніліся ў Міністэрства прамысловасьці і гандлю Чэхіі, аднак пра меркаваны візыт віцэ-міністра там ніхто ня чуў.

У AZD Praha паклалі слухалку, а потым увогуле перасталі здымаць.

Кіраўніца аддзелу камунікацыяў Škoda Transportation Любаміра Чэрна была шчыра зьдзіўленая, пачуўшы пра ўдзел іх кампаніі у паседжаньні гэтай камісіі:

«Якая камісія? У Менску? Вы звоніце ў Skoda Transportation, так? Я першы раз чую пра наш удзел у гэтай канфэрэнцыі. Я нават не ўяўляю, якая там тэма».

Кіраўнік кампаніі Bauer Technics Карэл Лікарж пацьвердзіў Радыё Свабода ўдзел у паседжаньні камісіі:

«Так, мы ўдзельнічаем у гэтым. Я атрымаў запрашэньне ад міністэрства сельскай гаспадаркі. Таму я палячу туды».

Карэл Лікарж возьме ўдзел ва ўрачыстай закладцы першага каменя пад будаўніцтва новага сьвінагадоўчага комплексу для ААТ Сьвінакомплекс «Барысаўскі». На пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода, ці не асьцерагаецца ён супрацоўнічаць з краінай, дзе ёсьць палітвязьні парушаюцца правы чалавека, адказаў:

«Я ня ведаю пра гэта. Мы едзем туды са шматлікімі палітыкамі Эўразьвязу. Я быў там зь іншымі палітыкамі, і не было праблемаў. Я чую першы раз у жыцьці пра гэтыя праблемы».

Нагадаем, 16 лютага каля офісу аўтаканцэрну Škoda ў Празе адбылася акцыя пратэсту пад споклічам «Не — правядзеньню чэмпіянату сьвету па хакеі ў Беларусі». Удзел у акцыі ўзяў былы кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG