Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Kristeligt Dagblad: «Складаная гульня ЭЗ у беларускі «чорны сьпіс»


Дацкае выданьне «Kristeligt Dagblad» піша пра «чорныя сьпісы» Эўразьвязу, а таксама пра пазыцыю Славеніі што да санкцыяў адносна беларускага бізнэсоўца Юрыя Чыжа.

У лютым у Брусэлі Славенія заблякавала ўвядзеньне санкцыяў ЭЗ адносна кіраўніцтва Беларусі. Гэта скрытыкавалі шмат якія іншыя краіны Зьвязу, найперш Францыя і Польшча.

Міністры замежных спраў абедзьвюх гэтых краінаў рэзка скрытыкавалі Любляну за нежаданьне бараніць правы чалавека ў Беларусі. Крытыку падхапілі шмат якія эўрапейскія СМІ, абвінаваціўшы Славенію, што тая абараняе беларускі рэжым за стомільённы кантракт паміж люблянскай фірмай «Рыка» і бізнэсоўцам Юрыем Чыжом. Менавіта супраць унясеньня ягонага імя ў так званы «чорны сьпіс» і выступіў на лютаўскім саміце ЭЗ славенскі міністар Карл Эр’явец.

Насамрэч усё ў тым выпадку аказалася нашмат больш складаным, піша на старонках «Kristeligt Dagblad» Мэтэ Скоў Гансэн. Зь некалькіх дыпляматычных крыніцаў у Брусэлі стала вядома, што напярэдадні лютаўскай сустрэчы міністраў у праект «чорнага сьпісу» беларусаў уваходзіў не адзін Чыж, а і шмат іншых бізнэсоўцаў, якія падтрымліваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Непасрэдна перад брусэльскім самітам у тым жа лютым эўрапейскія амбасадары сабраліся ў Менску, каб разгледзець тыя імёны.

«Тады, на менскім этапе, шмат імёнаў і фірмаў зьніклі. За выключэньнем Чыжа», — цытуе аўтар артыкулу выказваньне брусэльскай крыніцы. Мяркуецца, што прозьвішча гэтага бізнэсоўца засталося ў лісьце таму, што на менскай сустрэчы не было славенскага дыплямата. Гэтая краіна проста ня мае ў Менску свайго прадстаўніцтва.

Экспэрт Цэнтру эўрапейскай палітыкі ў Даніі Мадс Крыстыян Енсэн лічыць, што такая сытуацыя — прыклад пэўнай гульні-гандлю, якая заўсёды мае месца ў ЭЗ: «Ёсьць шмат інтарэсаў — напрыклад, правы чалавека і эканоміка. Але аднымі інтарэсамі трэба паступацца на карысьць іншых».

Нягледзячы на тое, што ў сакавіку ў Брусэлі быў зацьверджаны новы, пашыраны «чорны сьпіс», куды, акрамя Чыжа, былі ўнесеныя яшчэ пару імёнаў беларускіх бізнэсоўцаў, гэты пералік, мяркуе дацкі журналіст, далёкі ад адэкватнага. Напрыклад, ня ўлічаныя беларускія бізнэсоўцы і кампаніі, якія шчыльна зьвязаныя з рэжымам і чыя доля ў беларускім зьнешнім гандлі з ЭЗ складае каля 50%. Маецца на ўвазе найперш экспарт імі нафты ды ўгнаеньняў у такія краіны, як Нідэрлянды, Нямеччына, Латвія, Польшча.

Мэтэ Скоў Гансэн у гэтай сувязі прыводзіць словы сваёй славенскай калегі Дар’і Коцбэк. Тая кажа: гандлюючы зь Беларусьсю, ЭЗ усьведамляе, што мае справу з краінай, дзе для вялікага бізнэсу неабходныя палітычныя сувязі, а таму сьпіс, у які ўваходзяць толькі тры бізнэсоўцы, выклікае вялікі сумнеў.

Якаб Кнудсэн, прадстаўнік дацкай арганізацыі «Silba», якая займаецца пытаньнямі свабоды і дэмакратыі ў новых краінах ЭЗ і сумежных зь імі постсавецкіх рэспубліках, падзяляе думку журналісткі. Ён лічыць, што санкцыі ня могуць быць ужытыя толькі да трох асобаў, бо ў Беларусі ніхто ня можа працаваць, ня маючы сувязяў і падтрымкі з боку прэзыдэнта ды службы бясьпекі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG