Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І выпіць — дорага, і закусіць — ня танна


29 красавіка ў Беларусі зноў павялічыліся цэны на харчовыя тавары, — у прыватнасьці, на хлеб, малако і гарэлку.

Такое рашэньне ўрад тлумачыць неабходнасьцю скараціць затраты на вытворчасьць гэтых тавараў, а таксама ў сувязі з ранейшым падаражэньнем паліва й ростам закупных цэнаў на сельгаспрадукцыю.



МАГІЛЁЎШЧЫНА

У Магілёве харчы падаражэлі пасьля таго, як пакрысе аціхла абурэньне людзей тым, што з крамных паліцаў зьнікла недарагое, гэтак званае «сацыяльнае» малако. Чыноўнікі супакойвалі, што падстаў для росту цэнаў няма.

Стаўленьне наведнікаў магілёўскіх крамаў да чарговага падаражэньня харчоў прадказальна нэгатыўнае, але без ранейшых эмацыйных выказваньняў і праклёнаў. Амаль усе, з кім давялося пагутарыць, кажуць, што цэны растуць штодня і з гэтым ужо зьмірыліся:

«Усё павінна ісьці да лепшага, а ў нас — наадварот...»

Спадарыня: «Пэнсія якая ў нас? Невялікая! А наагул ня толькі ж малако падаражэла, але й мясапрадукты таксама падаражэлі. Ідзеш у краму і глядзіш — купіць гэта альбо не купіць? Усё павінна ісьці да лепшага, а ў нас — наадварот».

Спадар: «У нас жа гэта пэрыядычна ўсё ідзе. Глядзіш: на пяцьсот рублёў, там трыста, там тысячу, і так усё расьцём і расьцём патроху. Непажадана, але што ж зробіш? Мы ж з табой паправіць ня можам нічога. Гэта ж рашэньне ўраду».

Спадарыня: «Падаражэньне — гэта ня дужа прыемная рэч. Але калі мы знаходзімся ў атачэньні Расеі, а там цэны — выбачайце... А мы пад іх падладжваемся, таму і ў нас цэны растуць».

У крамах тым часам прадаўцы кажуць пра іншыя рэакцыі пакупнікоў. Першымі пад гарачую руку абураных людзей трапілі касіркі й прадаўцы, якія выкладаюць прадукты, зазначае загадчыца адной з магілёўскіх крамаў:

«Гэтыя эмоцыі вы можаце пачуць і ў тралейбусах, на прыпынках, нават у нас у калектыве. Зразумела, і вы ня будзе пляскаць у ладкі й радавацца гэтаму. Калі нас параўноўваюць з Расейскай Фэдэрацыяй, дзе платаздольнасьць нашмат большая за нашу, а цэны ўжо практычна зраўняліся з нашымі».

«Цэны на гарэлку ўжо вышэйшыя, чым Мінэканомікі прагназавала...»

Што да росту цэнаў на гарэлку, то, як запэўніваюць крамнікі, яна істотна не падаражэе. Гэтай жа думкі прытрымліваюцца і яе вытворцы. Супрацоўніца Клімавіцкага лікёра-гарэлачнага заводу тлумачыць, чаму:

«Гарэлка не падаражэе з-за гэтай пастановы. Цана на яе ўжо вышэйшая, чым яны ўстанавілі. Гэтае павышэньне трэба было рабіць даўно. На сёньня цэны ў вытворцаў вышэйшыя, чым паказала Міністэрства эканомікі. Зь якой мэтай выйшла гэтая пастанова, я ня ведаю. На сёньня адпускная цана ў вытворцаў — 17 800, а згодна з пастановай — 14 200».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

Гарэлачны бум: за адзін дзень продаж вырас у сем разоў

Яшчэ ў выходныя дні ў некаторых віна-гарэлачных крамах у Горадні назіраўся сапраўдны бум. Справакавала яго інфармацыя з інтэрнэту пра значнае падаражэньне гарэлкі.

Найбольш вядомая фірмовая віна-гарэлачная крама ў цэнтры Горадні — «Крышталь». Загадчыца крамы, спадарыня Ніна, распавядае, што чарга выходзіла з крамы нават на вуліцу. Гарэлкі прадалі значна болей, чым звычайна.

Спадарыня: «Нашмат болей прадалі. Мы толькі за суботу здалі 140 мільёнаў рублёў грашовай выручкі, а ў звычайныя дні здаём да 23 мільёнаў. І цэны яшчэ сёньня не падняліся. Нічога толкам ня ведаем. А можа, гэта нехта спэцыяльна ў інтэрнэце так зрабіў...»


Фота Блог s13

Раніцай у «Эўраопце» не было гарэлкі

Паліцы з гарэлкай у крамах «Эўраопт» у Горадні таксама апусьцелі. Гэтыя крамы, дарэчы, — найбольш папулярныя ў гарадзенцаў. Прадавачка Валянціна распавядае, што пакупнікі набіралі ледзьве ня поўныя вазкі адной гарэлкі. Сёньня ў краме «Эўраопт» на вуліцы Фамічова гарэлкі з раніцы ўвогуле не было.

Людзі кажуць, што падаражэньне — плянавая акцыя, каб напярэдадні сьвята папоўніць бюджэт.

Спадарыня: «У нас раскупілі ўсю гарэлку, вось сёньня пачынаем зьмяняць цэны. Дакладна новай цаны не скажу, бо мы будзем яе ведаць па ходу прыбыцьця тавару, але прыкладна ў два разы падаражэе».

Шмат хто — як пакупнікі, так і гандляры — кажа, што гэта была сплянаваная акцыя: праз інтэрнэт укінулі чуткі, каб напярэдадні сьвятаў папоўніць бюджэт. Мала хто верыць, што гарэлка можа падаражэць ажно ў два разы.

«Калі гарэлка нашмат падаражэе, то казна зьбяднее?»

Спадарыня: «Ну, такога быць ня можа, каб аж на 100% падаражэла. Ну вось зараз 21 150, то палічыце, колькі гэта будзе. А калі сапраўды так падаражэе, то казна абяднее, бо ніхто па такіх цэнах купляць ня будзе».

Карэспандэнт: «А вы думаеце, ня будуць купляць?»

Спадарыня: «Калі столькі будзе каштаваць, то напэўна, што купляць ня будуць. Бо ўжо колькі яе можна браць, колькі можна рабіць запасы ў кватэрах?..»

Камэнтар «Свабоды»:

Эканаміст Леанід Заіка: «Два бяздомныя сабакі абыходзяцца дзяржаве ў суму, роўную пэнсіі прафэсара эканомікі...»

Арыгінальную ацэнку цяперашняга росту коштаў у Беларусі выкарыстоўвае незалежны эканаміст Леанід Заіка. Ён кажа:

Леанід Заіка
Леанід Заіка
«Паводле цяперашніх нормаў расходу сродкаў і кармоў на аднаго бяздомнага сабаку, якіх адлоўліваюць у Менску вэтэрынарныя службы, сума складае ў суткі 20 тысяч рублёў. А прафэсар эканомікі — мой калега — атрымлівае пэнсію ў памеры 1 мільён 200 тысяч рублёў, што складае па 40 тысяч рублёў у дзень. Атрымліваецца, што паводле затратаў з боку дзяржавы два сабакі абыходзяцца ў суму, роўную пэнсіі прафэсара эканомікі... Ну што ў такім разе можа зрабіць урад для таго, каб прафэсар яшчэ больш набліжаўся, груба кажучы, да ўзроўню жыцьця валачашчага сабакі?...»

«Улада пераканалася, што трэба адмовіцца ад такога паняцьця, як сацыяльныя цэны...»

Леанід Заіка нагадвае пра нядаўнія інтэрвію беларускіх чыноўнікаў у дзяржаўных СМІ:

«У прыватнасьці, былі інтэрвію намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Андрэя Тура і віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса, якія ўдакладнілі, што яны асабіста ў крамы ня ходзяць. Маўляў, аддаюць грошы сваім жонкам, а тыя самі распараджаюцца. Ну, калі чыноўнікі насамрэч ня ходзяць у крамы, то, пэўна, яны ня ведаюць, як і за што жывуць людзі...»

«У Беларусі цэны набліжаюцца да расейскіх, але ж там пэнсіі й заробкі ў тры разы вышэйшыя...»

Далей Леанід Заіка абураецца: «Цэны ў Беларусі сталі прыкладна адэкватныя з суседнімі краінамі, ужо набліжаюцца да расейскіх, але ж у Расеі заробкі і пэнсіі ў тры разы вышэйшыя!»

«Ну, магчыма, пэнсіянэры будуць купляць даражэйшыя костачкі...»

Наконт плянаванага ў Беларусі павелічэньня пэнсіяў з 1-га траўня Леанід Заіка тлумачыць: «Павышэньне пэнсіяў — гэта больш псыхалягічны аргумэнт. А ўлады выдаюць яго за клопат аб чалавеку.

Эканамічна гэта не ўратуе становішча. Ну, магчыма, пэнсіянэры будуць купляць даражэйшыя костачкі: не па 11 тысяч рублёў за кіляграм, а па 14 тысяч...»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG