Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск ківае на Вільню, Вільня віны не прызнае


На самым буйным памежным пераходзе паміж Літвой і Беларусьсю — «Каменны лог — Медзінінкай» — стаяць даўгія аўтамабільныя чэргі.

З гэтай нагоды Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі рэкамэндаваў грамадзянам краіны ўстрымацца ад паездак у Літву. Мытны дэпартамэнт Літвы ня бачыць у гэтым сваёй віны. У Вільні абвяргаюць інфармацыю, што літоўскія мытнікі нібыта страйкуюць.

На афіцыйным сайце Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі грамадзянам, якія зьбіраюцца ў Літву, рэкамэндуюць альбо ўстрымацца ад такіх паездак, альбо быць гатовымі да доўгіх чэргаў на мяжы. Кіраўнік прэсавай службы Дзяржкамітэту Аляксандар Цішчанка сказаў «Свабодзе»: прычына такой сытуацыі ў тым, што літоўскі бок зьнізіў інтэнсіўнасьць пропуску грамадзян і транспартных сродкаў. З гэтай нагоды на адрас літоўскіх калегаў зроблены запыт пра прычыны такога рашэньня. Аднак адказу пакуль няма, кажа Аляксандар Цішчанка:

«Інтэнсіўнасьць афармленьня легкавога транспарту зьніжаная ў два разы. Людзі стаялі там па 6–9 гадзін. У прынцыпе зразумела, што шопінг, вядома, існуе. Усё ж выходныя дні. Але многія адмовіліся ад паездкі і разьвярнуліся. Альбо пераехалі на іншыя напрамкі, уключаючы Польшчу».

Жыхарка Менску спадарыня Алена непасрэдна сутыкнулася з сытуацыяй на мяжы. Яна зь сям’ёю езьдзіла ў Вільню на канцэрт, на які спазьнілася, бо прастаяла ў чарзе 11 гадзін. Тады ёй было не да назіраньняў, бо ўсе нэрваваліся. А вось пра тое, што бачыла на зваротным шляху, яна распавядае так:

«Мы стаялі каля самога акенца на мяжы, куды здаюцца пашпарты. І мы бачылі, як яны працуюць. Учора там сядзеў літоўскі малады чалавек. І я прасачыла кожны ягоны рух. Ён працуе на клявіятуры адным пальцам. Альбо яны набіраюць такі пэрсанал, які не працуе ў хуткім тэмпе з дакумэнтамі. Альбо ў іх такія кампутары, што па-іншаму не атрымліваецца».

Прэсавы сакратар мытнага дэпартамэнту Літвы Гінтара Віткаўскайце ў размове са «Свабодай» пацьвердзіла наяўнасьць аўтамабільных чэргаў. Аднак яна ня лічыць, што ў гэтым вінаваты літоўскі бок. Спадарыня Віткаўскайце кажа, што лепей арыентавацца на лічбы, а не на ўражаньні асобных людзей:

За суткі ў Медзінінкаі праверылі 1200 легкавых аўто зь Беларусі ...

«Я гляджу, як працавалі мы 29 красавіка. За суткі ў Медзінінкаі праверылі 645 грузавых аўтамабіляў, якія накіроўваліся зь Беларусі ў Літву. І яшчэ больш за 500 грузавікоў на выезд. Таксама прагледзелі 1200 легкавых аўто зь Беларусі. Так што пра які страйк можна гаварыць? Каб можна было параўнаць, адзначу: у дакумэнтах закладзеная наступная прапускная магутнасьць нашага пераходу ў суткі — па 500 грузавікоў з абодвух бакоў і па 900 легкавых.

Мы заўважылі, што сярод грузавікоў шмат пустых. Яны едуць па паліва. А калі мы пытаемся ў вашых грамадзянаў, якія едуць на легкавых аўто, мэту паездкі, то ў адказ пераважна гучыць: шопінг. І яшчэ адна прычына, якая таксама моцна ўплывае на сытуацыю — на рамонт зачынены памежны пункт Паперняка на латвійска-беларускай мяжы.

Мытня Літвы працуе вельмі напружана і вельмі стараецца, каб чэргі скончыліся. Дадаткова на пасту „Медзінінкай“ цяпер працуюць мабільныя групы. І мы павялічылі колькасьць мытнікаў, якія выходзяць на зьмену. Мы робім усё, што можам».

Спадарыня Тацьцяна, якая сёньня вярталася зь Літвы ў Беларусь, ужо ведала пра становішча на памежным пункце «Медзінінкай». Таму яна паехала празь «Беняконі». Там яна прастаяла ў чарзе дзьве гадзіны.

Паводле афіцыйнага прадстаўніка мытнага дэпартамэнту Літвы, сытуацыя на мяжы нармалізуецца ў бліжэйшыя сераду-чацьвер. На гэта спадзяецца і Аляксандар Цішчанка:

«Натуральна, што там сытуацыя разгрузіцца. Бо ў гэты час людзі будуць ужо на працоўных месцах сядзець, а не ў машынах каля пунктаў пропуску».
XS
SM
MD
LG