Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас пасяджэньня расейскай Рады па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў выказаўся адносна сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Ён назваў «абсалютна непрымальным» перасьлед палітычных апанэнтаў. Паводле Мядзьведзева, калі прамыя супернікі па палітычным працэсе апынаюцца ў турме, «гэта як мінімум выклікае вялізнае недаўменьне». Як ставяцца да гэтых заяваў у Беларусі?

Расейскія праваабаронцы адзначылі, што Расея, маючы ўплыў на Аляксандра Лукашэнку, нічога ня робіць, каб у Беларусі спынілася парушэньне правоў чалавека. Яны перадалі Дзьмітрыю Мядзьведзеву зварот, у якім прасілі паспрыяць вызваленьню Алеся Бяляцкага. Расейскі прэзыдэнт сказаў, што не ідэалізуе сваё Міністэрства замежных спраў. Ён пагаджаецца, што МЗС Расеі павінен займаць «адэкватную пазыцыю». Мядзьведзеў адзначыў, што даваў указаньні і што адносна перасьледу ў Беларусі палітычных апанэнтаў даводзілася рабіць даволі жорсткія заявы. Сябра праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч адзначыў важнасьць салідарнасьці праваабаронцаў.

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

«Я б не надаваў вялікай вагі выказваньням Мядзьведзева, бо мы разумеем, што гэты чалавек нічога не вырашае адносна зьнешняй палітыкі Расеі. Расейскія палітычныя інтарэсы ў Беларусі такія, што яны будуць ігнараваць сытуацыю з правамі чалавека. Але тое, што Мядзьведзеў падкрэсьліў непрымальнасьць арышту палітычных апанэнтаў, кандыдатаў у прэзыдэнты, мы спадзяемся, можа быць пачута ў Менску. І можа мець хоць нейкі працяг у размовах паміж Менскам і Масквой. Хоць мы на гэта не спадзяемся як на нейкі фактар, які дапаможа вызваленьню палітвязьняў у Беларусі».

У беларускім МЗС ня сталі камэнтаваць заявы прэзыдэнта Расеі Мядзьведзева. Галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін мяркуе, што афіцыйнаму Менску няма на што рэагаваць:

Вадзім Гігін

Вадзім Гігін

«Быў адказ амаль ужо былога прэзыдэнта Расеі на пытаньне, якое было яму зададзена ў вельмі спэцыфічнай абстаноўцы. Гэтая абстаноўка вымушае суразмоўцаў трымацца пэўнай лексыкі. Я ня думаю, што гэты дыялёг паміж канкрэтным палітыкам Дзьмітрыем Мядзьведзевым і канкрэтным праваабаронцам, які задаваў пытаньне, выльецца ў нейкія афіцыйныя захады Расеі, якія патрабуюць рэакцыі з боку Менску. Па-другое, пазыцыя Беларусі была неаднаразова агучаная прэзыдэнтам. Калі Бяляцкі ня будзе каяцца, то максымум, чаго ён можа чакаць, гэта ўмоўна-датэрміновага вызваленьня».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька назваў выказваньні Мядзьведзева вельмі слабымі. Ён мяркуе, што адносна Беларусі ў кіраўніцтве Расеі захаваецца дваякі падыход:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Нельга выключаць, што будзе падыход добрага і дрэннага паліцэйскага. Нехта будзе пакрысе крытыкаваць і Лукашэнку, і тое, што робіцца ў краіне. А нехта, наадварот, будзе згладжваць і даваць нейкія прэфэрэнцыі. У залежнасьці ад таго, як вырашаюцца расейскія пытаньні ў Беларусі. Хто будзе добрым, а хто дрэнным паліцэйскім — Пуцін ці Мядзьведзеў — час пакажа. Але гэта будзе ў прывязцы да эканамічных і ваенных пытаньняў. Чым большы тут посьпех Расеі, тым менш палітычнай крытыкі Лукашэнкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG