Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» заклікае абараніць Вінаградава і іншых палітвязьняў


30 красавіка грамадзянская кампанія «Гавары праўду» абвясьціла пачатак агульнарэспубліканскай акцыі ў падтрымку і абарону Паўла Вінаградава і іншых палітвязьняў.

Актывісты кампаніі заклікаюць грамадзянаў Беларусі падпісацца пад зваротам і патрабаваць ад генэральнага пракурора спыніць беззаконьне ў краіне.

Ад пачатку году лідэра «Zмены» — моладзевага крыла «Гавары праўду» — Паўла Вінаградава ўжо чатыры разы прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасьці. Больш за 30 сутак ён правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Лідэр кампаніі Ўладзімер Някляеў кажа:

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
«Супраць Вінаградава разгорнута цынічная кампанія, на мэце якой — чарговая крымінальная справа і пазбаўленьне волі. Так ужо зрабілі з Аляксандрам Малчанавым і зараз рыхтуюцца да такой жа расправы з Васілём Парфянковым. Мы перакананыя, што ўсе апошнія чатыры судовыя працэсы, як і папярэднія, — замоўленыя, палітычна матываваныя. Гэта помста за грамадзкую актыўнасьць, палітычнае іншадумства».

Таму ад сёньня «Гавары праўду!» пачынае збор подпісаў пад адкрытым лістом да генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксандра Канюка. Чаму зварот адрасаваны менавіта генэральнаму пракурору, тлумачыць Уладзімер Някляеў:

«Праблема: у нашай краіне няма чалавека, якога можна папрасіць, каб ён прыстойна сябе паводзіў. Ну, але фармальна ўсё ж такі пракуратура наглядае за парушэньнямі закону, у тым ліку ня толькі грамадзянамі, а і сыстэмай праваахоўнай. І мы вырашылі зьвярнуцца да генэральнага пракурора. Ну не знайшлі мы іншага адрасата для гэтага ліста ў абарону нашых сяброў і таварышаў. Гэта мы будзем рабіць, пакуль прававое бязьмежжа ня скончыцца. Будзем зьбіраць і зьбіраць подпісы».

За Паўлам Вінаградавым і Васілём Парфянковым ужо ўсталяваны прэвэнтыўны нагляд. Чацьверты раз Вінаградава затрымалі і пасадзілі на 5 сутак тады, калі ён ішоў станавіцца на ўлік.

На Акрэсьціна «палітычных» утрымліваюць у самых дрэнных умовах, кажа паплечнік Вінаградава Аляксандар Арцыбашаў, які адседзеў там два тэрміны па 10 сутак запар:

«Я перакананы, што ён сядзіць на першым паверсе, у самай халоднай „хаце“ (у сэнсе — камэры). Але гэта ўжо іншае стаўленьне. Чалавеку холадна, холадна нават летам. Нават маральна хочуць яго там зламаць».

Асуджаных умоўна ці памілаваных палітвязьняў фармальна могуць зноў пасадзіць за краты за тры парушэньні рэжыму, тлумачыць лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў:

«Ён ужо чатыры мае. У мяне таксама іх тры. Там заводзіцца яшчэ адна крымінальная справа, там тэчка асобная. Скажам, мая новая крымінальная справа ўжо даволі пухнатая. Канечне, у нашай краіне гэта ўсё ўмоўна: тры, чатыры разы. Пакуль ня будзе каманды «фас», ня будзе чалавек сядзець. Як толькі каманда гэтая прагучыць, так ён і апынецца зноў за кратамі. Але тут справа нават ня ў тым, колькі за Паўлам парушэньняў, а відавочна, што яго хочуць «закрыць у хату».

Паплечнікі разумеюць, што над Паўлам навісла рэальная пагроза зноў апынуцца за кратамі. У панядзелак у другой палове дня Вінаградава павінны вызваліць з Акрэсьціна пасьля адбыцьця пяці сутак арышту. 3 сакавіка пасьля чарговай адседкі Паўла з Акрэсьціна адвезьлі ў пастарунак, склалі пратакол і нават паказалі ганак крамы, на якім ён быццам бы нецэнзурна лаяўся. Таму 30 красавіка сябры наладзілі пад Цэнтрам ізаляцыі правапарушальнікаў дзяжурства, каб сустрэць яго і пераканацца, што Павал паедзе дадому.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG