Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ вэрбуе пры зачыненых дзьвярах


Камітэт дзяржаўнай бясьпекі спрабуе завэрбаваць студэнта БНТУ. Пры гэтым яго нават замыкалі ў кабінэце намесьніка дэкана.

Супрацоўнікі КДБ спрабавалі паўплываць на студэнта БНТУ праз бацьку, але той заявіў, што сын ня будзе супрацоўнічаць нават пад пагрозай выключэньня з унівэрсытэту.

Напярэдадні хлопца, чыё імя праваабарончы цэнтар Вясна не называе зь меркаваньняў бясьпекі, затрымалі на канцэрце «Ежа замест бомбаў», які 24 сакавіка праходзіў у клюбе «Ё-маё».

29 сакавіка студэнт напісаў тлумачальную з нагоды затрыманьня. Крыху пазьней намесьнік дэкана аднаго з факультэтаў БНТУ, дзе навучаецца хлопец, запатрабаваў ад яго напісаць паперу, што ён «ня будзе ўдзельнічаць у палітыцы і грамадзкай дзейнасьці». Аднак пазьней намесьнік дэкана заявіў, што ўжо няма патрэбы ў такой паперы.

Першы раз хлопца затрымалі на акцыі па раздачы ежы каля станцыі мэтро «Ўсход» у Менску 15 студзеня.

Тады супрацоўнікі КДБ прыйшлі ва ўнівэрсытэт і прапанавалі яму супрацоўніцтва.

Размова з супрацоўнікамі КДБ адбывалася ў дэканаце ўнівэрсытэту 13 лютага. Намесьнік дэкана факультэту БНТУ, на 5-м курсе якога навучаецца актывіст, патэлефанаваў яму і папрасіў прыйсьці ў дэканат, каб напісаць тлумачальную, што яго затрымлівала міліцыя. Намесьнік дэкана сказаў студэнту, што гэта — «простая фармальнасьць».

Калі хлопец прыйшоў у дэканат, там былі 2 невядомыя чалавекі ў цывільным. Намесьнік дэкана пакінуў студэнта разам зь імі пісаць тлумачальную. Асобы ў цывільным пачалі задаваць хлопцу пытаньні, датычныя ягонай грамадзянскай актыўнасьці.

Прадставіцца яны адмовіліся, толькі далі зразумець, што працуюць у Камітэце дзяржаўнай бясьпекі. Падчас размовы пяцікурсьніку БНТУ пагражалі праблемамі з войскам ды разьмеркаваньнем.

Малады чалавек адмовіўся гутарыць зь невядомымі асобамі і накіраваўся да дзьвярэй кабінэту. Але яны аказаліся зачыненыя. Пасьля шэрагу пытаньняў, на якія актывіст адмовіўся даваць адказы, намесьнік дэкана адчыніў дзьверы звонку і выпусьціў яго.

ВІДЭА: ініцыятыва «Ежа замест бомбаў» у рубрыцы «Такое жыцьцё»

XS
SM
MD
LG