Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мінулыя выходныя падляскія памежнікі затрымалі 15 аўганцаў, якія нелегальна перасеклі беларуска-польскую мяжу. Ці мае гэты інцыдэнт дачыненьне да нядаўніх заяваў беларускіх памежнікаў, што яны паслабілі памежны кантроль на мяжы з Эўразьвязам? Маёр Юзэф Пучыньскі з Падляскага аддзелу памежнай варты ў Беластоку лічыць, што зарана рабіць такія высновы.

Максімюк: Ці вы маглі б нам распавесьці, у якіх абставінах адбылося затрыманьне гэтых аўганцаў?

Пучыньскі: 28 красавіка раніцай памежнікі Падляскага аддзелу памежнай варты з вартоўні ў Міхалове затрымалі 12 грамадзянаў Аўганістану — паводле таго, што гаварылі самыя затрыманыя, у якіх не было ніякіх дакумэнтаў, якія давалі б ім права прабываць на тэрыторыі Польшчы. Паўгадзіны пазьней, амаль у той самай мясцовасьці, былі затрыманыя яшчэ трое грамадзянаў Аўганістану. У суме — 15 чалавек. Яны перайшлі мяжу на прамежку, які належыць да вартоўні ў Міхалове. Яны пакінулі сьляды на мяжы, і іх затрымалі на дарозе недалёка вёскі Кандраткі.

Максімюк: Ці часта здараюцца ў вас затрыманьні такіх значных групаў нелегальных мігрантаў? У вас ёсьць статыстыка такіх затрыманьняў?

Пучыньскі: Сёлета гэта самая вялікая група затрыманых. Уключна зь ёю мы сёлета затрымалі пяць групаў — разам 39 чалавек. Для параўнаньня, летась мы затрымалі дзевяць такіх групаў — разам 54 чалавекі. У большасьці выпадкаў гэта грамадзяне Аўганістану, але здараюцца і іншыя нацыянальнасьці — грузіны, віетнамцы, часам расейцы.

Максімюк: Ці вы зьвязваеце гэты выпадак затрыманьня зь нядаўнімі заявамі зь беларускага боку, што яны будуць зьвяртаць менш увагі на тых, якія пакідаюць Беларусь, бо, маўляў, трэба перакінуць памежнікаў на мяжу з Украінай і таму падобнае?

Пучыньскі: На гэты момант цяжка сказаць. Мы ўвесь час сочым за разьвіцьцём сытуацыі і аналізуем яе. Мы таксама знаходзімся на сувязі з калегамі зь беларускага боку. Але пакуль яшчэ зарана, каб рабіць такія далёкасяжныя высновы. Магчыма, гэта адна з прычынаў.

Максімюк: Што адбываецца з такімі затрыманымі аўганцамі? Дзе яны цяпер — далей на памежнай вартоўні ў Міхалове?

Пучыньскі: Не. Акруговы суд у Беластоку ўжо прыняў рашэньне памясьціць гэтых затрыманых у цэнтры для замежнікаў у Беластоку, і яны цяпер знаходзяцца там. А мы зьвярнуліся да падляскага ваяводы з просьбай, каб ён прыняў рашэньне аб выдварэньні гэтых асобаў з тэрыторыі Польшчы. На дадзены момант справа затрыманых набыла службовы ход.

Максімюк: Калі выдварэньне, дык куды іх вышлюць — у Беларусь, адкуль яны прыйшлі?

Пучыньскі: Не, яны хутчэй за ўсё вернуцца на сваю бацькаўшчыну, гэта значыць, у Аўганістан.

Максімюк: Як гэта канкрэтна адбываецца? Польшча ім купіць квіткі на самалёт ці пашле назад у Аўганістан цягніком?

Пучыньскі: Калі нелегальных мігрантаў выпраўляюць назад на бацькаўшчыну, дык арганізуюць ім палёт чартэрным самалётам.

Максімюк: Як разумею, Польшча і Беларусь ня маюць дамовы аб вяртаньні нелегальных мігрантаў, так што ў Беларусь такіх людзей вы не высылаеце?

Пучыньскі: Гэта даволі цяжка. Мы можам так рабіць зь Літвой, калі пацьвердзім, што мігранты прыйшлі да нас адтуль, але не зь Беларусьсю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG