Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ермакова: У 2013-м можна будзе разгледзець пытаньне дэнамінацыі


У 2013 годзе ў Беларусі можа быць разгледжана пытаньне пра дэнамінацыю беларускага рубля, паведаміла старшыня Нацыянальнага банку Надзея Ермакова.

На сустрэчы на Слуцкім заводзе эмаляванага посуду, адказваючы на пытаньне пра магчымую дэнамінацыю, Ермакова заявіла, што, хутчэй за ўсё, толькі ў 2013 годзе ўмовы могуць спрыяць таму, каб разгледзець гэтае пытаньне.

14 сакавіка на прамой лініі ў газэце «Рэспубліка» Надзея Ермакова заявіла, што перш чым праводзіць у Беларусі дэнамінацыю, трэба цалкам аднавіць эканоміку.

«Пры той дэвальвацыі, якая ў нас была летась, сёньня пакуль пра дэнамінацыю гаварыць нельга. Трэба аднавіць цалкам эканоміку, грашова-крэдытную сыстэму ўсю прывесьці ў парадак, каб у нас і працэнтныя стаўкі былі нармальныя, хоць бы ніжэй за 10%, тады можна будзе гаварыць пра дэнамінацыю! Любая дэнамінацыя ўсё роўна прыводзіць да росту інфляцыі. Таму што кошты ў прынцыпе акругляюцца. Але на рынку, калі памятаеце апошнюю дэнамінацыю, таньнейшым нішто ня стала. Засталіся з тымі ж нулямі », — адзначыла тады Ермакова.

Ня выключана, што калі-небудзь дэнамінацыя будзе, калі ў нас моцна вырастуць прыбыткі і ў нашых гаманцах гэтыя купюры ўжо ня будуць зьмяшчацца. Сёньня пакуль і ў балянсе, і ў калькулятарах, і ў гаманцах усе нулі яшчэ зьмяшчаюцца", — сказала Ермакова.

Апошні раз дэнамінацыя беларускага рубля — у суадносінах 1:1.000 — праводзілася ў Беларусі 1 студзеня 2000 году. Тады Нацыянальны банк увёў у абарачэньне банкноты вартасьцю 1, 5, 10, 20, 50, 100, 500, 1000 і 5000 рублёў, а пазьней — 10 000, 20 000, 50 000 і 100 000 рублёў.

На працягу 2000 году паралельна хадзілі купюры старога і новага ўзору. 30 сьнежня 2003 году тэрмін абмену старых грошай выйшаў, нагадвае БелаПАН.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG