Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве патлумачылі чэргі на беларускай мяжы


Прэсавы сакратар мытнага дэпартамэнту Літвы Гінтара Віткаўскайце ў размове са «Свабодай» пацьвердзіла наяўнасьць аўтамабільных чэргаў на самым буйным памежным пераходзе паміж Літвой і Беларусьсю: «Каменны лог — Медзінінкай».

Аднак спадарыня Віткаўскайце ня лічыць, што ў гэтым вінаваты літоўскі бок. Яна таксама абвергла інфармацыю, што нібыта страйкуюць літоўскія мытнікі.

«Я гляджу, як працавалі мы 29 красавіка. За суткі ў Медзінінкаі праверылі 645 грузавых аўтамабіляў, якія накіроўваліся зь Беларусі ў Літву. І яшчэ — больш за 500 грузавікоў на выезд. Таксама прагледзелі 1200 легкавых аўто зь Беларусі. Так што пра які страйк можна казаць? Каб можна было параўнаць, адзначу: у дакумэнтах закладзеная наступная прапускная магутнасьць нашага пераходу ў суткі — па 500 грузавікоў з абодвух бакоў і па 900 легкавых», — заявіла Гінтара Віткаўскайце.

Чаму ж тады ўзьніклі чэргі? — пытаюся ў афіцыйнага прадстаўніка мытнага дэпартамэнту.

Віткаўскайце тлумачыць:

«Прычын тут некалькі. Мы заўважылі, што сярод грузавікоў шмат пустых. Яны едуць па паліва. А калі мы пытаемся ў вашых грамадзянаў, якія едуць на легкавых аўто, мэту паездкі, то ў адказ пераважна гучыць: шопінг. І яшчэ адна прычына, якая таксама моцна ўплывае на сытуацыю — на рамонт зачынены памежны пункт Паперняка на латвійска-беларускай мяжы».

На пытаньне «Свабоды», калі памежны пункт у Медзінінкаі здолее прывесьці сытуацыю да нормы, Гінтара Вітаўскайце адказала так:

«Мытня Літвы працуе вельмі напружана і вельмі стараецца, каб чэргі скончыліся. Дадаткова на пасту „Медзінінкай“ цяпер працуюць мабільныя групы. І мы павялічылі колькасьць мытнікаў, якія выходзяць на зьмену. Мы робім усё, што можам».

Паводле афіцыйнага прадстаўніка мытнага дэпартамэнту Літвы, у сераду-чацьвер сытуацыя на мяжы нармалізуецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG