Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне абмяркоўваюць адказ прэзыдэнта МФХ Рэнэ Фазэля на зварот нямецкіх парлямэнтароў адносна пераносу ЧС-2014 зь Беларусі ў іншую крану, маўляў, месца чэмпіянату застаецца бязь зьменаў, ён адбудзецца праз два гады ў Менску, бо «дыскрымінацыя любога сябра фэдэрацыі паводле палітычных, расавых ці рэлігійных матываў недапушчальная».

Як падае нямецкае радыё Deutschlandfunk, падобныя аргумэнты выказвае большасьць спартовых функцыянэраў МФХ. Яны кажуць, што не зьбіраюцца падпарадкоўвацца ціску з боку палітыкаў.

«Так, на бліжэйшым травеньскім Кангрэсе фэдэрацыі ў Хэльсынкі будзе чарговым разам абмяркоўвацца пытаньне правядзеньня чэмпіянату ў Беларусі, аднак мы не зьбіраемся мяняць наша рашэньне пад палітычным ціскам», прыводзіць Deutschlandfunk словы генэральнага сакратара МФХ Горста Ліхтнэра.

Паводле ягоных словаў, МФХ – аўтаномны ад палітыкі зьвяз, у кампэтэнцыі якога выключна арганізацыя спорту, а таму Кангрэс ня мусіць прымушаць сваіх сяброў падпарадкоўвацца партыйнай праграме нямецкіх зялёных або сацыял-дэмакратаў.

«Спорт мусіць аб’ядноўваць людзей, – кажа Горст Ліхтнэр. – І не ягоная здача крытыкаваць урады, або мяняць палітычных курс гэтых урадаў».

Як адзначаюць нямецкія аглядальнікі, шматлікія патрабаваньні байкатаваць спартовае сьвята ва ўмовах беларускай дыктатуры, якія цягам апошніх месяцаў выказваюцца міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі ды вядомымі прадстаўнікамі заходняй палітычнай клясы, былі высокімі спартовымі функцыянэрамі не пачутыя.

Паводле каардынатара ў пытаньнях спорту ад парлямэнцкай фракцыі зялёных Віёлы фон Краман, прыняўшы ў 2009 годзе рашэньне аб ЧС у Менску, МФХ увесь гэты час дэманструе поўнае ігнараваньне палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Аднак, лічыць нямецкая дэпутатка, палітыкі не павінны пакідаць сваіх намаганьняў:

«Наша патрабаваньне да ўраду, каб у межах сваіх магчымасьцяў ён усё ж паспрабаваў пераканаць МФХ адносна пераносу месца першынства».

Як лічыць дэпутатка Бундэстагу ад фракцыі сацыял-дэмакратаў Дагмар Фрайтаг, старшыня парлямэнцкай камісіі ў пытаньнях спорту, сам выбар фэдэрацыямі месца першынства ўжо ёсьць доказам цеснага супрацоўніцтва іх функцыянэраў з палітыкамі тых ці іншых краінаў.

«Калі абіраюць сталіцу міжнароднага турніру, заўсёды думаюць пра атрыманьне на месцах пэўных урадавых гарантыяў, напрыклад. Супрацоўніцтва па ўзгадненьні вельмі многіх момантаў у тэме спорт-палітыка бывае вельмі і вельмі цесным. Аднак чамусьці пытаньні правоў чалавека пры гэтым не ўзгадняюцца», кажа Дагмар Фрайтаг.

І справа ня толькі ў адной хакейнай фэдэрацыі. Нядаўна Міжнародны зьвяз веласпорту прыняў рашэньне аб правядзеньні ў Менску ЧС-2013 па велатрэку. Палітычная сытуацыя ў Беларусі ізноў была праігнараваная спартовымі функцыянэрамі. Тое ж самае тычыцца і дзеячоў эўрапейскай футбольнай фэдэрацыі, якія ігнаруюць становішча з правамі чалавека ва Ўкраіне.

Як мяркуе кёльнскі спартовы экспэрт, прафэсар Фолькэр Шурман, усё гэта больш і больш выклікае недавер да спартовых відовішчаў, якімі кіруюць спартовыя начальнікі, а таксама і да спорту ўвогуле.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG