Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У лякарнях Днепрапятроўска застаюцца 14 пацярпелых ад выбухаў


Жанчына, параненая выбухам у Днепрапятроўску

Жанчына, параненая выбухам у Днепрапятроўску

Сярод пацярпелых ад пятнічных выбухаў трое ў цяжкім стане, паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Украіна» начальнік упраўленьня аховы здароўя Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Валянціна Гінзбург.

Паводле яе слоў, учора былі выпісаныя 4 падлеткі зь дзіцячай абласной бальніцы.

«Стан выпісаных здавальняючы, яны настойвалі на вяртаньні дадому, але ў лякарнях застаюцца яшчэ 14 чалавек, трое ў цяжкім стане, 3-4 ступені цяжкасьці», – сказала яна.

Гінзбург адзначыла, што ў нядзелю раніцай адбыўся кансіліюм па трох цяжкіх пацярпелых, якім лекары карэктуюць схему лекаваньня.

Разам з тым, яна запэўніла, што ўсе пацярпелыя, якія ўжо выпісаныя, знаходзяцца пад назіраньнем лекараў амбуляторыі па месцы жыхарства.

«Мною падпісана распараджэньне, і кожны чалавек, выпісаны зь лякарні, назіраецца лекарам па месцы жыхарства», – дадала яна.

Як паведамлялася, 27 красавіка ў Днепрапятроўску прагрымелі 4 выбухі, у выніку, паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя, пацярпелі 30 чалавек, 26 зь іх былі шпіталізаваныя, чатырох неўзабаве выпісалі. Увечары ў суботу ў бальніцах Днепрапятроўска заставаліся 18 пацыентаў, якія пацярпелі ад выбухаў у пятніцу.
XS
SM
MD
LG