Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хто ўзарваў мэтро? XLIV. Адвакаты


Адвакаты Дзьмітрый Лепрэтар і Станіслаў Абразей

Адвакаты Дзьмітрый Лепрэтар і Станіслаў Абразей

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

З назіраньняў за судовым працэсам


Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.

Ужо 17 гадоў з расчараваньнем назіраю за тым, як мізарнее роля адвакатаў у беларускіх судах. Цяпер пэўна магу сказаць, што яна ператварылася фактычна ў дэкаратыўную — ва ўсякім разе, у палітычных працэсах і пры разглядзе адміністрацыйных спраў адносна грамадзкіх актывістаў. (Але беларускія ўлады, як вядзецца, наяўнасьць палітычных працэсаў у Беларусі адмаўляюць). Між тым не магу згадаць ніводнай гучнай справы, дзе б суд прыслухаўся да аргумэнтаў адвакатаў і стаў на бок абароны, а не дзяржаўнага абвінавачаньня.

Быў, праўда, у сакавіку 2011 году адзін працэс у Менскім гарадзкім судзе, які адмяніў рашэньне Першамайскага раённага, і ўрэшце палітвязень ня проста выйшаў на волю, а быў апраўданы. Але гэта, відаць, нейкае дзіўнае супадзеньне зорак на беларускім небе — інакш не магу патлумачыць. Ня скажаш жа, што ўладам, якія насамрэч вызначаюць прысуды апазыцыянэрам, стала сорамна, або што яны вырашылі разбавіць татальныя абвінаваўчыя выракі ўдзельнікам Плошчы адзіным апраўдальным прысудам былому прадпрымальніку, які вырашыў заняцца палітыкай. Не называю шчасьліўца, каб не нашкодзіць ягонаму адвакату, не дражніць, як кажуць, гусей.

Гэта красамоўны паказчык сытуацыі ў судовай сыстэме: беларускія адвакаты, якія абараняюць «палітычных», катэгарычна супраць згадваньня іхніх імёнаў. Зазірніце ў рэпартажы беларускіх журналістаў з палітычных спраў, нават адміністрацыйных, ад пачатку 2012 году — прозьвішчы адвакатаў адтуль зьніклі! Для мяне гэта азначае зьнікненьне самой прафэсіі, калі яе прадстаўнікі баяцца сябе называць.

2011–2012 гады сталі катастрафічнымі для адвакацкага корпусу і самога інстытуту адвакатуры ў Беларусі. Гісторыя з адстаўкай Аляксандра Пыльчанкі з пасады кіраўніка Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў паказала, наколькі бяспраўны і несамастойны ў рэальнасьці інстытут адвакатуры, які даўно ня быў незалежны ад дзяржавы, а цяпер страціў яшчэ і рэшткі здаровай карпаратыўнасьці і самапавагі.

Тое, што пазбавілі адвакацкіх ліцэнзіяў Паўла Сапелку, Тамару Сідарэнку, Дзьмітрыя Варвашэвіча (сьпіс можна працягнуць) — на маю думку, яўны вынік таго, што яны адважыліся бараніць палітвязьняў, прычым самых небясьпечных для ўладаў — былых кандыдатаў на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава і Ўладзімера Някляева. Да таго ж рабілі сваю справу якасна, сумленна і нават самаахвярна. Канечне, у выдаленьні кожнага з гэтых адвакатаў з калегіі была свая «зачэпка», свой падтэкст, але аб’яднала іх усё ж палітыка.

Красамоўны паказчык сытуацыі ў судовай сыстэме: беларускія адвакаты, якія абараняюць «палітычных», катэгарычна супраць згадваньня іхніх імёнаў

Тут я кажу пра зьяву шырэйшую, чым толькі справы апазыцыянэраў, абараняць якіх небясьпечна і для саміх адвакатаў. Рызыкоўнай можа стаць і справа, быццам бы не зьвязаная з апазыцыяй, калі ў ёй сыходзяцца інтарэсы клянаў унутры ўлады, якія варагуюць міжсобку. Згадайма справу сьледчай рэспубліканскай пракуратуры Сьвятланы Байковай, якая спрабавала «капаць» супроць КДБ і ў выніку сама трапіла ў турму КДБ — «амэрыканку». Абаронца Байковай, вядомы адвакат Міхаіл Воўчак таксама мусіў сысьці з адвакатуры пасьля таго, як «наверсе» палічылі, што адвакат занадта актыўна яе абараняе. Такія сур’ёзныя страты найлепшых адмыслоўцаў і маральных аўтарытэтаў адвакацкага корпусу, пэўна, кампэнсаваць у блізкім часе будзе немагчыма.

Яшчэ адным магутным ударам па інстытуце адвакатуры сталі драконаўскія абмежаваньні ў кантактаваньні адвакатаў з прадстаўнікамі мэдыяў. З пачатку 2012 году адвакатам забаранілі без дазволу кіраўніцтва калегіі даваць нават кароткія інтэрвію, камэнтаваць справы па меры іх разгляду ў судзе, ня кажучы ўжо пра ацэнкі хібаў сьледзтва, якое абвешчана суцэльнай таямніцай. Гэткая ж забарона распаўсюджваецца і на кантакты з кліентамі, якіх ужо асудзілі. Ня тое што журналістам — нават сваякам вязьняў рэальна паведаміць нічога, акрамя «здаровы — хворы», немагчыма. Што да ўмоваў утрыманьня ў турме, адносінаў з адміністрацыяй — пра гэта адвакату палітычнага вязьня не дазваляюць гаварыць з падабаронным проста пад пагрозай спыненьня сустрэчы.

Такім чынам, вось што мы маем на канец 2011-га — пачатак 2012 году: рэальна ўплываць на тое, каб прысуды выносіліся законныя, адвакаты ня могуць, бо іхнія хадайніцтвы па сутнасьці справы суцэльна ігнаруюцца, спрэчкі абаронцаў з абвінавачаньнем ператварыліся ў фармальнасьць, права паведамляць грамадзтву пра тое, што адбываецца «за плотам», расказваць праўду пра сьледзтва і суды іх рэальна пазбавілі шматлікімі службовымі інструкцыямі. Засталася толькі адна публічная функцыя — выказвацца падчас судовых спрэчак у разьліку на тое, што суду і пракурорам стане сорамна за пагарду да закону ды што пачуюць некалькі праваабаронцаў і журналістаў, якія, магчыма, данясуць думку адваката да грамадзтва. Канечне, ва ўмовах таталітарнага ладу, які цяпер пануе ў Беларусі, і гэта нямала, бо патрабуе выключнай мужнасьці і самаадданасьці. І такія адвакаты ў Беларусі ня зьніклі.

Вось гэтак у верасьні 2011 году, калі пачынаўся працэс над меркаванымі тэрарыстамі, дзіўна было ўжо тое, што знайшліся абаронцы, якія ўзяліся за гэтую гучную справу. Найперш я пра абаронцу Ўладзіслава Кавалёва, адваката Станіслава Абразея. Паводле дасьведчанай крыніцы, Любоў Кавалёва выслухала шмат адмоваў, у Віцебску яна так і не знайшла абаронцы для сына. Пасьля перамоваў пагадзіўся менскі адвакат Станіслаў Абразей. Што да Дзьмітрыя Лепрэтара, абаронцы Дзьмітрыя Канавалава, той быў у працэс прызначаны.

Што да Дзьмітрыя Лепрэтара... калі параўноўваць з працай калегі: яна не была такой крытычнай да сьледзтва, як праца Станіслава Абразея

На маю думку, гэта адбілася на ягонай працы, калі параўноўваць яе з працай калегі: яна не была такой крытычнай да сьледзтва, як праца Станіслава Абразея. Праўда, падабаронны Дзьмітрыя Лепрэтара прызнаў сваю віну ў асноўных эпізодах справы і гэтым значна звузіў магчымасьці свайго абаронцы. Але, як на мой погляд, ягоны адвакат таксама працаваў не дарэмна, а ў судовых спрэчках быў ня горшы за свайго калегу.

Адносіны з журналістамі ў абаронцаў на працэсе ня склаліся. Ужо ў першы судовы дзень адвакаты рашуча спынілі ўсе нашы спробы дамовіцца наконт інтэрвію і камэнтароў. «Пакуль працэс ня скончыўся — нічога», — сказалі абодва абаронцы і з таго часу літаральна абміналі прадстаўнікоў прэсы. Спачатку падалося, што гэта таму, што, маўляў, усё роўна вырак суду запраграмаваны, і «сьвяціцца ў мэдыях» — толькі сабе шкодзіць. Але паступова такое ўражаньне ўсё ж пачало зьнікаць. Асьцярожна, а потым усё больш настойліва адвакаты пачалі атакі на пазыцыі сьледзтва. Спробы суду нэўтралізаваць гэты наступ (як на мяне, яны сапраўды былі) абаронцаў не напалохалі. Ва ўсякім разе, Станіслава Абразея ня сьцішыла нават атрыманая ад старшыні публічная заўвага. Да перапалак з прадстаўнікамі абвінавачаньня ў яго не даходзіла, але было відаць, што ён сьвядома сябе стрымлівае. Да судовых спрэчак бакі падышлі ў стане «халоднай вайны» — што, збольшага, нармальна, калі б толькі трэці бок захаваў пазыцыю «над схваткай».

Паводле наступных зьвестак аб працэсе можна меркаваць пра актыўнасьць адвакатаў. Гэтыя вытрымкі таксама перадаюць напружанасьць перадапошняга дня судовага паседжаньня.

(Аднак спачатку зраблю адну заўвагу на адрас адвакатаў, прынамсі аднаго зь іх. У заканадаўстве некаторых эўрапейскіх краін прадугледжаная адказнасьць адваката ў тым выпадку, калі прапанаваная ім лінія абароны прывяла да пагаршэньня становішча падабароннага. Тут я не заклікаю да ўвядзеньня такой адказнасьці ў Беларусі, але нагадваю пра маральны абавязак абаронцы кіравацца, як таму лекару, прынцыпам «не нашкодзь». Мяркую, калі гэта адвакат пераканаў Уладзіслава Кавалёва адмовіцца на судзе ад паказаньняў, то ён, пралічваючы наступствы, памыліўся. Перакананы, што ў цяперашняй Беларусі адзін чалавек прымае рашэньні адносна прысудаў на такіх працэсах, і гэты чалавек ніколі б не дараваў таго, што адбылося. На маю думку, у Кавалёва быў шанец нават пры цяперашняй судовай сыстэме атрымаць пажыцьцёвае зьняволеньне, але гэты шанец ён страціў яшчэ на працэсе.)

З падборкі на сайце «Эўрарадыё»


27 верасьня адвакат Кавалёва Станіслаў Абразей зьвярнуўся з хадайніцтвам адносна наведваньняў абвінавачаных супрацоўнікамі КДБ, паведамляе БелаПАН. Адвакат хоча атрымаць журнал наведваньняў абвінавачаных падчас іх знаходжаньня ў СІЗА КДБ і на абсьледаваньні ў Цэнтры псыхічнага здароўя ў Навінках. На гэта судзьдзя Аляксандар Федарцоў сказаў, што ў суду ёсьць тры дні на разгляд гэтага хадайніцтва. Варта адзначыць, што раней на судовым працэсе Кавалёў заяўляў, што і ў СІЗА КДБ, і ў псыхіятрычнай лякарні яго дапытвалі без пратаколу і без адваката.

12 кастрычніка. Абарона знайшла разыходжаньні ў матэрыялах справы Канавалава і Кавалёва. З хадайніцтвам выступіў адвакат Станіслаў Абразей. Гаворка ідзе пра матэрыялы, якія тычацца супастаўнасьці асобы і вопраткі Дзьмітрыя Канавалава з падазраваным, якога зафіксавалі камэры відэаназіраньня ў мэтро. У прыватнасьці, былі прадэманстраваныя стоп-кадры, зьнятыя 11 красавіка на станцыі «Фрунзенская», і сьледчага экспэрымэнту з Канавалавым на той жа станцыі. На першым стоп-кадры — чалавек з торбай у чорнай вопратцы, на другім — Канавалаў з торбай таксама ў вопратцы чорнага колеру. Адвакат зьвярнуў увагу суду на тое, што на першым стоп-кадры куртка на падазроным шчыльна абліпае цела, а на другім стоп-кадры відаць, што куртка, у якую апрануты Канавалаў, яму завялікая. Пры гэтым падчас сьледчага экспэрымэнту Канавалаў быў апрануты ў куртку, вынятую ў яго пасьля затрыманьня.





13 кастрычніка на судзе стала вядома, што за падпал шапіка, у чым вінавацяць Канавалава, ужо асудзілі двух чалавек. (На гэты эпізод настойліва зьвяртала ўвагу суду абарона. — А.Г.) Пра гэта гаворыцца ў пратаколе допыту Ўладзіслава Кавалёва, які агучылі ў сераду. Пры расьсьледаваньні справы аб тэракце той прысуд быў адменены, перадае tut.by.

19 кастрычніка. Суд адхіліў хадайніцтва адваката Станіслава Абразея аб зьмяненьні меры стрыманьня яго падабароннаму Ўладзіславу Кавалёву, які праходзіць у якасьці абвінавачанага па справе аб выбухах у Менску і Віцебску, перадае БЕЛТА. У тлумачэньні суду, у прыватнасьці, сказана: «Хадайніцтва не падлягае задавальненьню, бо Кавалёў абвінавачваецца ў цяжкім злачынстве і ў саўдзеле ў асабліва цяжкім». Гэта ўжо другое падобнае хадайніцтва на працягу працэсу.

20 кастрычніка на судзе па справе аб выбухах у Менску і Віцебску было зноў заяўлена хадайніцтва аб вызваленьні Ўладзіслава Кавалёва з-пад варты, паведамляе БЕЛТА. Суд, разгледзеўшы гэтае хадайніцтва, пастанавіў яго не задавальняць. Раней адвакат Уладзіслава Кавалёва — Станіслаў Абразей — ужо двойчы падаваў падобныя хадайніцтвы.

25 кастрычніка. Адвакат падсуднага Ўладзіслава Кавалёва Станіслаў Абразей заявіў яшчэ адно хадайніцтва. Абаронца просіць суд зрабіць запыт у мэтрапалітэн наконт паказаньняў аднаго з пацярпелых. Гэты чалавек бачыў 10 кастрычніка, за дзень да тэракту, як супрацоўнікі праводзілі нейкія рамонтныя працы каля эскалятара. Праўда, ён дакладна не сказаў, дзе гэта было — на «Кастрычніцкай» ці на «Купалаўскай». Суд паабяцаў разгледзець хадайніцтва цягам трох дзён, перадае БЕЛТА.

28 кастрычніка суд адмовіў у хадайніцтве адвакату Кавалёва Станіславу Абразею, які раней зьвяртаўся з просьбай дапытаць у якасьці сьведак чатырох рабочых, якія праводзілі рамонтныя працы на станцыях «Кастрычніцкая» і «Купалаўская» незадоўга да выбуху, паведамляе Інтэрфакс.

1 лістапада. Выбухоўку ў 2008 годзе маглі рабіць розныя людзі. Гэта вынікае зь сёньняшняга выступу экспэрта на судзе па выбухах. Як перадае БЕЛТА, гэта эксперт-выбухатэхнік Дзяржаўнага экспэртна-крыміналістычнага цэнтру МУС. Паводле ягоных слоў, прыстасаваньне, якое не разарвалася ў 2008 годзе, было зроблена вельмі акуратна. Прылада, якая разарвалася, была зробленая больш нядбала, кажа ён. Пайка ацалелых правадоў у прыстасаваньні, якое выбухнула, адрозьніваецца ад пайкі ў другой бомбе, дзе гэта было больш нядбала. Па словах экспэрта, аднак, немагчыма сьцьвярджаць, розныя людзі рабілі гэтыя бомбы ці адзін і той самы. Аднак ён нагадаў, што іншая экспэртыза паказала: для зборкі абедзьвюх бомбаў у 2008 годзе выкарыстоўвалася адна і тая ж шпуля ізаляцыйнай стужкі.





Адвакат Дзьмітрый Лепрэтар зьвярнуў увагу на несупадзеньні паміж экспэртызамі прыладаў 2008 году і тым, што паказаў Дзмітрый Канавалаў на сьледчым экспэрымэнце. На гэта экспэрт заявіў: гэта можна патлумачыць тым, што пасьля выбуху прайшло шмат часу і Канавалаў забыўся на дэталі.

2 лістапада адвакат абвінавачанага Кавалёва Станіслаў Абразей прасіў выклікаць Канстанціна Зайцава. Яго адбіткі пальцаў былі зафіксаваныя на самаробным выбуховым прыстасаваньні 2008 году. Зайцаў — інжынэр-піратэхнік спэцпадразьдзяленьня «Алмаз», ён абясшкоджваў знойдзеную прыладу 3 ліпеня 2008 году. Суд адзначыў, што Зайцаў цяпер у камандзіроўцы, і прызнаў гэтую прычыну паважнай.

3 лістапада суд не задаволіў хадайніцтва адваката Дзьмітрыя Лепрэтара, які абараняе Дзьмітрыя Канавалава. Адвакат прасіў прызначыць выбуховатэхнічную экспэртызу па раньніх віцебскіх эпізодах — да 2004 году, перадае БЕЛТА. Па словах судзьдзі, суд ня мае складовых частак адпаведных выбуховых прыстасаваньняў.



Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Частка 2

Экспэрымэнт, якога не было

Чаму няма ключавога відэа зь менскага вакзалу?

Іван Шыла пра Канавалава: «Ён мог зрабіць гэты выбух»

Чытач: «Асноўнае відэа — высокапрафэсійная падробка»

Адбіткі пальцаў і біялягічнае рэчыва

Працяг дзіўнага экспэрымэнту

Хто са сьведак пэўна апазнаў Канавалава?

Ахоўнікі

Тэрарыст адзін, бомбы дзьве?

Усё ж: «пілі» ці «білі»?

Лішнія пальцы і сім-картка

Дзіўная спрэчка ў Навінках

Навошта спатрэбіўся дэтэктар хлусьні?

Змывы з твару, рук і адзеньня, сьляды выбухоўкі ў падвале

«Дыплёмны праект» экспэрта Клімовіча «Дыплёмны праект» экспэрта Клімовіча


Частка 1

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

З допыту Кавалёва ад 29 красавіка

Лёс рэчавых доказаў

Сумнеўныя абставіны і доказы, якія выклікаюць недавер

Пацярпелыя і публіка

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG