Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па дадзеных Белстату, за тры першыя месяцы гэтага году колькасьць разводаў склала 875 на 1000 шлюбаў. Для параўнаньня ў мінулым годзе беларусы ў гэты час таксама ахвотна разводзіліся: 670 разводаў на 1000 шлюбаў.

З 1 красавіка мінімальная базавая велічыня, ад якой залежаць судовыя пошліны, узьнялася ў тры разы. І шмат хто з беларусаў пасьпяшаўся вырашыць свае жыцьцёвыя праблемы раней. Аднак тых, хто жадаў уступіць у шлюб, стала на 20 працэнтаў меней у параўнаньні з 2011 годам.

Беларусь і без таго у сусьветных лідэрах па колькасьці разводаў. Сярэднеэўрапэйскі паказчык разводаў складае 2,1, а ў Беларусі за мінулы год ён быў 4,1. Некаторыя рэсурсы, як напрыклад divorce.com, куды зьбіраюцца ўсе, хто хоча скасаваць шлюб альбо ўжо зрабіў гэта, ужо выставілі Беларусь на першае месца.

Рэдактар інтэрнэт-парталу «Царква» Наталка Васілевіч, камэнтуючы статыстычныя дадзеныя, зьвярнула ўвагу на тое, што ў гэты час беларусы ня вельмі ахвотна бяруць шлюб. Сакавік — гэта пэрыяд Вялікага посту. А вось разводы не залежаць ад такіх акалічнасьцяў.

Сямейны псыхоляг Сьвятлана Дзядова кажа, што сёньняшнія беларусы лёгка ставяцца да шлюбу: «не спадабалася машына — набуду новую, не спадабалася сукенка — будзе новая, не спадабаўся партнэр па шлюбу — можна пачаць усё спачатку».

Сярод найбольш распаўсюджаных прычынаў распаду сем’яў Сьвятлана Дзядова называе пазашлюбныя адносіны, а таксама гвалт і прыніжэньне ў сям’і. Але часта людзі самі не жадаюць захоўваць стасункі:

«Людзі замест таго, каб шукаць агульнае, пачынаюць аддзяляцца адзін ад аднаго. Няма сем’яў, якія не канфліктуюць. Але галоўнае пытаньне ў тым, ці зможаш ты знайсьці выхад і прыйсьці да добрых адносінаў. Сыход ад канфліктаў, нежаданьне нешта высьветліць, страх гэтага, разводзіць людзей у розныя бакі. Але ня могуць сустрэцца два чалавекі, якія маюць зусім аднолькавы погляд і ніколі ня сварацца».

Натальля Васілевіч выказвае думку, што могуць распадацца тыя шлюбы, якія былі «стымуляваныя дзяржавай»: «Людзі пагаджаліся на шлюб, нараджалі трэцяе дзіця і атрымлівалі ільготныя крэдыты. Такім чынам яны проста ўладкоўвалі сваё жыцьцё, не прымаючы рашэньне з асабістых акалічнасьцяў. Магчыма, гэтыя шлюбы пачалі распадацца».

Сьвятлана Дзядова зьвяртае ўвагу на тое, што пры разводах найбольш пакутуюць дзеці.

«Бывае, што развод лепей, чым жыць разам. Але ў разводзе самае цяжкае — тое, што дзіця ўцягваецца ў дарослыя адносіны. Дзіця выкарыстоўваюць на сваю карысьць: „твой тата дрэнны, твая мама такая-сякая“. Гэта хутчэй крыўда на свайго былога мужа ці жонку, і яна пераносіцца на дзіця. Дзіцяці і так складана, бо яно лічыць сябе вінаватым. Нават тыя спрэчкі, якія ідуць перад разводам, яны вельмі цяжка кранаюць дзіця. Бацька і маці найбольш сварацца пра дзіця: „ты зрабіў тое ня так, ты зрабіла гэта ня так“. Таму ў дзіця заўжды вялікае пачуцьцё віны пры разводзе».

Камэнтуючы агульную тэндэнцыю да павелічэньня колькасьці разводаў і пераасэнсваньня сямейных каштоўнасьцяў беларусамі, Натальля Васілевіч кажа так:

Натальля Васілевіч

Натальля Васілевіч

«І ўнутры царквы назіраецца памяншэньне колькасьці тых людзей, якія бяруць царкоўны шлюб. Гэта з аднаго боку. А зь іншага боку, ёсьць вялікая колькасьць тых, хто зьвяртаецца за царкоўным разводам, які, у першую чаргу, патрэбны, каб заключыць другі шлюб. Як такога царкоўнага разводу няма ў праваслаўнай царкве. Часта людзі называюць гэта „разьвянчаньнем“, але такой зьявы няма, ёсьць дазвол. Часта кажуць, што калі вы хочаце атрымаць развод, то трэба ісьці на вуліцу Вызваленьня, там эпархія знаходзіцца, — вызваленьня ад абавязкаў, якія чалавек на сябе бярэ, заключаючы шлюб. Там ёсьць адмысловыя „разводныя“ дні. Практычна ніколі не адмаўляюць.

Нягледзячы на тое, што ў царкоўнай рыторыцы сямейныя каштоўнасьці займаюць пераважнае значэньне, сама царква не паказвае прыкладу для грамадзтва. У царкве таксама высокая колькасьць разводаў. Разводзяцца людзі царкоўныя. Разводзяцца людзі шматдзетныя. Ніякай гарантыі не дае заключэньне царкоўнага шлюбу ад разводу.

Мне здаецца, што менавіта выхаваньне адказнасьці чалавека ва ўсіх сфэрах ягонага жыцьця прыводзіць да таго, што і ў сам шлюб чалавек уступае ў больш сьвядомым стане, разумеючы, што ён перш за ўсё бярэ на сябе адказнасьць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG