Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск на мінулым тыдні вярнуліся практычна ўсе амбасадары эўрапейскіх краін. Ці азначае гэта, што паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем аднавіўся дыялёг? Чаму маўчаць амбасадары?

Амбасадары практычна ўсіх эўрапейскіх краін, якія выехалі зь Беларусі у свае сталіцы для кансультацыяў, вярнуліся ў Менск. Таксама прыехалі амбасадар Польшчы Лешак Шарэпка і кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора, якім афіцыйны Менск прапанаваў выехаць для кансультацый пасьля чарговага пашырэньня санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі 28 лютага. Пасьля вызваленьня палітвязьняў Андрэя Саньнікава і Зьмітра Бандарэнкі паслы пачалі вяртацца. Аднак ад камэнтароў дыпляматы адмаўляюцца. Амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, якія прыбыў у Менск сярод першых 25 красавіка, сказаў:

«Зразумейце нас, мы не камэнтуем. Мы вярнуліся, так, пацьвярджаем. Я на месцы працую. Але камэнтароў няма, я прашу прабачэньня».

Паводле палітоляга Дзяніса Мельянцова, пакуль цяжка казаць пра нейкі дыялёг паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем. Ён мяркуе, што адбыўся адкат сытуацыі да 28 лютага, калі «дыпстасункі былі больш-менш ў норме, але не назіраўся нейкі дыялёг».

Дзяніс Мельянцоў

Дзяніс Мельянцоў

«Цяпер можна сказаць, што дыпляматычны крызыс скончыўся тым, што Менск прадэманстраваў, што гатовы ісьці на размарозку працэсу, на пачатак вызваленьня палітвязьняў. І гатоў быў прыняць назад амбасадараў, якіх папрасілі выехаць. Можна сказаць,што пазытыўны трэнд намеціўся. Але зараз ЭЗ чакае далейшага разгортваньня гэтага працэсу. То бок зараз ад Менску залежыць, будуць далей паляпшацца стасункі з ЭЗ ці не. І натуральна,што самым галоўным чыньнікам вось гэтага паляпшэньня будзе працяг працэсу вызваленьня палітычных зьняволеных. У Брусэлі вельмі жорстка настроены на тое, каб не распачынаць дыялёг на вышэйшым узроўні, наўпрост Лукашэнкі і вышэйшых чыноўнікаў, калі ня будуць вызваленыя палітычныя зьняволеныя. То бок цяпер мяч зноў на баку афіцыйнага Менску, а Брусэль будзе чакаць далей, што будзе адбывацца».

На вяртаньне эўрапейскіх амбасадараў адрэагаваў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў, які лічыць непрадуктыўнымі санкцыі супраць Беларусі. Маўляў, «у выпадку зь Беларусьсю не спрацуе ціск». Палітоляг Юры Чавусаў адзначае, што такія заявы лягічныя, бо пазыцыя Расеі палягае ў падтрымцы дзейнага рэжыму ў Беларусі.

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

«Што да таго працэсу перамоваў, які нібыта распачынаецца паміж Менскам і Брусэлем, то верагодна, большая частка гэтых перамоваў палягае ў не публічнай сфэры. І магчыма, што роля Расеі як зацікаўленага боку па гэтай праблеме ўдзельнікамі перамоваў не ўлічваецца. І адпаведна такія заявы пакліканыя ня толькі на тое, каб выказаць пазыцыю, але і заявіць пра ўласны інтарэс у гэтых перамовах па беларускай праблеме. Расея зацікаўленая ў тым, каб паляпшэньне стасункаў паміж Менскам і ЭЗ сталася вынікам уціску на беларускі бок праз Маскву».

Паводле Чавусава, доўгатэрміновы канфлікт паміж Брусэлем і Менскам яшчэ ня вырашаны, але сам шлях узаемных саступак сьведчыць пра пачатак яго вырашэньня. Ён мяркуе, што наступны крок на баку афіцыйнага Менску. Але чаму маўчаць амбасадары?

«У нас быў досьвед спробы беларуска-эўрапейскага замірэньня ў мінулым годзе, калі таксама адбывалася вызваленьне палітвязьняў. Сутнасьць у тым, каб залішняй публічнасьцю не сапсаваць умовы дасягнутага фармату перамоваў. І таму я скэптычна стаўлюся да гучных заяваў Лукашэнкі, бо беларускі бок проста хоча захаваць твар. А маўчаньне амбасадараў дазваляе беларускаму боку гэты твар захаваць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG