Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія лекары: Цімашэнка — не сымулянтка


Лекары бэрлінскай клінікі Шарытэ, якія абсьледавалі былога прэм’ер-міністра Ўкраіны Юлію Цімашэнку ў месцах пазбаўленьня волі, правялі ў пятніцу прэс-канфэрэнцыю, на якой паведамілі аб выніках абсьледаваньня. Іх дыягназ — хранічная грыжа міжпазваночнага дыску.

Лекары канстатавалі, што сымуляцыя сымптомаў з боку Цімашэнкі — выключаная, і заявілі аб тым, што яе пасьпяховае лячэньне немагчыма ва Ўкраіне, дзе клінікі не валодаюць неабходным абсталяваньнем і мэтадамі.

Лекары заявілі таксама, што настойваюць на прадастаўленьні Юліі Цімашэнцы магчымасьці лячэньня ў бэрлінскай клініцы, і гатовыя ёй дапамагчы. Старшыня праўленьня клінікі Карл Макс Айнхойпль сказаў на прэс-канфэрэнцыі: «Мы адчуваем сваю адказнасьць за здароўе Юліі Цімашэнкі, якую пасьля абсьледаваньня мы ўспрымаем як сваю пацыентку. Эскаляцыя падзей вакол яе і галадоўка, якую яна праводзіць ужо некалькі дзён, уплываюць на стан здароўя спадарыні Цімашэнкі і выклікаюць неабходнасьць у новым абсьледаваньні, якое будзе праведзена намі бліжэйшым часам».

Адказваючы на пытаньні журналістаў Карл Макс Айнхойпль сказаў, што ацэньвае магчымасьць дазволу Цімашэнцы выехаць на лячэньне ў Нямеччыну, як малаверагодную. Тым ня менш ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча з заклікам: «Будзьце прэзыдэнтам, прыхільным гуманным каштоўнасьцям і дазвольце спадарыні Цімашэнцы выехаць на лячэньне ў Эўропу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG