Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пратэстоўцы скінулі ўрад Румыніі. Чэскі ўрад утрымаўся


Міхай Унгурану

Міхай Унгурану

Прэзыдэнт Румыніі Траян Басэску сёньня прызначыў новым прэм’ер-міністрам старшыню Сацыял-дэмакратычнай партыі 40-гадовага Віктара Понтэ.

Раней у пятніцу парлямэнт Румыніі вынес вотум недаверу ўраду Міхая Ўнгурану. Рашэньне падтрымалі 235 дэпутатаў — на 4 больш, чым патрабавалася. Правацэнтрыскі кабінэт Унгурану быў сфармаваны ўсяго два месяцы таму — пасьля адстаўкі Эміля Бока, які сышоў са сваёй пасады на фоне пратэстаў супраць жорсткіх антыкрызысных захадаў.

Вотум даверу да ўраду пад уплывам вулічных пратэстаў праходзіў сёньня таксама ў парлямэнце Чэхіі. Чэскі ўрад, аднак, пазьбег адстаўкі. З прысутных на пасяджэньні 198 дэпутатаў 105 прагаласавалі за працяг працы цяперашняга складу ўраду, супраць — 93.

Ініцыятарам галасаваньня стаў сам чэскі прэм’ер Пэтр Нэчас — пасьля расколу ў адной з партый кіроўнай кааліцыі і масавых вулічных пратэстаў супраць антыкрызысных захадаў.

У мінулую суботу каля 90 тысяч чэскіх грамадзян выйшлі на вуліцы, пратэстуючы супраць рашэньняў па жорсткай эканоміі бюджэтных сродкаў. Суботнія пратэсты былі сярод найбуйнейшых антыўрадавых выступаў у краіне пасьля падзеньня камуністычнага рэжыму ў 1989 годзе.
XS
SM
MD
LG